01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36
36 I дабліжыліся галавы айцоў радзімы сыноў Ґілеада, сына Махіровага, сына Манасавага з радзімаў сыноў Язэпавых, і гукалі перад Масеям а перад князьмі, галавамі айцоў сыноў Ізраелявых, 2 I сказалі: „Спадару майму СПАДАР расказаў даць зямлюспадак жэрабям сыном Ізраелявым, і спадару майму расказаў СПАДАР даць спадак Салпагада, брата нашага, дачкам ягоным. 3 Калі ж яны будуць жонкамі якімсь із сыноў плямёнаў сыноў Ізраелявых, дык спадак паменшыцца ад спадку айцоў нашых і дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і паменшыцца ад адзяржанага жэрабям спадку нашага. 4 I як будуць у сыноў Ізраелявых пяцьдзясятыя ўгодкі, і тады спадак іхны дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і ад спадку плямені айцоў нашых адыймецца спадак іхны". 5 I расказаў Масей сыном Iзраелявым, подле слова СПАДАРОВАГА, і сказаў: „Добра кажа плямя сыноў Язэпавых. 6 Во слова, каторае расказаў СПАДАР праз Салпагадзянкі, кажучы: ,Каго ўпадабаюць вочы іхныя, тых яны могуць быць жонкамі, адылі маюць быць жонкамі ў радзіме плямені айцоў сваіх, 7 Каб не пераходзіў спадак сыноў Ізраелявых з плямені да плямені, бо кажны чалавек сыноў Ізраелявых хай ліпне да спадку плямені айцоў сваіх. 8 I кажная дачка, каторай спадае спадак із плямені сыноў Ізраелявых, то толькі мае з дому плямені айца свайго быць жонкаю, каб сыном Ізраелявым кажнаму спадаў спадак айцоў іхных, 9 I каб не пераходзіў спадак із плямені да плямені іншага; бо кажнае з плямені сыноў Ізраелявых мае ліпці да спадку свайго'. " 10 Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі Салпагадзянкі. 11 I вышлі Салпагадзянкі Магла, Тырца, Гоґла, Мілка а Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх. 12 I ў радзіме сыноў Манаса Язэпенка яны былі жонкамі, і быў спадак іхны ў плямені радзімы айца іхнага. 13 Гэта ё расказаньні а суды, каторыя расказаў СПАДАР Масеям сыном Ізраелявым на раўнінах Моаўскіх, ля Ёрдану, супроці Ерыхону. |