01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 – 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36
20 I прышлі сынове Ізраелявы, уся грамада, на пустыню Цын першага месяца, і прабываў люд у Кадэшу, і памерла там Мірыям, і пахавана там.
2 I ня было вады грамадзе, і зьберліся яны супроці Масея а Аарона; 3 I сьперачаўся люд із Масеям, і сказаў: „О, калі б сканалі тады й мы, як сканалі браты нашыя перад СПАДАРОМ! 4 I нашто вы прывялі грамаду СПАДАРОВУ на гэту пустыню, каб памерці там нам і статку нашаму? 5 I чаму ўзьвялі нас ізь Ягіпту, каб прывесьці нас на гэта благое месца? гэта ня месца сеяць, ані фіґаў, ані вінных ягадаў, ані гранатовых яблыкаў, ані вады піць?" 6 I прышоў Масей а Аарон ад люду да ўходу будану збору, і палі на віды свае, і зьявілася ім слава СПАДАРОВА.
7 I гукаў СПАДАР Масею, кажучы: 8 „Вазьмі посах і зьбяры збор, ты а Аарон, брат твой, і кажыце скале на ачох іх, і яна дасьць воды свае: і ты вывядзеш ім ваду із скалы, і дасі піць грамадзе, і напоіш статак ейны". 9 I ўзяў Масей посах ад віду СПАДАРОВАГА, як Ён расказаў яму. 10 I зьберлі Масей а Аарон грамаду перад скалаю, і ён сказаў ім: „Паслухайце ж, бунтаўнікі, ціж із гэтае скалы імне вывесьці вам ваду?" 11 I падняў Масей руку сваю, і ўдырыў у скалу посахам сваім двойчы, і вышла шмат вады, і піла грамада й статак ейны.
12 I казаў СПАДАР Масею а Аарону: ,,3а тое, што вы не паверылі Імне, каб усьвяціць Мяне на ачох сыноў Ізраелявых, затым не ўвядзіце вы люду гэтага ў зямлю, каторую Я даў яму". 13 Гэта воды Мерывы, ля каторых сварыліся сынове Ізраелявы із СПАДАРОМ, і Ён усьвяціўся імі.
14 I паслаў Масей паслоў з Кадэшу да караля Едомскага, сказаць: „Гэтак кажа брат твой Ізраель: Іы ведаеш усі цяжкасьці, каторыя стрэлі нас. 16 I зышлі айцове нашы да Ягіпту, і мы жылі ў Ягіпце шмат часу, і Ягіпцяне ліха дзеялі нам і бацьком нашым. 16 I гукалі мы да СПАДАРА, і пачуў Ён голас наш, і паслаў Ангіла, і вывеў нас ізь Ягіпту. I вось, мы ў Кадэшу, месьце канца граніцы твае. 17 Пройдзем жа перазь зямлю тваю; мы ня пойдзем па палёх а па вінішчах, і ня будзем піць вады із студні; дарогаю каралеўскаю пойдзем, ня зьвернем ані направа, ані налева, пакуль ня пярэйдзем граніцаў тваіх". 18 I сказаў яму Едом: „Не праходзь перазь мяне, бо я зь мячом выйду на пярэймы табе". 19 I сказалі яму сынове Ізраелявы: „Мы пойдзем гасьцінцам, і калі будзем піць ваду тваю, я а статак мой, дык заплачу; толькі, гэта ж нічога, нагамі сваімі прайду". 20 Але ён сказаў: „Не перайдзі!" I вышаў Едом напярэймы яму з чысьленым людам і з дужою рукою. 21 I адмовіўся Едом даць Ізраелю прайсьці пераз граніцы ягоныя, і адхінуўся Ізраель ад яго.
22 I крануліся з Кадэшу, і прышлі сынове Iзраелявы, уся грамада, да гары Гор. 23 I гўкаў СПАДАР Масею а Аарону на гары Гор, ля граніцаў зямлі Едомскае, кажучы: 24 „Хай прылучыцца Аарон да людзёў сваіх, бо ён ня ўвыйдзе ў зямлю, каторую Я даў сыном Ізраелявым, за тое, што вы збунтаваліся супроці слова Майго ля водаў Мерывы. 25 Вазьмі Аарона а Елеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Гор. 26 I здыймі з Аарона адзецьці ягоныя, і адзень у іх Елеазара, сына ягонага, і хай будзе прылучаны Аарон і памрэць там". 27 I ўчыніў Масей так, як расказаў СПАДАР. I ўзышлі яны на гару Гор на ачох усяе грамады. 28 I зьняў Масей з Аарона адзецьці ягоныя, і адзеў у іх Елеазара, сына ягонага. I памер там Аарон на версе гары. I зышлі Масей а Елеазар із гары, 29 I абачыла ўся грамада, што Аарон сканаў, і плакалі па Аарону трыццаць дзён увесь дом Ізраеляў.
|