01 – 02 – 03 – 04
3 А ведай, што ў вапошнія дні настануць часы цяжкія. 2 Бо людзі будуць самалюбы, грашалюбы, хвалькі, пышкі, блявузґаньнікі, непаслухменыя бацьком, няўдзячныя, несьвятыя, 3 Бяз прыродных нахінаў, няўмольныя, абмоўцы, няўзьдзержлівыя, неміласьціўныя, ня любячыя дабра, 4 Зраднікі, нядбайлыя, надзьмутыя, любячыя балей прыемнасьці, чымся любячыя Бога, 5 Што маюць хормы набожнасьці, але адракліся сілы яе. Адварачайся ад іх.
6 Бо з гэтых тыя, што лісьлівасьцяй улазяць да дамоў і зводзяць недасьціпныя жанкі, ацяжараныя, грахамі, воджаныя рознымі жадлівасьцямі, 7 Што заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да супоўнага пазнаньня праўды.
8 Вось жа, як Янн а Ямра працівіліся Масею, так і гэтыя працівяцца праўдзе, людзі папсаванага розуму, распусныя ўзглядам веры. 9 Але яны далёка не пасунуцца наперад, бо дурнота іхная выявіцца ўсім, як гэта сталася і з гэнымі.
10 Але ты дакладна пайшоў за імною навукаю, паступкам, заданьням, вераю, цярплівосьцяй, міласьцяй, трывалкосьцяй, 11 Перасьледаваньнямі, цярпеньнямі, што стрэліся імне ўв Антыёсе, Іконі, Лістрах, таковыя перасьледаваньні я ператрываў, і з каторых усіх Спадар выбавіў мяне.
12 I запраўды ўсі, што зычаць набожна жыць у Хрысту Ісусу, будуць перасьледаваны. 13 А нягоднікі а ашуканцы будуць мець дасьпех у ліху, ашукуючыя й ашукаваныя.
14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся, і ў чым ты пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся, 15 I што з маленства ты знаеш Сьвятыя Пісьмы, каторыя могуць цябе ўчыніць мудрым да спасеньня вераю ў Хрыста Ісуса. 16 Кажнае Пісьмо натханае Богам і карыснае да вучэньня, да вінаваньня, да паправы, да навучаньня ў справядлівасьці, 17 Каб людзіна Божая была дасканальная, супоўна прыгатаваўшыся да кажнага добрага ўчынку.
|