ПАНЯДЗЕЛАК РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Мае беззаконьні паўсталі на мяне, быццам марскія хвалі, і я, быццам карабель на моры, таплюся ў шматлікіх грахох, але Ты, Госпадзе, накіруй мяне да ціхага прыстанішча пакаяньня і збаў мяне.
Я, Госпадзе, – няплоднае дрэва, што не прыносіць пладоў пакаяньня, і баюся, каб мяне ня сьсеклі і ня ўкінулі ў вагонь вечны і нязгасны. Таму малю Цябе: перш як гэта здарыцца, збаў мяне.
Слава... цяпер...
Будучы Крыніцаю міласэрнасьці...
Сядальная песьня 2. Давід сказаў: "Зьмілуйся нада мною!". Я таксама клічу: "Зграшыў я, Збавіцелю, але Ты ачысьці мае грахі каяньнем і зьмілуйся нада мною".
Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною!" – Давід клікаў, учыніўшы два грахі. Я ж абцяжаны мноствам грахоў. Ён арасіў пасьцель сваю сьлязьмі, а ў мяне аніводнай кроплі сьлязіны не знайшлося. Таму ў роспачы малюся: "Зьмілуйся нада мною Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці!".
Сьвятыя, што на сьвеце пацярпелі мукі ад беззаконьнікаў і адмянілі спакусу ідальскую, апрануліся ў Цябе, які апранаеш неба воблакамі. Малітвамі іх, Збавіцелю, выбаў і нас ад нябачных ворагаў і збаў нас.
Слава... цяпер...
Узьвялічваем Цябе, Багародзіца, і клічам: "Радуйся, брама зачыненая, якою быў адчынены першы рай!"
Вершапесьні
Разважыўшы бяздумнасьць зробленых мною дрэнных учынкаў, беручы прыклад з мытніка і блуднага сына, прыходжу да Тваёй дабрыні і прыпадаю да Цябе, Міласэрны. Перш як асудзіць мяне, пашкадуй мяне, Божа, і збаў мяне.
Не зважай на мае беззаконьні, Госпадзе, што нарадзіўся ад Дзевы, (але) ачысьці маё сэрца і зрабі яго хорамам Сьвятога Духа Твайго. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча, бо Ты маеш бязьмерна вялікую міласэрнасьць.
Пакутныя мучанікі, вы пацярпелі да сьмерці за Хрыста і аддалі душы вашыя ў рукі Бога, а вашыя мошчы шануюцца па ўсім сьвеце. Уладары і сьвятары пакланяюцца (ім), і мы, усе людзі, цешымся і ўсклікаем: "Сон праведны перад Госпадам – сьмерць сьвятых Ягоных".
Слава... цяпер...
На Цябе, Багародзіца, мы ўсклалі нашую надзею, каб нам не расчаравацца ў нашых спадзяваньнях. Збаўляй нас, неразумных ад бедаў, Памочніца, зьнішчы задумы ворагаў, бо Ты, Блаславёная – нашае збаўленьне. |