Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...":
трапар сьвята;
Слава...: сьвятога;
Цяпер...: сьвята.
Сядальныя песьні 1 (тон
5). Усхвалім Базыля, царскую красу Царквы, багатую скарбніцу навукі,
што навучае нас шанаваць Тройцу сьвятую, адзіную прыродаю, розную асобамі.
Слава...: (тон 1).
Базылю багамудры, ты стаіш перад Тройцаю. Маліся, каб нам, якія славім цябе і
шануем памяць тваю, атрымаць ласку, зьмілаваньне і ачышчэньне грахоў, і вуснамі
і сэрцам славіць адзінага Чалавекалюбца.
Цяпер...: Творца ўсіх і Уладар сьвету, што з Айцом і
Духам угары прабывае, абрэзваецца на зямлі як васьмідзённае дзіця. Сапраўды
боскія і дзівосныя дзеяньні Твае, Уладару: Ты даў сябе абрэзаць дзеля нас, каб
споўніць Закон.
Сядальныя песьні 2 (тон
8). Ты пачэрпаў тайнае багацьце невычэрпнае мудрасьці, і праліў для
ўсіх воды правай веры, што вяселяць сэрцы верных і топяць намеры бязбожных.
Сярод тых, што змагаліся за праўдзівую веру, ты, сьвяты Базылю, явіўся абаронцам
непераможным Тройцы. Маліся Хрысту Богу даць адпушчэньне правінаў тым, што
спраўляюць памяць тваю.
Слава...: (тон 3).
Быццам вадою, ты, Базылю, напаіў увесь сьвет вучэньнямі тваімі і
дабрадзейнасьцямі, бо ў табе была крыніца існая жыцьця. Малі Хрыста дараваць нам
багацьце зьмілаваньня.
Цяпер...: (тон 4).
Нябачны прыродаю сваёю сёньня стаецца бачным у целе. Нястворанае Слова
прыходзіць на сьвет, нарадзіўшыся ад Дзевы. Згодна з Законам Ён дзеля нас,
людзей, абрэзваеца як васьмідзённае дзіця. Дык паклонімся Яму, як Збавіцелю
нашаму.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Уьвялічваньне: Узьвялічваем цябе, сьвяты ойча
Базылю, і шануем сьвятую памяць тваю, бо ты молішся за нас Хрысту Богу нашаму.
Верш 1. Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць,
язык яго кажа праўду.
Верш 2. Сьвятары Твае апрануцца ў мудрасьць, і
сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.
Верш 3. Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім:
яны вечна хваляць Цябе.
Слава... цяпер...:
Алілуя, алілуя, алілуя, Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Сядальныя песьні (Тон 8).
Сілаю тваіх боскіх словаў ты нізьвергнуў змрочныя ерасі і выявіў памылкі
Яўномія. Ты навучаў людзей, што Дух ёсьць Богам, перамог ворагаў уздыманьнем
рук, разагнаў паплечнікаў Савэлія, і ўсе мудраваньні Нэсторыя ў нішто абярнуў,
сьвяты ойча Базылю. Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам,
якія з любоўю спраўляем сьвятую памяць тваю.
Слава...: Ласка тваіх боскіх прапаведаваньняў і вышыня
твайго навучаньня сталіся для нас сходамі да неба. Ты, ойча, прыдбаў духоўную
трубу, каб ёю абвяшчаць боскія навукі. Таму ты і пасяліўся цяпер на квяцістым
месцы, атрымаўшы ўзнагароду за подзьвігі, сьвятаначальніку Базылю. Маліся Хрысту
Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам, якія з любоўю спраўляем сьвятую
памяць тваю.
Цяпер...: Уладар і Творца ўсяго, які прыняў цела ў чыстым
улоньні Тваім, зрабіў Цябе, Усебеззаганная, заступніцай людзей. Мы ўсе да Цябе
прыбягаем, Уладарка, і просім ачышчэньня ад правінаў, збаўленьня ад вечнае мукі
і ад злосьці князя гэтага сьвету, і ўсклікаем: "Маліся Сыну Твайму і Богу, каб
Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам, якія з вераю пакланяемся ўсесьвятому
сынараджэньню Твайму".
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен. Вусны мае кажуць мудрасьць, разважнасьць
– роздум сэрца майго.
Верш. Пачуйце гэта, усе народы, слухайце, усе
жыхары зямлі.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
Сказаў Госпад да гэбрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Я – дзьверы:
хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены; увойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
Злодзей прыходзіць, толькі каб украсьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб вы
мелі жыцьцё, і мелі яго ўдосталь. Я – Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё сваё
кладзе за авечкі свае. А найміт, не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як
прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, а воўк хапае іх і разганяе; (а
найміт уцякае), бо ён найміт і ня дбае пра авечак. Я – Добры Пастыр, і ведаю
Маіх, і Мае ведаюць Мяне. Як ведае Мяне Айцец, і Я ведаю Айца, і сваё жыцьцё
кладу за авечкі. Маю і іншыя авечкі, што ня з гэтага двара, і тых Мне трэба
прывесьці, каб пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін Пастыр".
(10:9-16)
Пасьля Пс 50:
Слава...: Малітвамі сьвятога айца Базыля, Міласэрны,
ачысьці мноства правінаў нашых.
Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці
мноства правінаў нашых.
Зьмілуйся нада мною, Божа...:
(Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, сьвяты
ойча: ты быў пастырам Царквы Хрыстовае, навучаючы духоўныя авечкі верыць у
Тройцу адзінасутную ў адзіным Бостве.
Канон
(Тон 2)
Песьня 1. Ірмас.
Прыйдзіце, людзі, запяём песьню Хрысту Богу, які разьдзяліў мора і правёў праз
яго людзей, вывеўшы іх з ягіпскай няволі, бо Ён уславіўся.
Катавасія. Госпад, магутны ў бітве, раскрыў асновы
глыбіні марской і правёў слуг сваіх па сухой зямлі, а ворагаў пакрыў вадою, і
ўславіўся.
Песьня 3. Ірмас.
Умацуй нас у Табе, Госпадзе, што дрэвам крыжовым умярцьвіў грэх, і ўзгадуй страх
Твой у сэрцах нашых, каб нам славіць Цябе.
Катавасія. Госпад, які дае сілу ўладаром і ўзвышае
абраных сваіх, родзіцца ад Дзевы і прыходзіць хрысьціцца. Дзеля гэтага, верныя,
усклікнем на ўвесь голас: "Ніхто не сьвяты, апрача Бога нашага, і ніхто ня
праведны, апрача Цябе, Госпадзе!"
Кандак Абрэзаньня (тон 4). Сёньня Уладар усіх
церпіць абрэзаньне і ў дабрыні сваёй абрэзвае людзкія правіны, даючы сьвету збаўленьне. Радуецца
ў небе сьвятаначальнік Божы, сьветлы тайнік Хрыстовы Базыль.
Сядальная песьня (Тон 8).
Навучыўшыся словам мудрасьці і засвоіўшы пісаньні Закону, ты, сьвяты ойча
Базылю, усім прапаведаваў слова ласкі. Каменныя скрыжалі душаў ты апрацаваў
сваімі словамі, і на іх напісаў боскія вучэньні. Прайшоўшы змрок цялесны, ты
зазьзяў духам. Малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія з
любоўю шануем сьвятую памяць тваю.
Слава... цяпер...: (Тон 4).
Ты, Уладару – Бездань чалавекалюбства, – прыняў выгляд слугі, абрэзаўся цялесна,
і даў людзям багацьце свайго зьмілаваньня.
Песьня 4. Ірмас.
Я пачуў, Госпадзе, вестку провіду Твайго, і праславіў Цябе, адзіны
Чалавекалюбча.
Катавасія. Той, каго Ты, Госпадзе, назваў
"Голасам, што кліча ў пустыні", пачуў Твой голас, які загрымеў над водамі, даючы
сьведчаньне Твайму Сыну. Напоўнены Духам, які зыходзіў, ён усклікнуў: "Ты –
Хрыстос, Божая мудрасьць і сіла!"
Песьня 5. Ірмас.
Госпадзе, сьветладаўча і Творча вякоў, прасьвятлі нас сьвятлом запаветаў Тваіх.
Апроч Цябе іншага бога ня знаем.
Катавасія. Ісус, Уладар жыцьця, ідзе адмяніць
прысуд першастворанага Адама. Як Бог, Ён ня мае патрэбы ў ачышчэньні, але
ачышчае ў Ярдане сатлелага чалавека і, зьнішчыўшы ў ягоных струменях усякую
варожасьць, дае супакой, што пераўзыходзіць розум.
Песьня 6. Ірмас.
Бездань грахоў акружае мяне, і таму, як прарок, клічу: "Ад тленнасьці вызваль
мяне, Госпадзе!"
Катавасія. Голас Слова, ліхтар Сьвятла, заранка
Сонца, – Прадвесьнік гукае ў пустыні, кажучы: "Пакайцеся і ачысьціцеся, пакуль
час, бо вось ідзе Хрыстос, каб збавіць сьвет ад загубы".
Кандак Базыля (тон 4).
Ты стаўся непахіснай асноваю Царквы, даючы людзям незьнішчальны скарб,
умацоўваючы іх навучаньнем тваім, нябесных тайнаў вестуне.
Ікас. Чаша чысьціні, голас мудрасьці, вышыня
навукі, Базыль вялікі, усіх асьвятляе зьзяньнем духоўным. Дык прыйдзіце ўсе,
станем у доме Божым, будзем дзівіцца і цешыцца. Прасьветленыя прыкладам ягонага
жыцьця, пераймайма ягоную веру, адданасьць і пакору, дзякуючы якім ён стаўся
жыльлём Божым. Будзем радасна клікаць і славіць Базыля сьвятога, нябесных тайнаў
вестуна.
Песьня 7. Ірмас.
Калі ўсе пакланяліся залатому ідалу на полі Дэір, тры юнакі Твае не паслухаліся
бязбожнага загаду. Сярод агню, у які яны былі ўкінутыя, асьвежаныя расою з
вышыні, яны пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых".
Катавасія. Подых ветру і раса, і зыход анёла
захавалі непашкоджанымі набожных юнакоў, што хадзілі па распаленай агнём печы.
Асьвежаныя расою, яны пяялі з удзячнасьцю: "Усяслаўны Госпадзе і Божа айцоў,
блаславёны Ты!"
Песьня 8. Ірмас.
Бога Слова, што ў невыказнай мудрасьці стварыў усё і прывёў ад нябыту да быцьця,
блаславіце, стварэньні, як Госпада, і ўзьвялічвайце праз усе вякі.
Катавасія. Слаўную тайну паказала нам бабілёнская
печ, калі напоўнілася расою. У падобны спосаб Ярдан прыняў духоўны Агонь і
пакрыў Творцу, які ахрысьціўся цялесна ў ім. Людзі бласлаўляюць Яго і
ўзьвялічваюць праз усе вякі.
На дзевятай песьні замест "Больш годную пашаны..." сьпяваем,
наступныя прыпевы.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Госпада, згодна з
законам цялесна абрэзанага.
Песьня 9. Ірмас.
Бог, які зазьзяў раней за сонца, прыйшоў да нас, прыняўшы невыказна цела, з
улоньня дзявочага Твайго, Усячыстая і Блаславёная. Дзеля гэтага Цябе,
Багародзіца, узьвялічваем.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Хрыста, які на
восьмы дзень прыняў абрэзаньне.
Хрыстос пераходзіць межы людзкой прыроды, надпрыродна
родзіцца ад Дзевы і, як Закон загадвае, прымае цялеснае абрэзаньне, бо Ён –
спаўненьне Закону.
Прыпеў. Сёньня Уладар прымае абрэзаньне, і
атрымлівае імя Ісус.
Прыйдзіце, уславім сьвятое імя Ісус, якое сёньня ў сьвятыні
даецца Уладару, і адначасна адзначым памяць сьвятога Базыля.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, сярод
сьвятаначальнікаў вялікага Базыля.
Як вернае ягнё Хрыстовае, ты, блаславёны Базылю, пайшоў па
жыцьцядайных сьлядох Першага Пастыра, і адважна аддаў душу сваю ў рукі мучыцеля,
думаючы толькі пра дабро Царквы, блаславёны.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, сьветач сусьветны,
Базыля.
Вораг убачыў сьвятую супольнасьць Царкоўную, упрыгожаную
тваім сьвятарствам, мудры Базылю. Ён задрыжэў, быццам ад грому, і ўпаў, бо ня
мог трываць зьзяньня Духа, якое Ты выпраменьваў.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Базыля вялікага з
Кесарыі.
Ты, Базылю, удастоіўся пасаду апостальскага, хору мучанікаў
Хрыстовых, патрыярхаў скініі, слодычы праведнікаў і радасьці праведных, бо ты
быў слугою Багародзіцы і знаўцам Усесьвятое Тройцы.
Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за
анельскія хоры Дзеву Усячыстую Багародзіцу.
Адзіны Госпад, які пакрывае водамі вышыні, устанаўляе моры,
сушыць бездані, ад Цябе, Усячыстая, прыняў цела і з Бэтлеему спяшаецца на Ярдан,
каб там ахрысьціцца цялесна.
Катавасія. Ніякі язык ня ў стане дастойна
ўсхваліць Цябе, і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць як пяяць
славу Тваю, Багародзіца. Але Ты, добрая, што ведаеш набожныя жаданьні нашыя,
веру нашую прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.
Экзапастыляр. Багамудры ойча Базылю, тайны Тройцы
Сьвятое прапаведнік і слуга Багародзіцы, жаданьнем мудрасьці ты абрэзаў душы
тваёй покрыва, і цудамі тваімі ты явіўся сьвету як сонца, што прасьвятляе розумы
верных.
Слава... цяпер...: У целе абрэзваецца як васьмідзённае
дзіця вякоў Творца для спаўненьня закону, і ў пялёнкі спавіваецца як чалавек.
Малаком корміцца Бог, які сілаю сваёю ўсё ўтрымлівае ў быцьці і словам сваім
узносіць.
Пахвальныя псалмы
(Тон 5). Церпіць цялеснае абрэзаньне Той, хто ад
Айца невыказна нарадзіўся, Слова і Бог ад Бога, які прабывае нязьменна ў Бостве.
Закону падпарадкоўваецца Той, хто вышэй за Закон, збаўляе ўсіх ад праклёну
законнага, і дае блаславеньне з вышыняў. Славім Ягоны ласкавы зыход, пяем і
дзякуем Яму, і молімся дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
(Двойчы)
Ласкаю боскага хросту, ты, сьвяты Базылю, быў нанова
народжаны як сын Божы. Ты прапаведаваў спрадвечнага і беспачатнага Сына і Слова
Божае, адзінасутнага з Айцом. Сьвятлом тваіх навучаньняў ты замкнуў вусны
гэрэтыкаў. За гэта ты апынуўся ў валадарстве нябесным, дзе пануеш разам з
Хрыстом, адзіным сапраўдным Уладаром, што раздае шчодра багацьце ласкі.
Як сьвятаначальнік, ты ўвайшоў у нябесную сьвятыню, апрануты
ў вопратку дабрадзейнасьці і богасузіраньня, што былі асновамі твайго розуму.
Сёньня ты стаіш ля ахвярніка найвышэйшага Бога і правіш духоўную службу. Згадай
ласкава, блаславёны Базылю, тых, што сьвяткуюць тваю сьвятую і сьветлую памяць,
і малі Хрыста Бога даць сьвету веліч зьмілаваньня.
Прысьвечаны Богу з дзяцінства, ты быў прасьветлены промнямі
боскай мудрасьці. Ты выясьніў сутнасьць рэчаў, мудра патлумачыў іхні лад, і
паклаў моцныя асновы для пазнаньня Бога. Шануем цябе, як багамоўнага і боскага
настаўніка, сьветлы сьветач Царквы, бо ты молішся за нас Хрысту, які дае сьвету
веліч зьмілаваньня.
Зьведаўшы страх Божы, ты, ойча Базылю, дакрануўся да пачатку
мудрасьці. Ты перамог страх мудрасьцю і дабрадзейным жыцьцём, і расплыўся ў
любові да Бога, стаўшыся сам як Ён. Навучаны боскім наказам і прысудам, ты
вывучыў звычаі людзей, удасканаліў розумы верных, і сабор прасьвятліў духоўнымі
парадамі. Малі Хрыста даць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Слава...: (тон 6).
Ласка пацякла з вуснаў тваіх, сьвяты ойча Базылю. Ты быў пастырам Царквы
Хрыстовае, і навучыў духоўныя авечкі верыць у адзінасутную Тройцу ў адзіным
Бостве.
Цяпер...: (тон 8).
Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад
Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык
засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".
Пасьля Вялікага ўслаўленьня:
Трапар сьвятога;
Слава... цяпер...: трапар
сьвята.
|