Літургія сьв. Базыля Вялікага
Трапары:
Трапар Абрэзаньня (тон 1). Ты, Ісусе, які сядзіш на вогненным
пасадзе з Айцом спрадвечным і Боскім Духам Тваім, захацеў дабравольна нарадзіцца ад
Чыстае Дзевы, Маці Твае, і, як чалавек, быць абрэзаным на восьмы дзень. Слава
добрай волі Тваёй, слава провіду Твайму, слава Тваёй спагадлівасьці, адзіны
Чалавекалюбча.
Трапар Базыля (тон 1).
Голас твой разышоўся па ўсёй зямлі, і яна ўспрыняла словы твае, якімі
ты навучаў усіх, выясьняючы сутнасьць рэчаў і выпраўляючы норавы
людзей. Вышыня сьвятарства, ойча блаславёны, малі Хрыста Бога, каб Ён
дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня.
Слава...:
Кандак Базыля (тон 4).
Ты стаўся непахіснай асноваю Царквы, даючы людзям незьнішчальны скарб,
умацоўваючы іх навучаньнем тваім, нябесных тайнаў вестуне.
Цяпер...:
Кандак Абрэзаньня (тон 4). Сёньня Уладар усіх
церпіць абрэзаньне і ў дабрыні сваёй абрэзвае людзкія правіны, даючы сьвету збаўленьне. Радуецца
ў небе сьвятаначальнік Божы, сьветлы тайнік Хрыстовы Базыль.
Пракімен:
Абрэзаньня (Пс 27:9,1). Збаў, Госпадзе, людзей
Тваіх і блаславі набытак Твой.
Верш. Цябе, Госпадзе клічу: Божа мой, не змаўчы.
Базыля (Пс 48:4). Вусны мае кажуць словы
мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго.
Апостал:
1. Апостал Абрэзаньня
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Каласянаў
Браты, сьцеражыцеся, каб хто вас ня зьвёў філасофіяй, што
ёсьць пустой хлусьнёю, аснованай на людзкім пераказе, на стыхіях сьвету, а не на
Хрысьце. Бо ў Ягоным целе жыве ўся поўня Боства. І вы – прычасьнікі гэтай Ягонай
поўні. Ён – галава ўсякага пачатку і ўлады. У ім вы атрымалі абрэзаньне не ад
рукі чалавека, але абрэзаньне Хрыстовае, калі вы скінулі з сябе гэтае грэшнае
цела. Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, вы ўваскрэсьлі разам з Ім праз веру ў сілу
Бога, які ўваскрасіў Яго. (Кал 2:8-12)
2. Апостал Базыля
Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў
Браты, такі нам патрэбны архісьвятар: сьвяты, нязлосны,
беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзвышаны панад нябёсы; які ня мае патрэбы,
як іншыя архісьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а пасьля
за грахі народу. Бо Ён зрабіў гэта раз назаўсёды, прынёсшы ў ахвяру Сябе. Бо
закон стаўляў архісьвятарамі людзей, абцяжаных слабасьцю, а слова прырачэньня,
што пасьля закону, паставіла Сына, дасканалага давеку. Галоўнае ж у сказаным
ёсьць, што мы маем такога Архісьвятара, які сеў па паравай руцэ пасаду Велічы на
нябёсах, як слуга сьвятыні і праўдзівай скініі, якую збудаваў Госпад, а не
чалавек. (Гэб 7:26-8:2)
Алілуя (Пс 79:2; 36:30). Пачуй нас, Пастыру
Ізраіля, які кіруеш, быццам статкам, Язэпавым родам.
Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык
яго кажа праўду.
Евангельле:
1. Евангельле Абрэзаньня
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі
Таго часу вярнуліся пастухі, сьпяваючы і славячы Бога за ўсё,
што чулі і бачылі, так, як ім было сказана. І пасьля васьмі дзён, калі трэба
было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, якім Яго назваў анёл, перш як было
зачатае ва ўлоньні.
Дзіця ж расло і мацнела, напаўняючыся розумам, і ласка Божая
была на Ім. Ягоныя бацькі кожны год хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі
яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны туды як звычайна на сьвята. Калі ж па
сканчэньні дзён сьвята яны вярталіся, застаўся хлопец у Ерусаліме, але бацькі
ягоныя не заўважылі гэтага, думаючы, што Ён ідзе з другімі. Прайшоўшы ж дзённую
дарогу, сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых. Не знайшоўшы, вярнуліся ў
Ерусалім, шукаючы Яго. І вось пасьля трох дзён знайшлі Яго ў сьвятыні, дзе
сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы і пытаючыся ў іх. Усе, што слухалі, дзівіліся
з Ягонага розуму і адкбзаў. Угледзеўшы Яго, яны зьдзівіліся. Маці Ягоная сказала
Яму: "Сыне, чаму гэта Ты так зрабіў нам? Вось твой бацька і я з вялікай трывогай
шукалі Цябе". А Ён адказаў ім: "Нашто вы Мяне шукалі? Ці ж вы ня ведалі, што мне
трэба быць пры справах Айца Майго?" Але яны не разумелі слоў, што сказаў ім. Ён
пайшоў з імі і вярнуўся ў Назарэт; і быў паслухмяны ім. А Ягоная Маці захоўвала
ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы. Ісус жа рос розумам і гадамі, дый ласкаю ў Бога і
ў людзей. (Лк 2:20-21, 40-52)
2. Евангельле Базыля
Чытаньне сьвятога Евангельле паводле Лукі
Таго часу Ісус стаў на роўным месцы. Там было мноства Ягоных
вучняў і шмат народу з усяе Юдэі і Ерусаліму і з ўзьбярэжжа Тыру і Сыдону, што
прыйшлі паслухаць Яго і атрымаць аздараўленьне ад сваіх немачаў; таксама і тыя,
што цярпелі ад нячыстых духаў, аздараўляліся. І ўвесь натоўп стараўся дакрануцца
да Яго, бо ад Яго выходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. І Ён узьняў вочы на вучняў
сваіх і казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо ваша ёсьць валадарства Божае. Шчасьлівыя
галодныя цяпер, бо насыціцеся. Шчасьлівыя, што плачаце цяпер, бо засьмяецеся.
Шчасьлівыя вы, калі людзі ўзьненавідзяць вас і калі адлучаць вас, і будуць
зьневажаць вас і пагарджаць імем вашым, як нягодным, дзеля Сына Чалавечага:
радуйцеся ў той дзень і цешцеся, бо вялікая вашая ўзнагарода ў небе".
(Лк 6:17-23)
Задастойнік. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае
стварэньне – сабор анёлаў і род людзкі, – асьвячаны Хораме і Раю духоўны,
Пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся дзіцяткам, Бог наш спрадвечны:
улоньне Тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро Тваё ўчыніў больш прасторным за
неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе!
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго
на вышынях.
Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не
збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.
|