ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ.
1 Паўла, раб Божы, Апостал жа Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і пазнаньню праўды, што водле багабойнасьці,
2 у надзеі вечнага жыцьця, якую прырок Бог, Які не ашуківае, перад вечнымі часамі,
3 а ў свой час зьявіў Сваё слова ў пропаведзі, што даверана мне па загаду Збавіцеля нашага, Бога, —
4 Ціту, праўдзіваму сыну па супольнай веры: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага.
5 Я пакінуў цябе ў Крыце дзеля таго, каб ты дакончыў недакончанае і паставіў па ўсіх местах старшых, як я табе загадаў:
6 калі хто беззаганны, муж аднае жонкі, дзяцей мае верных, недакараных за распусту або непакорлівасьць.
7 Бо япіскап павінен быць беззаганны, як Божы Гаспадар дому, ня горды, не гняўлівы, ня п’яніца, не забіяка, не карысталюбны,
8 але гасьцінны, любячы дабро, разважны, справядлівы, багабойны, паўзьдзержлівы,
9 каб дзяржаўся вернага слова паводле навукі, каб мог і напамінаць у здаровай навуцы, і дакараць тых, што кажуць насупраць.
10 Бо ёсьць многа і непакорных, і пустаслоўных, ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
11 якім трэба затыкаць рот: яны цэлыя дамы разбураюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля ганебнае карысьці.
12 Сказаў жа нехта з іх, уласны іх прарок: Крыцяне заўсёды ілгуць, зьверы лютыя, чэравы ляныя.
13 Сьведчаньне гэтае праўдзівае. 3 гэтае прычыны дакарай іх строга, каб былі здаровыя ў веры,
14 не зважаючы на юдэйскія казкі і загады людзей, што адварачаюцца ад праўды.
15 Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іх і сумленьне.
16 Яны кажуць, што ведаюць Бога; а ўчынкамі выракаюцца, агідныя і непакорныя і няздольныя ні да якога добрага дзела.
1 Ты-ж гавары тое, што гожа здаровай навуцы:
2 каб старыкі былі цьвярозымі, чэснымі, разважнымі, здаровымі верай, любоўю, цярплівасьцяй;
3 каб старыя жанчыны адзяваліся, як гожа сьвятым, не абмаўлялі, не паддаваліся п’янству, вучылі на дабро,
4 каб на розум наводзілі маладых, каб яны мужоў любілі і дзяцей,
5 былі разважнымі, чыстымі, гаспадарнымі, добрымі, пакорнымі сваім мужом, каб слова Божае не зьняважалася.
6 Моладзь таксама ўгаварвай быць разважнымі,
7 у-ва ўсім даючы сябе за ўзор добрых дзел, у навуцы непарушнасьць, паважнасьць,
8 слова здаровае, беззаганнае, каб супраціўнік быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
9 Рабы каб слухаліся сваіх паноў, дагаджалі ім у-ва ўсім, не пярэчачы,
10 каб ня кралі, але паказвалі ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі навуку Збавіцеля нашага Бога.
11 Бо зьявілася ласка Божая, спасаючы ўсіх людзей,
12 навучаючы нас, каб, адцураўшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьці сьвету, разважна, праведна і багабойна жылі мы ў цяперашнім веку,
13 ждучы шчаснае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,
14 Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ выбраны, рупны аб добрыя ўчынкі.
15 Гэтае кажы, угаварвай і дакарай з усенькаю ўладаю, каб ніхто не вывышшаўся над табою.
1 Напамінай ім, каб былі паслухмянымі ды карыліся начальству і ўладам, гатовыя на ўсякі добры ўчынак,
2 каб нікога не абмаўлялі, не сварыліся, але былі ціхімі і паказвалі ўсякую лагоднасьць да ўсіх людзей.
3 Бо і мы былі калісь неразумнымі, непакорнымі, збаламучанымі, былі рабамі пажаданьняў і розных раскошаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі агіднымі, ненавідзелі адзін аднаго.
4 Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любоў да людзей Збавіцеля нашага, Бога,
5 Ён выбавіў нас ня водле ўчынкаў праведных, якія мы ўчынілі, а водле міласьці Сваей, праз купелю адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
6 Якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага,
7 каб, апраўдаўшыся ласкай Яго, зрабіліся мы водле спадзяваньня насьледнікамі жыцьця вечнага.
8 Слова вернае; і я жадаю, каб ты сцьвярджаў гэта, каб вераваўшыя ў Бога стараліся рупіцца аб добрыя ўчынкі: гэта добра і людзям карысна.
9 Дурнога-ж змаганьня, і радаводаў, і спрэчак, і сварак аб закон высьцерагайся, бо яны некарысныя і марныя.
10 Гарэтыка чалавека пасьля першага і другога нанамінаньня пакінь,
11 ведаючы, што гэтакі распусьціўся і грашыць, асуджаны сам сабою.
12 Калі-ж прышлю да цябе Арцема, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў пражыць там зіму.
13 Дзіну законьніка і Апалёса пастарайся выправіць так, каб у іх ня было ні ў чым недастатку.
14 Няхай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках дзеля пільных патрэбаў, каб ня былі бясплоднымі.
15 Вітаюць цябе ўсе, што са мною. Прывітай тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі. Амін. Да Ціта, першага рукапаложанага япіскапа Крыцкае царквы, пісана з Нікаполю Македонскага.