ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАХВЕЯ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ.
1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе,
2 Цімахвею, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3 Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленьнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе ў малітвах маіх уначы і ўдзень,
4 жадаючы бачыць цябе, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне напоўніцца радасьцяй,
5 успамінаючы некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе.
6 Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе праз узлажэньне рук маіх,
7 бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці.
8 Дык ня стыдайся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога,
9 што выбавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Сваей і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі,
10 а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьмерць і асьвяціў жыцьцё і нятленнасьць праз Эвангельле,
11 для якога я пастаўлены за прапаведніка і Апостала ды вучыцеля паганаў.
12 3 гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзень.
13 Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне, у веры й любві, што ў Хрысьце Ісусе.
14 Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве ў нас.
15 Ты ведаеш тое, што адвярнуліся ад мяне ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаген.
16 Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне і ня стыдаўся путаў маіх,
17 але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне і знайшоў.
18 Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзень; а колькі ён служыў мне у Эфэсе, ты лепей ведаеш.
1 Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,
2 і, што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
3 Дык цярпі мукі, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
4 Ніводзін жаўнер ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска.
5 Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка, калі будзе бароцца незаконна.
6 Трэба, каб зямляроб, які працуе, першы спробаваў пладоў.
7 Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.
8 Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насеньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго,
9 у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзей, але слова Божага нельга закаваць.
10 Дзеля гэтага я ўсё цярплюдля выбраных, каб і яны здабылі збаўленьне, што ў Хрысьце Ісусе з вечнаю славаю.
11 Вернае слова: бо калі мы з Ім памерлі, дык з Ім і жыць будзем;
12 калі мучымся, дык з Ім і царыць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас;
13 калі мы няверныя, ён верным астаецца, бо ад сябе адрачыся ня Можа.
14 Гэтае напамінай, сьведчучы перад Госпадам не спрачацца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых.
15 Старайся паставіць сябе годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды.
16 Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ балей будуць памнажаць бязбожнасьць.
17 I слова іх, як гангрэна, меціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філет,
18 якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасеньне ўжо было, і пераварачаюць у некаторых веру.
19 Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе.
20 А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці.
21 Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзела.
22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, веры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца.
23 Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ведаючы, што яно родзіць сваркі;
24 рабу-жГоспадаву ня сьлед сварыцца, але быць ветлым да ўсіх, навучаючым, лагодным,
25 у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды,
26 каб яны вызваліліся з сеці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
1 Ведай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы.
2 Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі,
3 нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра,
4 здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога,
5 маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся.
6 Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй,
7 што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8 Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсею, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, невукі ў веры
9 Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі.
10 А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры, любві, цярплівасьці,
11 у перасьледаваньнях, муках, што здарыліся мне ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне Госпад.
12 Дый усе, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.
13 Людзі-ж нягодныя і чарадзеі пасьпявацімуць у зьле, баламуцячы і баламучаныя.
14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
15 дый ты з дзяцінства ведаеш сьвятое пісаньне, што зрабіць цябе можа мудрым на збаўленьне вераю, што ў Хрысьце Ісусе.
15 Усенькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўленьня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці,
17 каб дасканалым быў чалавек Божы, на ўсякае добрае дзела гатовым.
1 Дык сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і ў царстве Сваім:
2 прапаведуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усенькай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем,
3 бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе вучыцялёў, лашчаныя па слыху,
4 і ад праўды слых адвернуць і зьвернуцца да казак.
5 Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзела дабравешчаньня, служэньне твае выпаўняй.
6 Бо мяне ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў.
7 Бароўся я добрай барацьбой, бег закончыў, веру захаваў;
8 наастатак гатовіцца мне вянок праўды, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, што зьяўленьне Яго палюбілі.
9 Пастарайся хутка прыйсьці да мяне.
10 Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыскент у Галятыю; Ціт у Дальматыю; адзін Лукаш са мною.
11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня,
12 Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс.
13 Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя.
14 Аляксандра, меднік, шмат зрабіў мне благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго!
15 Сьцеражыся яго і ты, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
16 Пры першым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!
17 Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне забясьпечана была, ды каб і пачулі яе ўсе пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы.
18 I вызваліць мяне Госпад ад усякага ліхога дзела і спасе для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
19 Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў.
20 Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Мілеце.
21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Яўвул і Пуд, і Лін і Кляўдыя, і ўсе браты.
22 Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін. Другое да Цімахвея, першага рукапакладзенага япіскапа Эфэскае царквы, пісанае з Рыму, калі паўторна стануў Паўла перад кесарам Нэронам.