ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ФЕСАЛОНІКІНЦАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ.
1 Паўла і Сілуан і Цімахвей — царкве Фесалонікійцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
2 Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як дастойна, бо вырастае вельмі вера ваша і павялічаецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго.
4 Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, за цярплівасьць вашу і веру ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і смутках, якія вы маеце,
5 на доказ справядлівага суда Божага, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога і мучыцеся.
6 Бо справядліва ў Бога аддаць суму тых, што вам суму задаюць,
7 а вам, сумуючым, патолю (даць) разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з Ангеламі сілы яго,
8 у паланеючым агні даючы адплату непазнаўшым Бога і непакарыўшымся Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
9 Яны прымуць кару, вечную загубу, ад аблічча Госпада і ад славы сілы Яго,
10 як Ён прыдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх і задзівіць усіх веруючых (бо вы паверылі нашаму сьведчаньню) у дзень гэны.
11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі прызваньня і выпаўніў усякую спагаднасьць ласкавасьці і дзела веры ў сіле,
12 каб уславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, праз ласку Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
1 Молім вас, браты, дзеля прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і дзеля нашае зборкі да Яго,
2 ня хістайцеся пасьпешна розумам ды ня трывожцеся ані ад духа, ані ад слова, ані ад пасланьня, нібы праз нас, што быццам ужо надыходзіць дзень Хрыстовы.
3 Няхай не спакусіць вас ніхто аніяк: бо дзень гэны ня прыдзе, дакуль ня прыдзе перш адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,
4 які спраціўляецца і вывышшаецца панад усё, званае Богам ці сьвятыняй, што ў храме Божым засядзе ён, як Бог, паказываючы сябе, што ён Бог.
5 Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
6 I цяпер ведаеце, што не дае адкрыцца яму ў свой час.
7 Бо тайна беззаконьня ўжо дзеець, толькі той, што цяпер узьдзержывае, (будзе рабіць гэта), пакуль ня будзе забраны спасярод.
8 I тагды адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыходу Свайго,
9 ды якога прыход, сілаю шатана, будзе з усей магутнасьцяй, і знаменьнямі, і фальшывымі цудамі,
10 і з усякай няправеднай спакусай для тых, што гінуць, за тое, што яны ня прынялі любві праўды, каб ім спасьціся.
11 I за гэтае пашле ім Бог дзеяньне подступу, каб яны паверылі ілжы,
12 каб былі засуджаны ўсе, ня ўвераваўшыя ў праўду, але любіўшыя няпраўду.
13 Мы-ж заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,
14 да якога і паклікаў вас дабравешчаньнем нашым на здабыцьцё славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15 Дык, браты, стойце і дзяржыце пераказы, якіх вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
16 Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог Ацец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,
17 няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і дзеле добрым.
1 Дык малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,
2 ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзей крывадушных; бо не у ўсіх вера.
3 Верны-ж Госпад, які ўмацуе вас і захавае ад крывадушніка.
4 Мы пэўныя адносна да вас у Госпадзе, што вы выпаўняеце і будзеце выпаўняць тое, што мы вам загадваем.
5 А Госпад няхай пакіруе сэрцы вашыя на любоў Божую і цярплівасьць Хрыстову.
6 Загадываем жа вам, браты, іменьнем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, што ходзе ня ў лад і не па пераказу, які прыняў ад нас,
7 бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не рабілі ў вас нягожага,
8 дый ні ў кога ня елі хлеба дарма, але ў працы і ўтоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжыць каго з вас, —
9 не затым, што мы ня мелі ўлады, але каб сябе самых даць вам за прыклад дзеля насьлядаваньня нам.
10 Бо, калі мы былі ў вас, дык загадалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.
11 Але чуем, што некаторыя ў вас нягожа паступаюць, нічога ня робяць, але матаюцца;
12 гэтакім загадываем і молім (іх) Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.
13 Вы-ж, браты, не ўпадайце на духу, калі робіце дабро.
14 Калі-ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго адзначце і не сябруйце з ім, каб быў асаромлены;
15 але ня лічэце яго за ворага, а навучайце, як брата.
16 Сам жа Госпад міру няхай дасьць вам мір заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.
17 Прывітаньне маею рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін. Другое да Фесалонікійцаў пісана з Афін.