ПАСЛАНЬНЕ ДА КАЛАСЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛЫ.
1 Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат,
2 сьвятым і верным братом у Хрысьце, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас,
4 пачуўшы аб веры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,
5 дзеля надзеі, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля,
6 што ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,
7 як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць верным за вас слугой Хрыста,
8 які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу.
9 Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,
10 каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога,
11 дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй,
12 дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьветласьці,
13 вызваліў нас ад улады цемры і перанёс у Царства Сына любві Сваей,
14 у Якім мы маем адкупленьне крывёю Яго і дараваньне грахоў,
15 Які есьць абраз Бога нявідомага, пяршак усякага стварэньня;
16 бо Ім створана ўсе, што на нябесах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, — усе Ім і для Яго створана;
17 і Ён перш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць.
18 I Ён ёсьць галава цела, Царквы; Ён — пачатак, пяршак із мёртвых, каб быць Яму ўва ўсім першым;
19 бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня,
20 і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах.
21 Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзел,
22 цяпер пагадзіў у целе плоці Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім,
23 калі трываеце ў веры цьвёрда і непарушна і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Паўла, слуга.
24 Цяпер радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у целе маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго цела, якое есьць Царква,
25 якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне для вас, каб выпаўніць слова Божае,
26 тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпер жа выяўленую сьвятым Яго,
27 якім схацеў Бог даць пазнаньне, што за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
28 Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалавека і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе,
29 дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзеець у-ва мне магутна.
1 Хачу-ж, каб вы ведалі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў целе,
2 каб цешыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця дасканалага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3 у якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваны.
4 Кажу-ж гэтае, каб хто-небудзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі;
5 бо, хаця й няма мяне целам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
6 Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзеце ў Ім,
7 укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багацеючы ёю.
8 Глядзеце, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалавечаму, па стыхі?ям сьвету, а не па Хрысту;
9 Бо ў Ім жыве ўся поўня Божства цялесна,
10 і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады;
11 у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з цела грахі цялесныя ў абрэзаньні Хрыстовым,
12 пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз веру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых,
13 дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні цела вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14 зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа;
15 разьдзеўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім.
16 Дык няхай ніхто не асуджае вас за ежу, ці піцьцё, ці за ўчасьце ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце:
17 гэта ёсьць цень таго, што мае быць; цела-ж Хрыстовае.
18 Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам цела свайго
19 і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
20 Дык, калі вы памерлі з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго-ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся закону:
21 не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што ўсё на тленьне ад ужываньня, —
22 водле запаведзяў і навукі чалавечае?
23 Гэта мае толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні цела, не ў пашане да сытасьці цела.
1 Дык, калі вы ўскрэсьлі з Хрыстом, шукайце-ж узгорнага, гдзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
2 аб узгорным думайце, а не аб зямным,
3 бо вы памерлі, і жыцьцё вашае пахавана з Хрыстом у Богу;
4 калі-ж зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тагды і вы зьявіцеся разам з Ім у славе.
5 Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: блуд, нячыстасьць, юр, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць балванахвальства,
6 за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў няслухмянства,
7 сярод якіх і вы калісь хадзілі, як жылі міжы імі.
8 А цяпер і вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, злосьць, лаянку, сорамныя словы з вуснаў вашых;
9 не брашыце адзін аднаму, скінуўшы з сябе старога чалавека з учынкамі яго
10 і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні на ўзор Стварыўшага яго,
11 гдзе няма Грэка і Юдэя, абрэзаньня і неабрэзаньня, барбара, Скіфа, раба, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос.
12 Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўмілаваныя, міласэрдзем, дабратой, ціхой мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгацярплівасьцяй,
13 церпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе, калі хто да каго мае жаль: як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы.
14 А панад усім — (апрануўшыся) любоўю, якая ёсьць злучэньне дасканаласьці,
15 і няхай у сэрцах вашых гаспадаруе мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; ды будзьце ўдзячнымі.
16 Слова Хрыстовае няхай асядае ў вас багата, у ўсякай мудрасьці: навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі і гымнамі і духоўнымі песьнямі, у ласцы сьпяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.
17 I ўсё, што-б вы ні рабілі, словам або дзелам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
18 Жонкі, слухайцеся мужоў вашых, як прыстойна ў Госпадзе.
19 Мужы, любеце жанок і ня будзьце для іх прыкрымі.
20 Дзеці, будзьце паслухмянымі бацьком у-ва ўсім, бо гэтае ўгодна Госпаду.
21 Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не ўпадалі на духу.
22 Рабы, у ўсім слухайцеся паноў водле цела, паслугуючы не на вачох толькі, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
23 I ўсё, што-б ні рабілі, рабеце ад душы, як для Госпада, а не для людзей,
24 ведаючы, што ад Госпада атрымаеце нагароду спадчыны: бо служыце Госпаду Хрысту.
25 А хто крыўдзіць, атрымае водле зробленае крыўды: бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
1 Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
2 Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
3 молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны,
4 каб я выявіў яе, як сьлед мне казаці.
5 Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час.
6 Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць.
7 Аба мне ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і верны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
8 якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даведаўся, што ў вас, і пацешыў сэрцы вашыя,
9 з Анісімам, верным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака.
10 Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляменьнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прымеце яго),
11 дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне патоляй.
12 Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
13 Сьведчу-ж аб ім, што мае вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі.
14 Вітае вас Лукаш, лекар умілаваны, і Дымас.
15 Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго.
16 Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабеце, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы.
17 Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе выпаўніць яго.
18 Вітаньне маею рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайданох маіх! Ласка з вамі. Амін. Да Каласянаў пісана з Рыму праз Тыхіка і Анісіма.