ТРЭЦЯЕ САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ІОАНА БАГАСЛОВА

Разьдзел 1

1 Старшы — улюбленаму Гаю, каторага я люблю запраўды.

2 Умілаваны! Малюся, каб ты быў здароў і пасьпяваў ува ўсім, як пасьпявае душа твая.

3 Бо я дужа ўцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.

4 Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.

5 Улюблены! ты робіш вернае, што робіш для братоў і для чужакоў,

6 якія засьведчылі перад царквою тваю любоў; ты добра зробіш, калі адправіш іх, як трэба дзеля Бога,

7 бо яны дзеля іменьня Яго пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паганаў.

8 Дык мы павінны прымаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.

9 Я напісаў царкве; але Дыатрэф, што любіць у іх старшынстваваць, ня прымае нас.

10 Дзеля гэтага, калі я прыду, то напомню пра ўчынкі, якія ён робіць, абмаўляючы нас благімі словамі; і, не здаволіваючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і не дае хочучым ды выганяе з царквы.

11 Улюблены! не патурай ліху, але дабру. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць зло, ня бачыў Бога.

12 Пра Зьмітра засьведчана ўсімі і самой праўдаю; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што пасьведчаньне нашае праўдзівае.

13 Шмат меў я пісаць; але не хачу пісаць да цябе чарніламі і трысьцінай,

14 але спадзяюся борзда пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.

15 Мір табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.