ДРУГОЕ САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПЁТРЬІ.

Разьдзел 1

1 Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, да тых, што прынялі з намі роўна дарагую веру па праўдзе Бога нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста:

2 ласка і мір вам няхай памножыцца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.

3 Як Божаю сілай Яго даравана нам усё патрэбнае дзеля жыцьця й пабожнасьці, праз пазнаньне Паклікаўшага нас славаю і цнатою,

4 якімі дараваны нам найвялікшыя і дарагія абяцаньні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божае прыроды, ухіліўшыся ад тленьня ў пажаданьні, што ў сьвеце,

5 дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсё стараньне, пакажыце ў веры вашай цнату, у цнаце-ж розум,

6 у розуме стрыманасьць, у стрыманасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,

7 у пабожнасьці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.

8 Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажацца будзе, дык вы не астанецёся бязьдзейнымі і бяз плоду ў пазнаньні Го спада нашага Ісуса Хрысга;

9 у кім жа няма гэтага, той сьляпы, нявісны, забыўся аб ачышчэньні ранейшых грахоў сваіх.

10 Дзеля гэтага, браты, балей і балей старайцеся рабіць цьвёрдым вашае прызваньне й выбраньне: гэтак робячы, ніколі не спаткнецёся,

11 бо гэтак адчыніцца вам вольны ўваход у вечнае царства Госпада нашага і збавіцеля Ісуса Хрыста.

12 Дзеля гэтага я ніколі не перастану напамінаць вам аб гэтым, хоць вы й ведаеце гэта і ўмацованы ў гэтай праўдзе.

13 Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас напамінаньнем,

14 ведаючы, што хутка пакіну гэту маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне адкрыў.

15 Буду-ж старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтыя рэчы.

16 Бо мы абвясьцілі вам сілу й прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за міфамі йдучы, але быўшы вачавідцамі велічы Яго.

17 Бо Ён прыняў ад Бога Айца чэсьць і славу, калі ад вялізарнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: Гэты ёсьць Сын Мой Улю?блены, Якому спагадаю.

18 I гэты голас, як зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на сьвятой гарэ.

19 Дый маем найпэўнейшае слова прарочае; і вы добра робіце, што зварочваецеся да яго, як да сьветача, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не разаднее і ня ўзыдзе дзяньніца ў сэрцах вашых,

20 ведаючы перадусім, што ніякае прароцтва ў пісаньні ня дзеецца сваім уласным разьвязаньнем.

21 Бо ніколі прароцтва ня выказвалася воляй чалавечай, але выказвалі яго сьвятыя людзі Божыя, ведзеныя Духам сьвятым.

Разьдзел 2

1 Былі-ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гэрэзіі і, адцураўшыся адкупіўшага іх Госпада, сьцягнуць самі на сябе хуткую загубу.

2 I многія пойдуць сьледам за імі да загубы, і праз іх шлях праўды зьняважаны будзе.

3 I дзеля імкненьня да зыску будуць яны вас лавіць лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы, і загуба іх ня дрэмле,

4 Бо калі не дараваў Бог ангелам, якія саграшылі, але, кінуўшы ў путы цемры пякельнае, аддаў закаваць іх на суд;

5 і калі не пашкадаваў першага сьвету, але ў васьмёх душах захаваў Ноя, апавядальніка праўды, як навёў быў патоп на сьвет паганых;

6 і калі месты Садомскія й Гаморскія, засудзіўшы на зьнішчэньне, абярнуў у попел, як прыклад для будучых бязбожнікаў,

7 а праведнага Лота, стомленага распусным жыцьцём між людзьмі бязбожнымі, выбавіў, —

8 (бо гзты праведнік, жывучы між імі, з дня ў дзень мучыў справядлівую душу сваю, бачучы і чуючы ўчынкі беззаконныя), —

9 дык ведае Госпад, як збаўляць пабожных ад спакушэньня, а няправедных захоўваць на дзень суда дзеля пакараньня,

10 найбалей жа тых, якія йдуць за целам у нячыстых пажаданьнях ды не паважаюць начальства; якія дзёрзкія, сваявольныя й не баяцца абмаўляць вышэйшых,

11 тады як і Ангелы, большыя за іх моцаю й сілаю, ня выносяць на іх перад Госпадам дакараючага суда.

12 Яны, як бязмоўныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы й убой, лаюць тое, чаго не разумеюць, і ў тленьні сваім вынішчаны будуць,

13 і заплату дастануць за няпраўду. Бо за шчасьце лічаць яны штодзенныя раскошы; сораматнікі й паскуднікі, яны асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі;

14 вочы маюць поўныя юрнасьці й нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя прывабліваюць; яны маюць сэрцы, прывучаныя да нажывы: гэта сыны праклёну.

15 Пакінуўшы праведны шлях, яны зблудзілі, пайшоўшы па сьлядох Валаама, сына Васоравага, што палюбіў заплату няправедную;

16 ён быў пакараны за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалавечым голасам, затрымала шал прарока.

17 Гэта крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганяныя: для іх цемра чорная навекі прыгатована.

18 Бо, прамаўляючы надзьмутымі й пустымі словамі, яны прынаджываюць пажаданьнямі цела й распустаю тых, хто ледзь толькі ўцёк ад зблудзіўшых;

19 яны суляць ім свабоду, а самі яны — рабы тленьня, бо хто кім пераможаны, той таму й раб.

20 Бо, уцёкшы ад пошкудзі сьвету праз пазнаньне Госпада і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, ізноў, заблутаўшыся, паддаюцца ёй, дык апошяе для іх горш за першае:

21 бо лепей бы ім не пазнаць шляху праўды, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданае ім сьвятое запаведзі.

22 Бо з імі сталася паводле справядлівай прыказкі: сабака варочаецца да блявоціны сваей, а вымытая сьвіньня — валяцца ў брудзе.

Разьдзел 3

1 Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, умілаваныя; у іх напамінаньнем пабуджаю чыстую думку вашую,

2 каб вы памяталі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада й Спаса ад Апосталаў нашых,

3 ведаючы перадусім тое, што ў апошнія дні зьявяцца лаяльнікі, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх,

4 і скажуць: гдзе абяцаньне прыходу Яго? бо ад часоў, як сталі паміраць бацькі, усё гэтак астаецца ад пачатку стварэньня.

5 Бо тыя, што думаюць гэтак, ня ведаюць, што словам Божым нябёсы былі здаўна, а зямля з вады й праз ваду паўстала,

6 дзеля таго тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,

7 а сягоньняшнія нябёсы й зямля, тым жа словам утрымліваныя, захоўваюцца для агню на дзень суда й загубы людзей бязбожных.

8 Ды тое не павінна быць скрыта ад вас, умілаваныя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень.

9 Не марудзіць Госпад з абяцаным, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але доўга церпіць нас, ня хочучы, каб нехта загінуў, але каб усе прыйшлі да пакаяньня.

10 Прыйдзе-ж дзень Гасподні, як злодзей уначы, і тады нябёсы з шумам пройдуць, распаленыя-ж стыхіі разбурацца, а зямля і ўсе дзелы на ёй згараць.

11 Калі так усё гэтае разбурыцца, то якімі трэба быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вам,

12 што чакаеце й жадаеце прыходу дня Божага, калі нябёсы, паланеючы, рухнуць, і разгарэўшыяся стыхіі растопяцца?

13 Мы-ж чакаем паводле Яго абяцаньня новага неба й новае зямлі, на якіх праўда жыве.

14 Дык, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца ў міры перад Ім неапаганенымі і бяз сказы,

15 а доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўмілаваны брат наш Паўла, па дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,

16 як ён кажа аб гэтым і ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць дзе-што незразумелае, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і другія Пісаньні.

17 Дык вы, умілаваныя, як ужо папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб вам не захапіцца блудам бязбожнікаў ды не адпасьці ад свайго ўмацаваньня,

18 але ўзрастайце ў ласцы й пазнаньні Госпада нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста. Яму слава й сягоньня, і ў дзень вечны. Амін.