Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Аздараўленьне слугі сотніка
7.1. А калі скончыў усе свае павучэньні (навукі) слухаючым яго людзям - направіўся ў Кафарнаўм.
2. А ў аднаго сотніка быў слуга, якога ён вельмі цаніў, і быў моцна хворы, блізкі сьмерці.
3. Ён пачуўшы пра Езуса паслаў да Яго старэйшын Юдэйскіх, просячы Езуса, каб прыйшоў і каб аздаравіў слугу яго.
4. Калі яны прыйшлі да Езуса шчыра прасілі Яго, кажучы: "Варт ён, каб гэта яму зрабіў,
5. бо ён любіць наш народ, нават сам паставіў нам сынагогу".
6. Дык Езус пайшоў за Ім. А калі ўжо быў недалёка ад дому, паслаў сотнік прыяцеляў сказаць: "Госпадзе, ня мучся, бо я ня варт, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
7. Таму, што і самога сябе ўважаю за нягоднага (нявартага) прыйсьці (спаткаць) да Цябе, але скажы слова і паздаравее слуга мой.
8. Бо і я чалавек маючы ўладу, маю пад сабой жаўнераў. Кажу гэтаму: "Ідзі і ён ідзе, а іншаму: "Хадзі" і ён прыходзіць. Кажу слузе свайму: "Рабі гэта" і ён робіць".
9. Езус пачуўшы гэта, зьдзівіўся дзеля яго, ды зьвярнуўшыся да ідучых за Ім грамадой, сказаў: "Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраеля!"
10. А тыя (пасланьнікі) вярнуўшыся дамоў знайшлі слугу здаровым.
Уваскрасеньне юнака з Найм
11. Выпала, што ўзноў ішоў Езус у горад, які называецца Найм. А з Ім ішлі вучні Ягоныя ды вялікі натоўп людзей.
12. А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі памёршага адзінага сына маці, каторая была ўдавой. Ды мноства людзей з горада праводзіла яе.
13. Калі ўбачыў яе Госпад пашкадаваў яе ды сказаў ёй: "Ня плач!"
14. Падыйшоў і дакрануўся насілак (а тыя, што несьлі затрымаліся) затым сказаў: "Юнача, загадваю табе, устань!"
15. І сеў памёршы, і пачаў гаварыць. І аддаў яго ягонай маці.
16. Дык усіх ахапіў страх. Дык славілі Бога кажучы: "Вялікі Прарок явіўся сярод нас, ды Бог наведаў свой народ.
17. Аб Езусе разьнеслася вестка па ўсёй Юдэі і вакруг па ўсёй краіне.
Пасланцы Яна Хрысьціцеля
18. Аб усім паведамілі Яну яго вучні.
19. Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Езуса запытацца: "Ці Ты Тым, Каторы мае прыйсьці, ці другога маем чакаць?"
20. Як толькі ў той час Езус аздаравіў многіх ад хваробаў і цярпеньняў і ад ліхіх духаў ды многім сьляпым вярнуў зрок.
21. У адказ сказаў ім Езус: "Ідзіце і скажыце Яну, што вы бачылі і чулі: Сьляпыя відзяць, кульгавыя - ходзяць, пракажоныя - ачышчаны, глухія - чуюць, памёршыя ўваскрасаюць, убогім весьціцца Эвангелія,
22. і шчасьлівыя (багаслаўлены) тыя, што з Мяне ня горшацца.
23. А калі адыйшліся пасланьнікі Яна, пачаў Езус гаварыць аб Яне: "Што вы выйшлі ў пустыню відзець? Трысьціну хістаючыся ад ветру?
24. Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека ў мягкае адзеньне адзетага? Вось тыя, што ў багатых адзеньнях ды што ў роскашы жывуць, у дамах каралеўскіх знаходзяцца.
25. Ды што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам і больш за Прарока.
26. Ён той, аб кім напісана: "Вось жа пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім. Ён прыгатуе дарогу Тваю перад Табою. (Вых 23,20, Мал,1)
27. Бо кажу Я вам: "Між народжаных жанчынамі няма большага (важнейшага) прарока над Яна Хрысьціцеля. Але найменшы ў каралеўстве Божым вялікшы ад яго.
28. Затым увесь народ, які чуў і мытнікі славілі Бога, будучы ахрышчаны Янавым хростам.
29. Фарызэі жа і Законаведы ўзгардзілі намерам Божым што да сябе і не прынялі хросту ад Яго.
Аб гуляючай дзяцярні
31. Тады сказаў Госпад: "З кім мог бы параўняць я гэтага пакаленьня людзей і да каго яны падобны?
32. Падобны яны да хлапчанят, седзячых на рынку, якія кажуць адны да другіх: "Гралі мы вам, а вы не танцавалі, галасілі мы, а вы ня плакалі.
33. Прыйшоў Ян Хрысьціцель і хлеба ня еў і віна ня піў, а вы кажаце: "Дэмана мае".
34. Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есьць і п'е, а вы кажаце: "Во чалавек, во чалавек абжора і п'яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў".
35. І апраўдана мудрасьць усімі яе сынамі.
Пакутуючая грэшніца
36. Адзін фарызэй запрасіў Езуса да сябе на пасілак. Увайшоў у дом фарызэя Езус за стол.
37. А вось адна жанчына, з'яўляючыся ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Езус сядзеў пры стале ў доме фарызыя, прынесла алябастоваю пасудзіну алейку,
38. ды стануўшы ззаду каля ног Яго, пачала сьлязьмі абліваць ногі Ягоныя і абціраць валасамі сваёй галавы. Ды цалавала ногі Ягоныя і намашчала іх алейкам.
39. Бачачы гэта фарызэй, што запрасіў Яго, падумаў у душы сваёй: "Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго: яна ж грэшніца".
40. Адказаў яму Езус: "Сымон, маю табе нешта сказаць". А Сымон адказаў: "Вучыцелю, кажы".
41. Нейкі пазычацель меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дэнараў вінаваты, а другі пяцьдзесят.
42. Калі ня мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык каторы з іх больш удзячны?
43. Сымон у адказ сказаў: "Думаю, што той, катораму болей дараваў". А Езус сказаў яму: "Добра ты разсудзіў".
44. І зьвяртаючыся да жанчыны сказаў Сымону: "Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў я ў твой дом і ты не падаў мне вады на ногі, а яна сьлязьмі абмывала ногі мае і валасамі абцірала.
45. Ня даў ты мне пацалунку, а яна як толькі ўвайшла, не пераставала цалаваць ногаў маіх.
46. Не намасьціў ты галавы маёй алейкам, а яна ногі мае намасьціла алейкам.
47. Дзеля таго кажу табе: Адпушчаюцца многія грахі ёй, бо была надта ўдзячнай (умілавала). А каму менш адпушчаюцца - менш мілуе, менш удзячны.
48. Сказаў затым ёй: "Адпушчаюцца табе грахі".
49. Дык субяседнікі сталі гаварыць між сабой: хто Ён, што нават грахі адпушчае?"
50. Затым сказаў Езус жанчыне: "Вера твая аздаравіла цябе. Ідзі ў супакою".
|