Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Прыповесьць пра пераваротнага арандатара
16.1. І далей павучаў вучняў сваіх: "Быў адзін багаты чалавек. Ён меў арандатара. Яго зьнеславілі перад гаспадаром, што ён марнаваў яго дабро.
2. Дык пазваўшы яго, сказаў яму гаспадар: "Што я чую пра цябе? Разчытайся з свайго валадарства (арэнды), бо ўжо больш ня будзеш арандаваць".
3. Арандатар думае сабе: "Што мне рабіць? Гаспадар мой адбярэ ад мяне арэнду, арэндаваньне? Капаць магу, а жабраваць стыдаюся.
4. Ведаю, што мне рабіць, каб калі ўсынуты буду ад арэндаваньня, прынялі мяне ў дамы свае.
5. Склікаўшы тады па асобку вінаватых (даўжнікоў) гаспадара свайго, сказаў перашаму: "Колькі вінаваты ты гаспадару майму?"
6. Той адказаў: "Сто бочак алівы". Дык сказаў яму: "Вазьмі запісь сваю, сядзь і зараз напішы: "Пяцьдзесят".
7. Затым пытае другога: "А ты колькі вінаваты?" А ён адказаў: "Сто мер пшаніцы". Дык сказаў арандатар яму: "Вазьмі запісь сваю ды напішы восемдзесят".
8. Дык пахваліў гаспадар пераваротнага (крывадушнага, хітрага) арандатара, што хітра зрабіў. Бо вось сыны гэтага сьвета растарапнейшыя між падобных сабе, чым сыны сьвятла.
9. А Я вам кажу: здабывайце сабе прыяцеляў з мамоны несправядлівасьці, каб калі памрыцё прынялі вас у вечныя сялібы.
10. Хто верны ў найменшых рэчэх, дый у вялікіх будзе верны. А хто ў малых ня верны, дык і ў большых бывае несправядлівы.
11. Дык калі вы былі нявернымі ў несправядлівай мамоне, дык хто вам паверыць сапраўднае дабро?
12. А калі вы чужым не былі вернымі, дык хто вам дасьць, што вашае?
13. Ніводзін слуга ня можа двом панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзіць, а другога будзе любіць. Бо да аднаго прытуліцца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
14. А гэтага ўсяго слухалі фарызэі, якія былі хцівымі (сквапнымі) і насьміхаліся з Яго.
15. Дык Езус сказаў ім: "Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі, але Бог знае сэрцы (сумленьні) вашыя. Бо што ў людзей высокароднае - у Бога агідным.
16. Закон і Прарокі - да Яна. А ад яго весьціцца Каралеўства Божае і кожны да яго імкнецца сілаю.
17. Лягчэй небу і зямлі прамінуць, нячым счэзнуць адной крэсы ў Законе.
18. Кожны хто кідае жонку сваю, а бярэ іншую - чужаложыць, а хто б кінутую мужам узяў (ажаніўся) - чужаложыць.
Прыповесьць пра багацея і Лазара
19. Жыў адзін багаты чалавек. Ён адзяваўся ў пурпур і бісон ды штодзённа салідна баляваў.
20. І жыў нейкі жабрак імем Лазар. Ён ляжаў у скулах каля яго варот - брамы.
21. Ён прагнуў заспакоіць голад крошкамі, спадаючымі са стала багацея, але ніхто яму не даваў. Сабакі толькі прыходзілі і лізалі скулы ягоныя.
22. Дайшло, што жабрак памёр і ангелы занесьлі яго на ўлоньне Абрагама. Памёр таксама багацей, і пахаваны быў у пекле.
23. Церпячы мукі падняў свае вочы і ўбачыў у аддаленьні Абрагама і на ўлоньні яго Лазара.
24. Закрычаў: "Ойча Абрагаме, зжалься нада мной. Пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі.
25. Сказаў яму Абрагам: "Сыне, прыпомні, што ты за жыцьця свайго карыстаўся дабром, як Лазар благаццём. Ён цяпер тут цешыцца, а ты мучышся.
26. Прытым паміж намі і вамі ззяе пропасьць, каб тыя, што хочуць ад нас да вас перайсьці не маглі ані адсюль да нас перабрацца.
27. Дык кажа: "Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго,
28. бо маю пяць братоў - хай перасьцярог іх, каб і яны не папаліся ў гэтае месца мучэньняў".
29. Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і Прарокаў - хай слухаюць іх".
30. Але ён кажа: "Не, ойча Абрагаме, але каб хто з памёршых пайшоў да іх, возьмуцца за пакуту.
31. Але Абрагам сказаў яму: "Калі ня слухаюць Майсея і Прарокаў, дык каб хто з памёршых паўстаў - не павераць".
|