4.
Пост і спакушаньне (зваджэньне)
1. Пасьля Езус быў заведзены Духам у пустыню для спакушаньня д'яблам.
2. Ён па саракадзённым і соракночным посьце чуўся галодным.
3. Дык прыступіўся да Яго звадыяш і сказаў Яму: "Калі Ты - Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні перамяніліся ў хлеб."
4. Езус у адказ сказаў яму: "Напісана: ня толькі хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых." (Паўт 8,3)
5. Затым бярэ (пераносіць) Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць на версе сьвятыні,
6. і кажа яму: "Калі Ты - Сын Божы, дык спусьціся на ніз; бо напісана: "Анёлам сваім паручыў (Бог) Цябе, і яны на руках панясуць Цябе, каб часам аб камень не скалечыў сваёй нагі" (Пс 90,11-12)
7. Езус сказаў: "Ня зводзь Госпада Бога твайго (Паўт. 6,16)
8. Дык зноў пераносіць Яго д'ябал на вусокую надта гару, ды паказвае Яму ўсе каралеўствы сьвету і іх пышнасьць,
9. і кажа Езусу:"Усё гэта аддам табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне."
10. Затым Езус сказаў яму: "Ідзі ад Мяне, шатан, бо напісана: Госпаду твайму Богу кланяцца будзеш, і аднаму Яму служыць будзеш" (Паўт. 6,13).
11. Тады пакінуў Яго д'ябал а прыступіліся анёлы і служылі Яму.
Пачатак публічнай дзейнасьці Хрыста
12. Калі Езус пачуў, што Ян увязьнены, перанёсся ў Галілею.
13. Затым пакінуўшы горад Назарэт прыйшоў і абжыўся ў Кафарнаўм надморскім, на рубяжы плямён Забулён і Нэфталі.
14. Каб збылося прадсказана Прарокам Ізаям:
15. "Зямля Забулён і зямля Нэфталі, дарога марская за Ярданам, Галілея паганская.
16. Народ, які сядзеў у пацемках, убачыў сьвятло вялікае. Сьвятло ўзыйшло седзячым у краі засеня сьмерці" (Із.9,1-2).
17. Адсюль пачаў Езус вучыць і напамінаць: Пакутуйце, бо прыблізілася Каралеўства нябеснае."
Прызыў першых вучняў
18. А калі Езус ішоў каля Мора ў Галілеі, убачыў двух братоў Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, як запускалі сеткі ў мора, бо былі рыбакамі.
19. Сказаў ім: "Хадзіце за Мной! Зраблю вас рыбакамі людзей".
20. Яны, адразу кінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21. Падыйшоўшы адтуль, ўбачыў двух іншых братоў: Якуба Забэдэявага і Яна, брата ягонага, як з бацькам сваім, Забэдэям, правілі сеткі ў лодцы. Езус і іх паклікаў.
22. А яны адразу, пакінуўшы сеткі і бацьку, пайшлі за Ім.
Місія Хрыста ў Галілеі
23. Затым абходзіў Езус усю Галілею і вучыў у сынагогах, і вясьціў Эвангелію Каралеўства ды аздараўляў сярод людзей усякую хваробу і ўсякую немач.
24. І аб Ім разыйшлася слава па ўсёй Сырыі. Дык прыносілі да Яго ўсіх рознымі немачамі хварэючых і церпячых, дый апанаваных ліхім, люнатыкаў, спараліжаваных, і Езус аздараўляў іх.
25. І хадзілі за Ім вялікія грамады: з Галілеі, і з Дэкаполя, з Ерузаліма, і з Юдэі, дый з-за Ярдана.
|