01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
11 І дана імне трысьціна, падобная да прута, і сказана: „Устань, і памерай дом Божы а аброчнік, і тых, што кланяюцца ў ім. 2 А навонны панадворак дому Божага вылуч і ня мерай яго, бо ён даны паганам: яны будуць таптаць сьвятое месца сорак два месяцы. 3 I дам сілу двум сьветкам Сваім, і яны будуць праракаць тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, адзеўшыся ў зрэбніну".
4 Гэта дзьве аліўкі й два сьветачы, каторыя стаяць перад Богам зямлі. 5 I калі хто захоча ім шкодзіць, дык агонь выйдзе з роту ў іх і пажарэць непрыяцеляў іхных; калі хто захоча ім шкодзіць, гэтак мае быць забіты.
6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб дождж ня йшоў на зямлю за дзён прараканьня іхнага; і маюць уладу над водамі - абарачаць іх у кроў і разіць зямлю ўсялякай болькаю, колькі разоў захочуць.
7 I як скончаць яны сьветчаньне свае, зьвер, каторы выходзе зь бяздоньня, будзе ваяваць ізь імі, і пераможа іх, і заб'ець іх, 8 I трупы іхныя будуць на вуліцы вялікага места, каторае духоўна завецца Содома й Ягіпет, ідзе й Спадар нашы ўкрыжаваны. 9 I зь людаў а плямёнаў а языкоў а народаў будуць глядзець на трупы іхныя тры дні з палавіцаю, і не дазволяць пакласьці трупы іхныя да грабоў. 10 I жывучыя на зямлі будуць цешыцца з гэтага а весяліцца, і пашлюць дары адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі жывучых на зямлі.
11 Але просьле трох дзён із палавіцаю ўвыйшоў у іх ад Бога дух жыцьця, і яны сталі на ногі свае, і вялікі страх напаў на тых, каторыя глядзелі на іх. 12 I я пачуў вялікі голас ізь неба, што казаў ім: „Увыйдзіце сюды". I яны ўзышлі на неба ў булаку; і глядзелі на іх непрыяцелі іхныя.
13 I тае ж гадзіны зьдзеялася вялікае трасеньне зямлі, і дзясятая часьць места пала, і сем тысячаў імёнаў людзкіх было забіта ў тым землятрасеньню; і засталыя працяты былі жахам, і ўздалі славу Богу нябёснаму.
14 Другая бяда мінула; вось, ідзець уборзьдзе трэйцяя бяда.
15 I сёмы ангіл затрубіў, і разьлягліся на небе вялікія галасы, кажучы: „Гаспадарства сьвету сталася Спадара нашага а Хрыста Ягонага, і будзе гаспадарстваваць на векі вякоў.
16 I дваццаць чатырох старых, што сядзелі на пасадах сваіх перад Богам, палі на віды свае й пакланіліся Богу, 17 Кажучы: „Дзякуем Табе, Спадару Божа ўсемагучы, Каторы ёсьць і быў, што Ты прыняў вялікую сілу Сваю і загаспадарстваваў. 18 I ўзлаваліся народы; і прышоў гнеў Твой, і пара судзіць мертвых, і даць адплату слугам Тваім прарокам а сьвятым а тым, што баяцца імені Твайго, малым і вялікім, і загубіць тых, што губілі зямлю".
19 I рашчыніўся дом Божы на небе, і відаць скрыня ўмовы Ягонае ў доме Ягоным; і сталіся маланьні а галасы а громы а трасеньне зямлі а вялікі град.
|