01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
8 Наказую вам, браты, праз ласку Божую, даную цэрквам Макядонскім; 2 Бо яны сярод вялікага дазнаньня атугамі маюць збытак радасьцяў; і вялікая галіта іхная збыткавала багацьцям шчодрасьці. 3 Бо сьветчу, што подле магчымасьці і звыш магчымасьці ахвотныя былі, 4 Просячы нас ізь вялікім маленьням прыняць дар а ўзаем'е ў службе сьвятым; 5 I ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны самых сябе перш аддалі Спадару і нам з волі Божае.
6 Затым мы прасілі Ціта, каб ён, як уперад пачаў, так і скончыў узглядам вас гэтую ласку таксама. 7 I аднолькава як вы шчодрыя ў вусім: у веры а ў слове а ў ведзі а ў кажнай улеглівасьці а ў міласьці сваёй да нас, каб былі шчодрыя і ў гэтай ласцы.
8 Не кажу вам як расказаньне, але рупатлівасьцяй іншых прабую шчырасьць і міласьці вашае. 9 Бо вы знаеце ласку Спадара нашага Ісуса Хрыста, што ён дзеля нас, будучы багаты, зьбяднеў, каб вы забагацелі галітою Ягонай. 10 I даю раду да гэтага, бо яна карысная вам, каторыя ня толькі рабіць, але й хацець пачалі першыя летась. 11 Вось жа, цяпер і ўчынкам завяршыце гэта, каб, як гатовае было хаценьне, так і ўчыненьне з тога, што маеце. 12 Бо калі будзе імкненьне, яго прыймаюць узглядам тога, што хто мае, а ня ўзглядам тога, што ня мае.
13 Не каб іншым была палёгка, а вам ацяжарэньне, 14 Але роўнасьць. Цяпер дастатак вашы да нястачы іхнае, каб дастатак іхны мог быць да нястачы вашае, каб была роўнасьць, 15 Як напісана: „Хто зьбер шмат, ня меў нястачы; і хто - мала, ня меў нястачы".
16 Але дзякі Богу, Каторы такую самую шчырую рупатлівасьць да вас даець у сэрца Цітава; 17 Бо ён запраўды прыняў маленьне і, будучы поўны рупатлівасьці, самахоць пайшоў да вас. 18 Паслалі ж мы зь ім брата, хваленага ў Дабравесьці ў вусіх цэрквах, 19 Ды абранага цэрквамі за спадарожніка нашага з гэтай ласкаю, каторай мы служым на славу Самага Спадара й парываньня вашага, 20 Сьцерагучыся таго, каб хто ня зганіў нас за дастатак, каторым слугуем; 21 Бо мы стараемся праз дабро не адно перад Спадаром, але й перад людзьмі.
22 I зь імі мы паслалі брата свайго, каторы шмат разоў давёў, што рупны, і цяпер рупнейшы з прычыны вялікага даверу да вас. 23 Што да Ціта, гэта - мой сябра а супрацавень у вас; што да братоў нашых, гэта - паслове цэркваў, слава Хрыстова. 24 Дык перад цэрквамі дайце ім довад міласьці вашае й нашага хваленьня вамі.
|