01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
16
1. I пачуў я магутны голас са сьвятыні, загадваючы сямі анёлам: "Iдзіце і выліце сем чашаў гневу Божага на зямлю".
2. I пайшоў першы, і выліў сваю чашу на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія насілі кляймо зьвера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.
3. І другі (анёл) выліў сваю чашу ў мора; і сталася мора як кроў памёршага, і ўсё жывое пагінула ў моры.
4. І трэці (анёл) выліў сваю чашу на рэкі і крыніцы водаў, і сталіся яны крывёй.
5. I пачуў я, як казаў анёл водаў: "Справядлівы Ты, які ёсьць, які быў, Сьвяты, што такі прысуд выдаў,
6. бо яны пралівалі кроў сьвятых прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны гэтага".
7. I пачуў я голас іншы з аўтара, які казаў: "Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны".
8. І чацьвёрты (анёл) выліў сваю чашу на сонца; і дадзена яму моц нішчыць людзей сьпякотаю і агнём.
9. І пякліся людзі ад вялікага жару, і зьневажалі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, і не аддалі Яму хвалы.
10. І пяты (анёл) выліў сваю чашу на трон зьвера; і тады цемрай ахуталася яго каралеўства, і кусалі сабе (людзі) языкі ад болю,
11. і блюзьнілі на Бога нябёсаў з прычыны болю і скулаў, але ня каяліся за учынкі свае.
12. І шосты (анёл) выліў чашу сваю на раку, што завецца Эўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым падрыхтаваць дарогу каралям з усходу сонца.
13. І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з ляпы дракона, з ляпы зьвера і з вуснаў фальшывага прарока.
14. Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.
15. Вось іду як злодзей. Шчасьлівы той, хто чувае і сьцеражэ адзежу сваю, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.
16. І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Гармагедон.
17. І сёмы (анёл) выліў сваю чашу ў паветра; і пачуўся магутны голас са сьвятыні ад трону: "Споўнілася!"
18. І сталіся маланкі, і грымоты, і галасы, і пачалося страшнае трасеньне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі.
19. І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі зьнішчаны. І ўспомніў Бог пра вялікі Бабілён, і даў яму піць келіх віна лютага гневу свайго.
20. І кожны востраў зьнік, і ўсе горы пазьнікалі.
21. І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зьневажалі Бога за пакараньне градам, бо вельмі вялікі быў той град.
|