01 - 02 - 03
3
Дзень Госпадаў
1. Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць,
2. каб вы памяталі словы, якія ўжо даўно былі сказаныя сьвятымі прарокамі поруч прыказаньні Госпада і Збаўцы, перададзеныя вам апосталамі.
3. Перад усім ведайце, што ў апошнія дні паявяцца паклёпнікі з кпінамі, каторыя будуць хадзіць паводле сваіх пажаданьняў
4. і будуць пытацца: "Дзе ж абяцаньне Ягонага прыходу? Вось з тога часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку сьвету".
5. Бо ня ведаюць яны, што думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
6. ды што праз яе той сьвет загінуў, затоплены вадою.
7. А цяперашнія неба і зямлю тое самае слова захавала для агню, на дзень суду і загубы бязбогіх людзей.
8. Няхай для вас, дарагія, ня будзе тайнай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў - як адзін дзень.
9. Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы для вас, ня хочучы нічыёй загубы, але хочучы ўсіх давесьці да навярненьня.
10. Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба з шумам вялікім праміне, стыхіі ў агні растопяцца, а зямля і ўсе творы на ёй згараць.
Заахвота да сьвятасьці
11. Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці,
12. калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымеючы, счэзнуць, і стыхіі ў агні рассыпяцца.
13. Аднак, паводле абяцаньня мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасьць.
14. Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб (Ён) застаў вас у супакоі.
15. І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павал у сваёй мудрасьці напісаў вам,
16. і ва ўсіх лістах аб гэтым гаворыць, у якіх ёсьць некаторыя справы цяжкія для разуменьня, якія людзі недавучаныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісаньні, на сваю загубу.
Заканчэньне
17. Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб ня ўблытацца ў аблуду, і не адпасьці ад свайго умацаваньня.
18. Дык узрастайце ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасьці. Амэн. |