01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06
6.
Нявольнікі і паны
1. Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх паноў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зьневажаліся.
2. Якія маюць паноў веручых, няхай імі не пагарджаюць, хоць яны і браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веручыя і ўмілаваныя, і спрыяюць ім. Вучы гэтаму і заклікай.
Фальшывыя настаўнікі
3. Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых словаў Госпада нашага Езуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасьцю,
4. той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасьць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісьць, звадкі, блюзьнерствы, ліхія падазрэньні,
5. пустыя спрэчкі між людзьмі папсаванага розуму, пазбаўленых праўды і думаючых, што пабожнасьць служыць для ўзбагачэньня.
6. Але вялікім набыткам ёсьць пабожнасьць і заспакаеньнем немалым.
7. Нічога бо мы не прынесьлі на гэты сьвет, і нічога, як вядома, ня вынесем.
8. Маючы ж ежу і ў-ва што апрануцца, будзьма гэтым задаволены.
9. А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў (д'ябальскую) пятлю ды ў многія некарысныя, а то і шкодныя пажаданьні, якія топяць людзей у бездані загубы.
10. Корань бо ўсякіх няшчасьцяў ёсьць сквапнасьць, за якой гонячыся, некаторыя адпалі ад веры і мучацца вялікімі пакутамі.
Заахвочваньне да вернай службы
11. А ты, чалавек Божы, высьцерагайся гэтага. Шукай справядлівасьці, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, лагоднасьці.
12. Змагайся добрым змаганьнем веры, здабудзь жыцьцё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сьведчаньне перад шматлікімі сьведкамі.
13. Загадваю табе перад Богам, які ажыўляе ўсё, і Езусам Хрыстом, які даў добрае сьведчаньне і вызнаньне перад Понціем Пілатам,
14. каб ты спаўняў прыказаньне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Езуса Хрыста,
15. якое выявіць у свой час багаслаўлены і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад валодаючых,
16. які сам адзін мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці недаступнай, якога ніхто з людзей ня бачыў і бачыць ня можа; Яму чэсьць і панаваньне вечнае. Амэн.
Як карыстацца багацьцем
17. Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе ня думалі і не пакладалі надзеі ў няпэўным багацьці, але спадзяваліся на Бога, які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцьця,
18. каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся з іншымі,
19. зьбіралі сабе добры грунт на будучае, каб атрымаць жыцьцё вечнае.
Заканчэньне
20. О, Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цьверджаньняў фальшывай навукі,
21. прыхільнікі якой страцілі веру. Ласка з вамі. |