01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06
5.
Агульныя парады
1. На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку; маладых, як братоў;
2. старэйшага ўзросту жанчын, як матак, а маладых, як сёстраў з усёй чыстасьцю.
Адносна ўдоваў
3. Удоваў шануй, якія сапраўды ўдовы.
4. Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта ёсьць мілым Богу.
5. Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, мае надзею на Бога, і не перастае ўпрошваць Бога і маліцца днём і ноччу.
6. Удава, якая распусна жыве, тая памёршая.
7. І гэта загадвай ім, каб яны былі беззаганнымі.
8. Калі ж хто не апякуецца сваімі, тым больш хатнімі, той адрокся веры і горшы за няверучага.
9. Выбіраць трэба ўдаву ня менш шасьцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,
10. выпрабаваную ў добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, што яна гасьцінная, што сьвятым ногі абмывала, што пакутуючых у горы пацяшала, што рупілася пра добрыя справы.
11. А маладых удоваў абмінай, бо іх пачуцьцёвасьць адводзіць ад Хрыста, дык яны гоняцца выйсьці замуж.
12. Яны падлягаюць асуджэньню, бо страцілі першую веру.
13. Высьцерагайся таксама гультаяк, што цягаюцца па хатах; такія ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і лапочуць, што не належыцца.
14. Дык лічу, што лепш, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам і не давалі падставаў да ачарненьня.
15. Бо ўжо некаторыя пайшлі за шатанам.
16. Калі ж які верны ці верная мае ўдоваў, дык няхай апякуецца імі і не абцяжарвае царквы, каб яна магла ўспамагаць тым, якія сапраўды ўдовы.
Аб старшых
17. Старшыя, якія добра кіруюць, вартыя падвойнага гонару, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
18. Вось жа кажа Пісаньне: "Не завязвай морды валу, які малоціць", і: "Работнік варты заплаты сваёй".
19. Не прыймай абвінавачваньняў на старшых, хіба ў прысутнасьці ня менш двух сьведкаў.
20. Грэшніка павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.
21. Заклінаю цябе перад Богам і Езусам Хрыстом і выбранымі анёламі захаваць гэта без перадузятасьці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.
22. Не ўскладай ні на кога пасьпешліва рук, каб ня стаць табе супольнікам чужых грахоў.
23. З гэтай пары ня пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на твой страўнік, дзеля частых яго захворваньняў.
24. Грахі некаторых людзей вядомыя перад судом, іншых жа толькі пасьля раскрываюцца.
25. Падобна і добрыя ўчынкі бываюць яўнымі, а калі яны скрытыя, дык усё роўна схавацца ня змогуць.
|