Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першы ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы


 

 

Першы ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16


6

Суды між хрысьціянамі

1. Як адважваецца хтосьці з вас, маючы непаразуменьне з другім, судзіцца з ім перад нявернымі, а не перад сьвятымі?

2. Няўжо вы ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? І калі вамі будзе суджаны сьвет, дык ці ня можаце вы судзіць меншыя (справы)?

3. Ці ня ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? Дык тым болей справы жыцьцёвыя?

4. А вы, судзячыся ў жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судьдзямі ня маючых пашаны ў царкве.

5. На сорам вам кажу гэта. Няўжо няма ў вас ніводнага разумнага, каторы мог бы рассудзіць братоў сваіх?

6. А то брат з братам судзіцца, ды яшчэ перад няверучымі?

7. Ужо і тое для вас прыніжэньне, што судзіцеся паміж сабой. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму ня лепш панесьці шкоду?

8. Але вы самі дапускаецеся несправядлівасьці і крыўдзіце нават братоў.

9. Ці ня ведаеце, што несправядлівыя не атрымаюць Каралеўства Божага ў спадчыну? Дык не падманвайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаныя, ані мужчыны, жывучыя з сабой,

10. ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані зламоўныя, ані рабаўнікі ня возьмуць у спадчыну Каралеўства Божага.

11. І такімі былі некаторыя з вас. Але вы абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.

Распуста

12. "Усё мне можна!" Але ня ўсё карысна. "Усё мне можна!" Але я нічому не дазволю мець уладу нада мною.

13. "Ежа - для жывата, і жывот - для ежы". Але Бог зьнішчыць адно і другое. Дык цела не для распусты, але для Госпада, і Госпад - для цела.

14. Бог жа і Госпада ўваскрасіў, і нас таксама сваёю магунасьцю ўваскрасіць з памёршых.

15. Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя ёсьць члены Хрыста? Ці ж, узяўшы члены Хрыста, буду рабіць іх членамі распусьніцы? Ніколі!

16. Або ці ня ведаеце, што той, хто злучаецца з распусьніцай, творыць з ёй адно цела? "Будуць вось яны, - як сказана, - двое адным целам".

17. Той жа, хто лучыцца з Госпадам, ёсьць адным Духам ( з Ім).

18. Сьцеражыцеся распусты! Кожны бо грэх, дапушчаны чалавекам, ёсьць па-за целам. Хто ж грашыць распустай, супраць свайго ўласнага цела грашыць.

19. Ці ж ня ведаеце, што цела вашае ёсьць сьвятыня Духа Сьвятога, каторы ў вас і каторага маеце ад Бога, ды што ўжо не належыце да саміх сябе?

20. Вы ж здабытыя за вялікую цану. Дык хваліце Бога ў целе вашым!


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст