01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
4
Адказнасьць апосталаў
1. Хай уважаюць нас людзі за слугаў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
2. Ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
3. Мяне мала турбуе, што вы ці суд людзкі вырашыць аба мне. Але і я сам сябе не суджу.
4. Бо хоць я не пачуваюся ні ў чым вінаватым, гэтым яшчэ не апраўданы. Госпад - Той, хто судзіць мяне.
5. Дык не судзіце заўчасна, пакуль ня прыйдзе Госпад, каторы асьвеціць тое, што ў цемры скрыта, ды выявіць намеры сэрцаў. Тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
6. Гэта вось, браты, аднёс я да сябе і да Апалёса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не выносіцца вышэй таго, што напісана; ды каб ніхто ў сваёй пыхлівасьці не падымаўся адзін над другім.
7. Хто бо цябе адзначае? Ды што ты маеш, чаго б не атрымаў? Калі ж ты атрымаў, дык нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
8. Вы ўжо насыціліся і сталіся ўжо багатымі, без нас ужо каралюеце. О каб вы на самай справе каралявалі, ды каб і мы з вамі разам маглі караляваць!
9. Вось я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў як апошніх, быццам на сьмерць асуджаных. Сталіся мы відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
10. Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысьце; мы кволыя, а вы дужыя; вас шануюць, а намі грэбуюць.
11. Аж да гэтай пары мы галадаем, смагнем, у нагаце ходзім, бітыя і выгнаныя,
12. і працуем, робячы рукамі нашымі; праклінаныя, мы багаславім; перасьледаваныя, церпім;
13. зьневажаныя, з любоўю адказваем; мы сталіся быццам сьмецьце гэтага сьвету, агідай для ўсіх аж дасюль.
Напамінаньні і перасьцярогі
14. Не пішу гэтага, каб вас засароміць, але каб вам, як найдаражэйшым маім дзеткам, даць напамін.
15. Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але ня шмат бацькоў, бо я ў Хрысьце Езусе праз Эвангельле нарадзіў вас.
16. Дык прашу вас, будзьце маімі пераймальнікамі.
17. Дзеля гэтага пасылаю да вас Цімафея, які ёсьць сын мой найдаражэйшы і верны ў Госпадзе, ён вам прыгадае шляхі мае ў Хрысьце ды тое, аб чым я навучаю ўсюды ў кожнай царкве.
18. Некаторыя заганарыліся, быццам я ня маю намеру наведаць вас.
19. Але я прыйду неўзабаве да вас, калі Госпад дазволіць, і спазнаю ня словы ганарыстых, але чыны,
20. бо Каралеўства Божае не ў словах, але ў чыне.
21. Што хочаце? Ці каб з дубцом да вас я прыйшоў, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
|