01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
12
Дары Духа Сьвятога
1. Не хачу, браты, каб вы ня ведалі пра духоўныя (дары).
2. Калі вы былі яшчэ паганамі, ведаеце, хадзілі вы да нямых балваноў, быццам вялі вас.
3. Заручаю вас, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа: "Анатэма, хай будзе Езус пракляты!" Ды ніхто ня можа сказаць: "Езус ёсьць Госпад", як толькі ў Духу Сьвятым.
4. Розныя дары ласкі, але адзін і той самы Дух.
5. І розныя ёсьць паслугаваньні, але той самы Госпад.
6. І розная таксама дзейнасьць, але той самы Бог, каторы ўсё ў-ва ўсіх робіць.
7. Кожнаму даецца аб'яўленьне Духа для агульнага дабра.
8. Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому даецца тым самым Духам слова веданьня,
9. яшчэ іншаму даецца вера тым жа Духам, іншаму - дар аздараўляньня тым самым Духам,
10. іншаму зноў даецца дар чыніць цуды, іншаму - праракаваньня, іншаму - распазнаваньне духаў, іншаму - розныя мовы, іншаму - тлумачэньне моваў.
11. Усё гэта робіць адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі.
Шмат членаў, адно цела
12. Як адно цела мае многа членаў, а ўсе члены, хоць іх многа, твораць адно цела, так і Хрыстос.
13. Мы бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці то Юдэі, ці то Грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
14. А цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.
15. Калі б нага сказала: "Я не належу да цела, таму што я - не рука", дык няўжо яна таму і не належыць да цела?
16. Або калі вуха скажа: "Я не належу да цела, бо я ня вока?", дык няўжо яно і не належыць да цела?
17. Калі б ўсё цела было вокам, дзе ж быў бы слых? А калі б усё цела было б слых, дык дзе тады нюх?
18. Але Бог разьмясціў члены так, што кожны з іх у целе, як Яму спадабалася.
19. А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж тады цела?
20. Вось цяпер членаў многа, а цела - адно.
21. Ня можа вока сказаць руцэ: "Ты мне непатрэбная!" або галава нагам: "Вы мне не патрэбныя".
22. Наадварот, члены цела, каторыя падаюцца слабейшымі, больш патрэбныя,
23. ды каторыя нам здаюцца менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай, а тыя, што лічацца непрыстойнымі, ахоўваем з тым большай стараннасьцю,
24. а нашыя прыстойныя часткі цела не патрабуюць таго. Так Бог уфармаваў наша цела, што даў больш пашаны тым членам, каторым не хапала,
25. каб не было ў целе разьдзяленьня, але каб паасобныя члены рупіліся адзін аб адным.
26. Такім чынам, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе іншыя члены. Падобна, калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
27. Вы - Цела Хрыстовае, а паасобна - члены.
28. І адных Бог устнавіў у Царкве найперш апосталамі, далей прарокамі, трэціх - настаўнікамі, пасьля тых, што маюць моц чыненьня цудаў, потым дар лячэньня, дар успамогі, дар гаспадараваньня, дар усялякіх моваў.
29. А ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе цудатворцы?
30. Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
31. Дабівайцеся харызматаў большых, а я вам пакажу шлях дасканалейшы.
|