01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
8
Перасьлед Ерузалімскае царквы
1. А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэньнем апосталаў, расьсеяліся па Юдэі і Самарыі.
2. А багабойныя людзі пахавалі Сьцяпана і зрабілі вялікае галашэньне па ім.
3. Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы і арыштоўваючы мужчын і жанчын, і аддаючы іх у вязьніцу.
Дзейнасьць Філіпа ў Самарыі
4. А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі, абвяшчаючы слова (Божае).
5. Філіп так прыбыў у горад Самарыйскі і вясьціў ім Хрыста.
6. І грамады аднадушна слухалі, што казаў Філіп, бо ня толькі чулі словы, але і бачылі знакі, якія ён рабіў.
7. З многіх вось апанаваных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спараліжаваных і кульгавых было аздароўлена.
8. І вялікая радасьць сталася ў тым горадзе.
9. А ў горадзе быў адзін чалавек, імем Сымон, каторы раней займаўся чарадзействам і зьдзіўляў народ Самарыі, хвалячыся, што ён нехта вялікі.
10. І паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, і казалі: "Ён - моц Божая, што завецца Вялікая".
11. І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.
12. Але калі ўверылі Філіпу, які абвяшчаў Каралеўства Божае і імя Езуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прыймалі хрост.
13. Тады і Сымон сам уверыў і па атрыманьні хросту далучыўся да Філіпа. І дзівіўся ён надта, бачачы чыненыя цуды і знакі вялікія.
Пётар і Ян у Самарыі
14. Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі туды Пятра і Яна.
15. Яны прыбылі і маліліся за Самаран, каб атрымалі Духа Сьвятога,
16. бо яшчэ ніхто з іх ня быў атрымаўшы, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Езуса.
17. Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Сьвятога.
18. Калі Сымон убачыў, што апосталы ўскладаньнем рук удзяляюць Духа Сьвятога, прынёс ім грошы,
19. просячы: "Дайце і мне гэту ўладу, каб калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Сьвятога".
20. Пётар жа сказаў яму: "Хай серабро тваё ідзе на гібель разам з табой, бо ты маніўся за грошы набыць дар Божы!
21. Ня маеш ты часткі і долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё крывадушнае перад Богам.
22. Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасьць і малі Бога, можа Ён даруе табе ліхі твой намер.
23. Я бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах сапсуцьця".
24. І Сымон адказаў: "Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога таго, што вы казалі".
25. І апосталы, даўшы сьведчаньне (аб Хрысьце) і абвясьціўшы Слова Божае, вярталіся ў Ерузалім, эвангелізуючы ў многіх вёсках Самаранскіх.
Філіп навяртае ўрадоўца каралевы Этыёпіі
26. І анёл Госпадаў сказаў Філіпу: "Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, каторая ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна цалкам пустая".
27. Ён падняўся і пайшоў. Акурат тады пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім муж Этыёпскі, эўнух, урадовец Кандакі, каралевы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў.
28. Ён вось вяртаўся ў сваім возе, чытаючы прарока Ісаю.
29. Дык Дух кажа Філіпу: "Падыйдзі і далучыся да гэтага возу".
30. Калі Філіп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, дык запытаўся ў яго: "Ці разумееш, што чытаеш?"
31. Той адказаў: "Як магу разумець, калі ніхто мне ня выясьніў?" І запрасіў Філіпа ўзьлезьці ў воз і сесьці побач.
32. А месца Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: "Як авечка на зарэз ведзена ды як ягня безгалосае перад тым, хто яго стрыжэ, так Ён не адкрыў вуснаў сваіх.
33. У паніжэньні Яго адмовілі Яму справядлівасьць. Пра род Ягоны хто раскажа? Бо з зямлі ўзята жыцьцё Яго".
34. Эўнух папытаўся ў Філіпа: "Прашу цябе, выясьні, пра каго тут кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго другога?"
35. Тады Філіп, адчыніўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісаньня гэтага, абвяшчаў яму Езуса.
36. І калі ехалі па дарозе, пад'ехалі да вады. Дык кажа эўнух: "Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?"
37. Дык сказаў Філіп: "Калі верыш усім сэрцам, дык можна". І, адказваючы, сказаў (эўнух): "Веру, што Езус Хрыстос ёсьць Сын Божы".
38. І казаў затрымацца, і яны абодва, Філіп і эўнух, увайшлі ў ваду, і (Філіп) ахрысьціў яго.
39. А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Філіпа, і эўнух ня бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.
40. А Філіп апынуўся ў Азоце, і, праходзячы праз ўсе гарады, эвангелізаваў, аж пакуль да Цэзарэі.
|