01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
19
Дзейнасьць Паўла ў Эфэзе
1. І сталася, калі Апалёс прабываў у Карыньце, Павал, прайшоўшы вышэйшыя ваколіцы, прыйшоў у Эфэз ды напаткаў нейкіх вучняў,
2. і спытаў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі прынялі веру?" А яны яму: "Мы нават ня чулі, што ёсьць Дух Сьвяты".
3. "Дык які вы хрост прынялі?" - спытаўся, а яны адказалі: "Хрост Янаў".
4. Тады Павал сказаў: "Ян хрысьціў хростам навяртаньня, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, хто прыйдзе па ім, значыць у Езуса".
5. Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Езуса.
6. І калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты зыйшоў на іх, і гаварылі мовамі і праракавалі.
7. Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчынаў.
8. Затым увайшоў у сынагогу і адважна навучаў, і праз тры месяцы гутарыў і пераконваў пра Каралеўства Божае.
9. Калі аднак некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад грамадамі, дык адлучыўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тыранаса.
10. Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі мелі магчымасьць слухаць слова Госпадава.
11. І Бог чыніў такжа цуды праз рукі Паўла,
12. так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі.
13. Дык некаторыя падарожныя эгзарцысты Юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Езуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: "Заклінаю вас праз Езуса, каторага вясьціць Павал".
14. Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасьвятара Юдэйскага.
15. А ліхі дух адказаў ім: "Езуса ведаю і Паўла ведаю, а вы што за такія?"
16. І кінуўся на іх чалавек, апанаваны ліхім духам, паваліў усіх ды пабіў так, што голыя і пакалечаны ўцяклі з таго дому.
17. І даведаліся пра гэта ўсе Юдэі і Грэкі, пражываючыя ў Эфэзе, ды страх ахапіў ўсіх, і славілі імя Госпада Езуса.
18. І многа веручых прыходзіла, вызнаваючы і выяўляючы ўчынкі свае.
19. Многа такжа з тых, каторыя займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і аблічылі цану іх у пяцьдзесят тысяч сярэбранікаў.
20. Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.
Намеры Паўла спынены забурэньнем Дэмэтра
21. Споўніўшы ўсё гэта, Павал намераваўся ў Духу прайсьці праз Македонію і Ахаю ды ісьці ў Ерузалім, кажучы: "Наведаўшы гэтыя краіны, напраўлюся і Рым паглядзець".
22. Дык выслаў у Македонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.
23. У той час сталася немалое забурэньне з прычыны дарогі (Госпадавай).
24. Адзін сераброўнік, імем Дэмэтар, які вырабляў серабраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў добра зарабляць рамесьнікам,
25. сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамясла і сказаў: "Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла нам дабрабыт.
26. Але бачыце і чуеце, што ня толькі у Эфэзе, але блізу ва ўсёй Азіі гэты Павал пераканаў ды зьвёў шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, што зроблены рукамі.
27. Дык пагражае небясьпека, што ня толькі нашае рамясло ўпадзе, але і сьвятыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы".
28. Калі гэта пачулі, дужа ўзлаваліся і пачалі крычаць: "Вялікая Артэміда Эфэская!"
29. І замяшаньне ахапіла увесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, таварышаў Паўла, кінуліся аднадушна ў тэатар.
30. Калі ж Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пусьцілі яго.
31. Таксама некаторыя прыхільныя яму начальнікі паслалі да яго з просьбай, каб ён не ішоў у тэатар.
32. А там адны крычалі адно, а іншыя - другое, сабраньне бо было бурлівае, і многія ня ведалі, чаго сабраліся.
33. З натоўпу быў выведзены Александар, якога выпіхалі Юдэі. Александар даў знак рукою, і хацеў апраўдацца перад народам.
34. Калі ж даведаліся, што ён - Юдэй, то закрычалі ўсе ў адзін голас і каля двух гадзін крычалі: "Вялікая Артэміда Эфэская!"
35. І калі (гарадзкі) пісар супакоіў грамады, сказаў: "Эфэсцы! Ці ёсьць чалавек, каторы ня ведае, што горад Эфэз славіць вялікую Артэміду і што фігура яе Зэўсам спушчана?
36. Гэтаму нельга запярэчыць, таму павінны вы супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.
37. Прывялі вы гэтых людзей, каторыя ані не зьневажалі, ані не блюзьнілі на багіню нашу.
38. А калі Дэмэтар і яго рамесьнікі маюць супраць некага справу, дык на рынку праводзяцца суды, і ёсьць праконсулы; хай адны другіх вінавацяць.
39. А калі чаго іншага дамагаецеся, вырашаеца гэта законна на скліканым сходзе.
40. Пагражае бо нам абвінавачаньне адносна сягоньняшняга забурэньня, бо няма ніякае прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча". І па гэтых словах распусьціў сабраньне.
|