Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні апосталаў


 

 

Дзеяньні апосталаў

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27
– 28

 

15

Сабор Ерузалімскі

Спрэчка пра абразаньне

1. Некаторыя, паходзячыя з Юдэі, навучалі братоў: "Калі ня будзеце абрэзаныя па звычаю Майсея, ня можаце быць збаўлены".

2. Дзеля таго ўзьнікла шмат немалых спрэчак і звадак паміж імі ды Паўлам і Барнабай, так што вырашылі, каб Павал і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старшых.

3. Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навярненьне паганў, чым выклікалі ў братоў вялікую радасьць.

4. Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя царквою і апосталамі ды старшымі, і расказалі ім, як Бог дзейнічаў праз іх.

5. Але некаторыя навернутыя з герэзіі фарысэйскай супрацівіліся і сказалі: "Трэба абрэзаць іх і загадаць берагчы закон Майсея!"

6. Дык сабраліся апосталы і старшыя разгледзець гэтую справу.

Прамова Пятра

7. Калі па гэтым узьнікла вялікая спрэчка, тады ўстаў Пётар і сказаў ім: "Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўных дзён выбраў з нас, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Эвангельля ды ўверылі.

8. І Бог, што ведае сэрцы, засьведчыў гэта, даючы ім Духа Сьвятога, як і нам,

9. і не зрабіў ніякай розьніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іхнія верай.

10. Дык чаму цяпер спакушаеце Бога, ускладаючы на вучняў ярмо, каторага ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць?

11. Мы аднак верым, што праз ласку Госпада Езуса будзем збаўлены, як і яны".

12. І замоўкла ўся грамада, і слухалі аповед Барнабы і Паўла пра многасьць цудаў і знакаў, учыненых Богам праз іх сярод паганаў.

Прамова Якуба

13. І калі яны перасталі расказваць, адказваючы, Якуб сказаў: "Мужы браты, паслухайце мяне.

14. Сымон расказаў, як Бог сам выбраў сабе з-паміж паганаў народ для імя свайго,

15. і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

16. "Потым вярнуся і адбудую ўпаўшую палатку Давіда, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

17. каб рэшта людзей шукала Госпада, ды ўсе народы, над каторымі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, каторы робіць

18. прадказаныя спрадвеку падзеі".

19. Таму лічу, што ня трэба непакоіць тых, каторыя з паганаў навярнуліся да Бога,

20. але напісаць ім, каб сьцерагліся ежы, ахвяраванай балванам, распусты, і ўсяго задушанага, і крыві.

21. Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленьняў мае такіх, што ў паасобных гарадах абвяшчаюць яго ў сынагогах, у кожную суботу чытаючы яго".

Пастанова апосталаў

22. Тады апосталы і старшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў першых з-паміж братоў, Юду, званага Барсабай, і Сілу, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабай і Паўлам,

23. паслаўшы праз іх ліст: "Апосталы, і старшыя, і браты, тым, што жывуць у Антыёхіі, Сырыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітаньне!

24. Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэньня занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашыя.

25. Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабай і Паўлам,

26. людзьмі, каторыя для імя Госпада нашага Езуса Хрыста аддалі жыцьцё сваё.

27. Дык пасылаем Юду і Сілу, каторыя перакажуць словамі тое самае.

28. Бо Дуxу Сьвятому і нам надумалася справядлівым не накладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

29. паўстрымацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце".

30. Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію, і, сабраўшы народ, аддалі яму ліст.

31. Калі яго прачыталі, усьцешыліся з яго пацяшаючага зьместу.

32. А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

33. Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаньнем міру да тых, каторыя іх паслалі.

34. Але Сіла вырашыў застацца тамака.

35. А Павал і Барнаба жылі ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі іншымі слова Госпадава.

Другое місійнае падарожжа Паўла.

Спрэчка пра Марка

36. Па нейкім часе Павал сказаў Барнабе: "Вернемся і наведаем братоў ва усіх гарадах, у якіх мы вясьцілі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца".

37. Барнаба хацеў ўзяць з сабой Яна, званага Маркам,

38. але Павал судзіў, што за тое, што ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не хацеў працаваць з імі, не належыцца браць яго.

39. І дайшло да сваркі, так што разьдзяліліся, і Барнаба ўзяў Марка, і паплыў на Кіпр,

40. Павал жа выбраў Сілу і пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.

41. І праxодзіў праз Сырыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст