Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Марка


 

 

Эвангельле паводле Марка

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16

 

9

1. І далей казаў: "Сапраўды кажу вам: Некаторыя стаячыя тут не пакаштуюць сьмерці перш, чым будуць аглядаць Каралеўства Божае, прыходзячае ў моцы".

Перамяненьне Езуса

2. І цераз шэсьць дзён Езус бярэ Пятра, і Якуба, і Яна, і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

3. Адзеньне Яго пачало блішчэць і стала белымі, як сьнег, як на зямлі бялільшчык выбеліць ня зможа.

4. І явіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

5. У адказ кажа Пётар Езусу: "Раббі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну".

6. Сам бо ня ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.

7. І паявілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака, кажучы: "Гэта Сын Мой улюблены, Яго слухайце!"

8. І яны, зараз разгледзеўшыся, апрача Езуса нікога больш ня ўбачылі.

Прыход Гальяша

9. І калі зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.

10. І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што мела значыць "Уваскрэсьне".

11. Дык пыталі Езуса: "Чаму кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Гальяш?"

12. А Ён адказаў ім: "Гальяш, калі прыйдзе перш, направіць усё; і як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець і будзе пагарджаны.

13. Але Я вам кажу: І Гальяш прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана".

Аздараўленьне эпілептыка

14. І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, спрачаючыхся з імі.

15. Убачыўшы Езуса, увесь народ зьдзівіўся і стрывожыўся, і, падбягаючы, вітаў Яго.

16. І спытаўся ў іх: "Пра што спрачаецеся між сабой?"

17. І нехта з натоўпу сказаў: "Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

18. І ён, дзе наваліцца на яго, кідае яго на зямлю, і пеніцца ён, і скрыгоча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не маглі".

19. Ён жа ў адказ кажа ім: "О родзе няверлівы, дакуль буду Я між вас? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне".

20. І прынесьлі яго. І калі ён убачыў Езуса, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

21. І запытаўся ў бацькі: "Як даўно гэта яму здарылася?" А ён сказаў: "Ад дзяцінства;

22. і часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, зжалься над намі".

23. Езус сказаў яму: "Калі можаш". Усё магчыма веручаму".

24. Тады бацька хлопца, плачучы, сказаў у голас: "Веру, дапамажы майму недаверству".

25. І калі Езус убачыў, што набягае натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: "Духу глухі і нямы! Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго".

26. І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго. І (хлопец) зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі, што ён памёр.

27. Езус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

28. І калі Езус вярнуўся дамоў, вучні Ягоныя ўжо адны пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі яго выгнаць?"

29. І Ён сказаў ім: "Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост".

Другое прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

30. І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

31. Бо навучаў вучняў сваіх і казаў ім: "Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей і заб'юць Яго, але забіты праз тры дні ўваскрэсьне".

32. Але яны словаў гэтых не разумелі ды баяліся Яго пытацца.

Хто большы

33. І прыбылі ў Кафарнаўм. І калі былі ў доме, спытаўся іх Езус: "Аб чым вы ў дарозе разважалі?"

34. Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся паміж сабой, хто з іх найбольшы.

35. І Езус, сеўшы, паклікаў Дванаццаць, і кажа ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх слугою".

36. І, узяўшы дзіця, паставіў яго паміж іх, ды, прытуліўшы яго, сказаў ім:

37. "Калі хто ў імя Маё прыйме адно з такіх дзяцей, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, дык не Мяне прыймае, але Таго, хто Мяне паслаў".

У імя Езуса

38. Сказаў Яму Ян: "Вучыцель, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ня ходзіць з намі".

39. Езус жа кажа: "Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды у імя Маё, ня можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

40. Бо хто ня супраць нас, той з намі.

41. Бо хто падасьць вам кубак вады напіцца ў імя Маё, таму што вы - Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць заплаты сваёй.

Згаршэньні

42. А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, веручых у Мяне, такому лепш было б прычапіць млынавы камень на шыю яго і кінуць у мора.

43. І калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве рукі, папасьці ў пекла, у агонь нязгасны,

44. дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

45. І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе храмому ўвайсьці ў жыцьцё, чым, маючы абедзьве нагі, быць укінутым у пекла,

46. дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

47. І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсьці ў Каралеўства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

48. дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

49. Бо кожны будзе агнём пасолены.

50. Соль добрая, а калі соль зьвятрэе, дык чым яе прыправіць? Мейце ў сабе соль і супакой мейце між сабою".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст