01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
8
Другое памнажэньне хлеба
1. У тыя дні, калі зноў сабралася вялікая грамада і ня мела чаго есьці, Езус, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
2. "Шкада мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне, ды ня маюць чаго есьці.
3. Калі іх галодных адпраўлю дамоў, прыстануць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк".
4. І адказалі Яму вучні Ягоныя: "Скуль зможа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?"
5. Дык пытаецца ў іх: "Колькі маеце хлябоў?" Яны адказалі: "Сем".
6. Дык загадаў людзям сесьці на зямлі ды, зяўшы сем хлябоў, і падзяку складаючы, паламаў і даў вучням сваім, каб раздалі людзям.
7. Мелі таксама крыху рыбаў. І іх багаславіў, і загадаў раздаць людзям.
8. І елі, і наеліся, і сабралі таго, што засталося, сем кашоў кавалкаў.
9. Было ж тых, што елі, каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.
Знак з неба
10. І адразу сеўшы са сваімі вучнямі ў лодку, прыйшоў ў ваколіцы Дальмануты.
11. І фарысэі, выйшаўшы, пачалі з Ім спрачацца, і, зводзячы Яго, дамагаліся ў Яго знаку з неба.
12. І Езус, уздыхнуўшы ў духу сваім, кажа: "Чаму гэты род патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: Знак ня будзе дадзены роду гэтаму".
13. Ды, пакінуўшы іх, увайшоў у лодку і адправіўся на другі бераг.
Кісьля фарысэйская
14. І забыліся ўзяць хлеб, і мелі з сабою ў чаўне толькі адзін бохан.
15. І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай ды кісьлі Геродавай".
16. І яны разважалі між сабой, што ня маюць хлеба.
17. І Езус, ведаючы гэта, кажа ім: "Чаму бядуеце, што ня маеце хлеба? Дасюль ня можаце ўцяміць і зразумець? Яшчэ засьлеплены сэрцы вашыя?
18. Няўжо, маючы вочы, ня бачыце ды, маючы вушы, ня чуеце? Ня памятаеце,
19. як Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысяч, колькі вы астаткаў сабралі поўных кашоў?" Кажуць Яму: "Дванаццаць".
20. "А калі Я сем хлябоў падзяліў між чатырох тысяч, дык колькі тады сабралі кашоў кавалкаў?" Кажуць Яму: "Сем".
21. І сказаў ім: "Дык яшчэ не разумееце?"
Аздараўленьне сьляпога
22. І прыходзяць ў Бэтсаіду. І прыводзяць да Яго сьляпога, ды просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
23. Дык узяўшы сьляпога за руку, завёў яго за вёску і, плюнуўшы ў вочы яму і ўсклаўшы свае рукі на яго, спытаўся ў яго, ці ён бачыць.
24. А той, гледзячы, сказаў: "Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць".
25. Затым зноў усклаў рукі на вочы яго, і той пачаў бачыць; і так паздаравеў, і ясна мог усё бачыць.
26. І адправіў яго у дом свой, кажучы: "Вярніся ў дом свой і, калі прыйдзеш у вёску, не расказвай нікому".
Вызнаньне Пятра
27. І направіўся Езус з вучнямі сваімі ў пасяленьні Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў сваіх: "За каго Мяне лічаць людзі?"
28. Яны адказалі Яму: "Адны - за Яна Хрысьціцеля, другія - за Гальяша, а яшчэ іншыя - за аднаго з прарокаў".
29. Тады папытаўся Ён у іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Яму Пётар: "Ты - Хрыстос!"
30. І забараніў ім, каб нікому аб Ім не гаварылі.
Першае прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня
31. Дык пачаў іх вучыць: "Сыну Чалавечаму трэба многа цярпець, і быць адкінутым старшынямі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым ды па трох днях уваскрэснуць".
32. І гаварыў пра гэта яўна. І Пётар, адвёўшы Яго ўбок, пачаў сварыцца на Яго.
33. Езус жа, павярнуўшыся і глянуўшы на сваіх вучняў, забараніў Пятру, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не што Божае, але што чалавечае".
Ісьці за Езусам
34. І, прызваўшы людзей разам з вучнямі сваімі, казаў ім: "Калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой ды ідзе за Мною.
35. Бо хто хацеў бы зьберагчы жыцьцё сваё, той загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той зьберажэ яго.
36. Бо што за карысьць чалавеку, калі хоць бы ўвесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзіў?
37. Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
38. Бо хто пасароміцца Мяне і словаў Маіх перад гэтым чужаложным і грэшным родам, тога і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сьвятымі".
|