01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
2
Першыя спрэчкі з начальнікамі народу
Аздараўленьне спараліжаванага
1. І па некалькіх днях зноў Езус наведаў Кафарнаўм, і людзі пачулі, што Ён у доме.
2. І зыйшлося такое мноства, што нават пры дзьвярах не маглі памясьціцца, і казаў ім слова.
3. І прыйшлі да Яго са спараліжаваным, каторага несьлі чатырох.
4. І калі дзеля натоўпу не маглі яго паднесьці да Езуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусьцілі насілкі, (пасьцель) на каторых ляжаў спараліжаваны.
5. А калі Езус убачыў іхнюю веру, кажа спараліжаванаму: "Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае".
6. Былі ж там некаторыя кніжнікі, каторыя сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:
7. "Што Ён кажа? Блявузгае! Хто можа адпушчаць грахі, калі ня сам Бог?"
8. А Езус, адразу пазнаўшы сваім духам, што яны так думалі, сказаў ім: "Пра што думаеце ў сэрцах вашых?
9. Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: "Адпускаюцца табе грахі", ці мо: "Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі".
10. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, - кажа спараліжаванаму, -:
11. Табе кажу: Устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой".
12. Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў на дзіва ўсім, каторыя славілі Бога, кажучы: "Мы такога ніколі ня бачылі".
Пакліканьне Левія
13. І Езус зноў выйшаў да мора, а ўвесь натоўп людзей пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14. І калі праходзіў, убачыў Левія Альфеявага, седзячага на мытні, дык кажа яму: "Ідзі за Мной!" І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.
15. І здарылася, калі сядзеў пры стале ў доме ягоным, сядзела разам з Езусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.
16. І кніжнікі фарысэйскія, бачачы, што Езус есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: "Чаму Ён есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?"
17. Пачуўшы гэта, Езус кажа ім: "Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў".
Пытаньне пра пост
18. Вучні Янавы і фарысэі пасьцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: "Чаму вось вучні Янавы і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?"
19. Адказаў ім Езус: "Ці ж могуць пасьціць госьці вясельля, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, ня могуць пасьціць.
20. А надыйдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць пасьціць ў тыя дні.
21. Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзеньня, бо новая лата разьдзярэ старое адзеньне, і дзіра зробіцца большая.
22. Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі, і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя.
Сьвятасьць суботы
23. Прыйшлося аднойчы Езусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Ягоныя, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.
24. Дык фарысэі казалі Яму: "Вось, што робяць у суботу, гэта ж ня сьлед рабіць!"
25. Езус жа кажа ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?
26. Як увайшоў у дом Божы за Абіятара першасьвятара ды еў хлябы пакладныя, каторых нельга яму было есьці, а толькі сьвятарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?"
27. Ды казаў ім: "Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.
28. Вось чаму Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар суботы".
|