Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Марка


 

 

Эвангельле паводле Марка

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16

 

16

Уваскрасеньне Езуса

Пустая магіла

1. І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба, і Салямэя накуплялі духмянасьцяў, каб пайсьці і намасьціць Езуса.

2. І вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

3. А гаварылі яны між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?"

4. І, глянуўшы, бачаць яны адвалены камень. А ён быў велізарны.

5. І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, седзячага па правым баку, адзетага ў белае адзеньне, і аслупянелі.

6. Але ён адазваўся да іх: "Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэйца, укрыжаванага. Ён уваскрос, няма Яго тут, вось месца, дзе быў паложаны.

7. Але ідзіце і паведаміце вучням Ягоным і Пятру: "Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце, як вам казаў".

8. І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, бо ахапіў іх страх ды трывога, і нікому не казалі, бо баяліся.

Езус зьяўляецца перад сваімі

9. Уваскросшы на сьвітаньні ў першы дзень тыдня, Езус найперш паказаўся Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем дэманаў.

10. А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім хадзілі, сумным і плачучым.

11. Але яны, пачуўшы, што Ён жыве і што ёй паказаўся, ня ўверылі.

12. Пасьля паказаўся двум з іх у іншым выглядзе ў дарозе ў вёску.

13. І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі.

14. Нарэшце паказаўся Адзінаццаці, калі сядзелі пры стале, і карыў іхняе недаверства і закамянеласьць сэрца, што не паверылі тым, каторыя бачылі Яго ўваскросшага.

Вялікі наказ

15. І сказаў ім: "Ідзіце на ўвесь сьвет і вясьціце Эвангельле ўсяму стварэньню".

16. Хто ўверыць і прыме хрост, будзе збаўлены. Хто ж ня ўверыць, будзе асуджаны.

17. А тым, што ўвераць, будуць такія знакі: у імя Маё будуць выганяць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,

18. рукамі зьмеяў будуць браць, ды хоць бы што атрутае выпілі, не пашкодзіць ім, на хворых рукі класьці будуць, і яны здаравець будуць".

Ушэсьце

19. І пасьля размовы з імі Госпад Езус узьнёсься ў неба, і сеў па правіцы Божай.

20. А яны, пайшоўшы, вясьцілі ўсюды (Слова Божае), а Госпад успамагаў іх і сьцьвярджаў словы іхнія знакамі.

Папярэдняя старонка | Старонка 16 з 16
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст