01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
14
Змова супраць Езуса
Пастанова сьвятароў і кніжнікаў
1. А да Пасхі і сьвята Праснакоў заставалася два дні. Дык першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Езуса схапіць хітрасьцю і забіць.
2. Казалі аднак: "Толькі не ў сьвяточны дзень, каб не дайшло да замяшаньня ў народзе".
Намашчэньне ў Бэтаніі
3. І калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына, маючая алябастравую пасудзінў каштоўнага алею нардовага, і, пабіўшы алябастар, выліла Езусу на галаву.
4. А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алей?
5. Можна было гэты алей прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і надзяліць убогіх". І наракалі на яе.
6. А Езус бараніў: "Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.
7. Бо ўбогіх заўсёды маеце ў сябе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.
8. Яна, што магла, зрабіла: намашчэньнем цела Маё прыгатавала на пахаваньне.
9. Сапраўды кажу вам: Ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе вешчана Эвангельле, што яна зрабіла, будзе расказвацца ў памяць аб ёй".
Здрада Юды
10. А Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб Яго выдаць.
11. Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў адпаведны час выдаць.
Апошняя вячэра
Прыгатаваньне Пасхі
12. У першы дзень (сьвята) Праснакоў, калі забіваецца ягнё пасхальнае, кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?"
13. І пасылае двух вучняў сваіх і кажа ім: "Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
14. І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: "Вучыцель кажа: Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"
15. Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу прыгатаваную; вось там прыгатуйце месца нам".
16. Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.
Прадказаньне здрады
17. І калі настаў вечар, прыходзіць туды з Дванаццацьцю.
18. І калі сядзелі за сталом і елі, кажа Езус: "Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, каторы есьць са Мною, выдасьць Мяне".
19. Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта ня я?"
20. Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.
21. Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".
Устанаўленьне Эўхарыстыі
22. І калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, і, багаславіўшы, ламаў і даў ім, і казаў: "Бярыце, гэта ёсьць Цела Маё".
23. І, ўзяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
24. І казаў ім: "Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца.
25. Сапраўды кажу вам: Ня буду піць ужо з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае (віно) ў Каралеўстве Божым".
Езус у садзе Аліўным
Прадказаньне вырачэньня Пятра
26. І, адсьпяваўшы гімн, узьняліся на гару Аліўную.
27. І кажа ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе згоршыцеся з Мяне, бо напісана: "Удару пастыра і разьбягуцца авечкі",
28. але калі ўваскрэсну, папераджу вас у Галілеі".
29. А Пётар кажа Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, але ня я".
30. І кажа яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двойчы певень засьпявае, тройчы вырачашся Мяне".
31. Але ён тым мацней гаварыў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна і ўсе яны казалі.
Малітва ў Гетсэманіі
32. І прыходзяць ў сяло, званае Гетсэманія, і кажа Езус вучням сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".
33. І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
34. І кажа ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і чувайце".
35. І, крыху адыйшоўшыся, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.
36. І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"
37. І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх сьпячых. Дык кажа Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць гадзіну ня спаць?
38. Чувайце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух ахвочы, але цела кволае".
39. І, адыйшоўшыся, зноў маліўся ў гэтыя самыя словы.
40. І, зноў вярнуўшыся, застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.
41. Ды трэці раз прыходзіць да іх і кажа ім: "Сьпіце яшчэ і адпачываеце? Даволі! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
42. Падымайцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".
Арышт Езуса
43. І калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікая грамада з мячамі і палкамі ад першасьвятароў, і кніжнікаў ды старшыняў.
44. Здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асьцярожна".
45. І калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і кажа: "Раббі!", і пацалаваў Яго.
46. Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.
47. А адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму вуха.
48. І ў адказ Езус кажа ім: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб узяць Мяне.
49. Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, вучачы, і вы ня ўзялі Мяне, але няхай зьдзейсьнілісяцца Пісаньне".
50. Тады вучні Ягоныя, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
51. І адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай на голае цела, ішоў за Ім, і яго схапілі,
52. але ён выкруціўся з посьцілкі і голы ўцёк ад іх.
Езус перад сваімі суддзямі
Езус перад Радай
53. І прывялі Езуса да першасьвятара, і сабраліся першасьвятары, старшыні і кніжнікі.
54. Пётар жа здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі яны ў панадворак першасьвятара, і потым сядзеў са слугамі, і грэўся пры агні.
55. А першасьвятары ды ўся Рада шукалі сьведчаньня супраць Езуса, каб засудзіць Яго на сьмерць, але не знаходзілі.
56. Бо многа фальшыва сьведчылі супраць Яго, але іх сьведчаньні не зыходзіліся.
57. І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
58. "Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе не рукамі пабудавана".
59. Але і іх сьведчаньні не зыходзіліся.
60. І першасьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"
61. Езус жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасьвятар спытаўся Яго, кажучы: "Ці Ты - Хрыстос, Сын Багаслаўленага?"
62. Езус сказаў яму: "Я ёсьць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячага праваруч Магутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".
63. І першасьвятар, разьдзіраючы адзеньне сваё, кажа: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
64. Вы чулі блюзьнерства; што думаеце?" І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
65. І некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго ды біць кулакамі, кажучы, на Яму: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.
Вырачэньне Пятра
66. І калі Пётар быў на панадворку, на вуліцы, прыходзіць адна з служанак першасьвятара
67. і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыглядаючыся яму, кажа: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"
68. Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі панадворку, і засьпяваў певень.
69. І служанка, зноў угледзеўшы яго, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх".
70. А ён паўторна адрокся. І небавам, тыя, што там стаялі, кажуць Пятру: "Ты запраўды з іх, бо ты - Галілеец".
71. А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня ведаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".
72. І адразу зноў засьпяваў певень. Тады Пётар успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двойчы засьпявае певень, ты тры разы вырачашся Мяне", і пачаў плакаць.
|