01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
12
Прыповесьць пра ліхіх арандатараў
1. І пачаў Езус навучаць іх у прыповесьцях: "Адзін чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і выехаў.
2. У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў атрымаць сваіх пладоў з вінаградніку.
3. Яны ж схапілі яго, зьбілі ды адправілі ні з чым.
4. І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і тому разбілі галаву і зьняважылі.
5. І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых, з каторых адных пакалечылі, другіх пазабівалі.
6. Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбленага Сына, паслаў Яго ўрэшце, кажучы: "Ушануюць сына майго".
7. Але вінаградары гаварылі між сабой: "Ён - спадкаемца! Пойдзем, заб'ём яго і нашаю будзе спадчына".
8. Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9. Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.
10. Няўжо вы не чыталі ў Пісаньні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.
11. Ад Госпада гэта сталася і дзіўна ў вачах нашых".
12. І шукалі Яго схапіць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыповесьць. Дык, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
Падатак цэзару
13. І паслалі да Яго фарысэяў і герадыянаў, каб падлавіць Яго на слове.
14. Вось яны, падыйшоўшы, спыталіся ў Яго: "Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?"
15. А Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, кажа ім: "Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць".
16. Дык прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?" Кажуць Яму: "Цэзараў".
17. Дык у адказ сказаў ім Езус: "Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае - Богу". І дзівіліся з Яго.
Уваскрасеньне целаў
18. І прыходзяць да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня целаў, і пытаюцца ў Яго:
19. "Вучыцель, Майсей напісаў нам: Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, ня маючы дзяцей, дык хай ягоны брат возьме яе за жонку і пакіне патомства брату свайму.
20. Было вось сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы патомства.
21. І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
22. Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі патомства. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.
23. Дык пры ўваскрасеньні, калі ўваскрэснуць з памёршых, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх іх мелі яе за жонку".
24. Езус у адказ кажа ім: "Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце Пісаньня, ані моцы Божай?
25. Бо калі ўвасрэснуць з памёршых, дык ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
26. Пра памёршых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з куста прамаўляў да яго: "Я - Бог Абрагама, і Бог Ізааака, і Бог Якуба?"
27. Бог ня ёсьць Богам памёршых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся".
Найбольшае прыказаньне
28. І адзін кніжнік, каторы чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Езус адказаў, падыйшоў да Езуса і спытаўся ў Яго: "Каторае прыказаньне з усіх першае?"
29. А Езус адказаў яму: "Першае з усіх прыказаньняў такое: "Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш - Бог адзіны.
30. Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі сваімі".
31. Другое ж такое: "Любі бліжняга свайго як самога сябе". Большага над гэтыя прыказаньні няма".
32. І кажа Яму кніжнік: "Добра, Вучыцель! Праўду сказаў, што Бог адзін, ды няма іншага апрача Яго,
33. і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душой ды ўсімі сіламі, дый, любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэлапаленьні і ахвяры".
34. Езус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: "Недалёка ты ад Каралеўства Божага". І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.
Мэсія - Сын Божы
35. І, вучачы ў сьвятыні, Езус казаў: "Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?
36. Сам жа Давід сказаў праз Духа Сьвятога: Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, пакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае.
37. Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён - сын яго?" І вялізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.
Сьцеражыцеся кніжнікаў
38. І ў сваёй навуцы казаў Езус: "Высьцерагайцеся кніжнікаў, каторыя ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку,
39. і першыя месцы ў сынагогах ды першыя месцы на банкетах,
40. якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд".
Ахвяра ўдавы
41. І, сеўшы насупраць скарбонкі, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.
42. І прыйшла адна бедная ўдава, і кінула дзьве дробныя манэты, значыць грош.
43. І Езус, паклікаўшы сваіх вучняў, кажа ім: "Сапраўды кажу вам: Гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.
44. Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманьне".
|