Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

9

Пасланьне Дванаццаці

1. Сазваўшы Дванаццацёх, Езус даў ім уладу і моц над усімі дэманамі і на лячэньне хваробаў,

2. і паслаў іх вясьціць Каралеўства Божае і аздараўляць хворых,

3. і сказаў ім: "Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані падарожнага мяшка, ані хлеба, ані грошы, ані дзьвёх вопраткаў.

4. Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і не выходзьце адтуль.

5. І калі б дзе вас не прынялі, выходзьце з тога гораду, і нават пыл абтрасіце з ног вашых на сьведчаньне супраць іх".

6. Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, эвангелізуючы і аздараўляючы ўсюды.

Неспакой Герода

7. А тэтрарха Герод, пачуўшы аб усіх тых падзеях, ня ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі, што гэта Ян уваскрос з мёртвых,

8. другія ж - што Гальяш паявіўся, а яшчэ іншыя - што хіба адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос.

9. І сказаў Герод: "Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб каторым чую такія рэчы?" І стараўся пабачыць Яго.

Цудоўнае памнажэньне хлеба

10. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Ды ўзяўшы іх з сабою, адыйшоў у пустыннае месца каля гораду, званага Бэтсаіда.

11. Калі пра гэта даведаліся грамады, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і навучаў аб Каралеўстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэньня, аздараўляў.

12. А калі ўжо наставаў вечар, падыйшлі Дванаццаць і сказалі Яму: "Адпусьці грамады, каб пайшлі ў вакалічныя пасяленьні і вёскі і знайшлі, дзе пераначаваць і паесьці, бо тут месца пустыннае".

13. Але Езус сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". А яны сказалі: "Ня маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы, хіба пойдзем і купім ежы на ўсю гэту грамаду".

14. Было бо каля пяці тысяч мужчынаў. Дык сказаў Езус сваім вучням: "Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят".

15. І яны зрабілі так, і разьмясьцілі ўсіх.

16. А Езус, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, і пабаславіў іх, і ламаў і даваў вучням сваім, каб яны клалі перад людзьмі.

17. І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося, дванаццаць кашоў кавалкаў.

Вызнаньне Пятра

18. Аднойчы, калі Езус сам адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся ў іх: "За каго лічаць Мяне людзі?"

19. А яны адказалі: "Адны - за Яна Хрысьціцеля, другія - за Гальяша, а іншыя - за аднаго з даўнейшых прарокаў, які ўваскрос".

20. Дык спытаўся ў іх: "А вы за каго Мяне лічыце?" У адказ сказаў Пётар: "За Хрыста Божага".

21. Ён аднак, папярэдзіўшы іх, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,

Прадсказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

22. і дадаў: "Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос".

Езус кліча ісьці за Ім

23. А ўсім сказаў: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай вырачыцца самога сябе і возьме крыж свой на кожны дзень ды ідзе сьледам за Мною.

24. А хто б хацеў жыцьцё сваё ўратаваць, загубіць яго; а хто загубіць жыцьцё сваё дзеля Мяне, выратуе яго.

25. Бо што за карысьць чалавеку, калі б увесь сьвет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?

26. Бо калі хто пасароміцца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасароміцца, калі прыйдзе ў славе сваёй і Айца, і сьвятых анёлаў.

27. Сапраўды кажу вам: Некаторыя з тут стаячых не спазнаюць сьмерці, перш чым не пабачаць Каралеўства Божага".

Перамяненьне Езуса

28. Па васьмі днях пасьля гэтых словаў Езус, узяўшы Пятра, і Яна, і Якуба, узыйшоў на гару памаліцца.

29. А калі маліўся, аблічча Яго зьмянілася, і адзеньне Яго сталася бліскуча белым.

30. І два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Гальяш,

31. якія зьявіліся ў славе і гаварылі аб Ягоным выхадзе, які меў адбыцца ў Ерузаліме.

32. Пётар жа і тыя, што з ім былі, былі змораны сном. А прачнуўшыся, убачылі хвалу Ягоную і двух мужоў, каторыя стаялі пры Ім.

33. І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётар сказаў Езусу: "Вучыцель, добра нам тут быць, зрабема тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну", але сам ня ведаў, што гаварыў.

34. А калі ён гэта гаварыў, явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся, калі пачалі ўваходзіць у воблака.

35. І пачуўся голас з воблаку, кажучы: "Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце".

36. І калі голас сьціх, Езус застаўся адзін. І яны маўчалі ў тыя дні, і нікому не расказвалі таго, што бачылі.

Аздараўленьне эпілептыка

37. Назаўтра, калі зыходзілі з гары, здарылася, што забегла ім дарогу вялікая грамада.

38. І вось адзін чалавек з натоўпу закрычаў: "Вучыцель, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.

39. І вось жа дух хапае яго, і раптам крычыць, ды кідае ім, і цягае яго з пенай, і ледзь пакідае яго, вымучанага.

40. І я прасіў вучняў Тваіх вылечыць яго, але не маглі яны".

41. Тады Езус у адказ сказаў: "О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды".

42. А калі надыходзіў, таргануў ім дэман і кінуў яго на зямлю. Але Езус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку ягонаму.

Другое прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня

43. Таму ўсе дзівіліся з магутнасьці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што Ён рабіў, сказаў вучням сваім:

44. "Улажыце ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей".

45. Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.

Хто большы

46. Паявілася ж у іх думка, хто з іх большы.

47. А Езус, ведаючы думкі сэрцаў іхніх, узяў дзіцё, паставіў яго каля сябе

48. і сказаў ім: "Хто прыйме гэта дзіцё ў імя Маё, Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, прыйме Таго, хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсьць вялікі".

У імя Езуса

49. У адказ Ян сказаў: "Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі".

50. І сказаў яму Езус: "Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той з вамі".

Дарога ў Ерузалім

Езус у Самарыі

51. І сталася, калі набліжаліся дні адыходу Ягонага, вырашыў Ён ісьці ў Ерузалім,

52. і паслаў перад сабой весьнікаў. І яны ўвайшлі ў паселішча Самарыйскае прыгатаваць прыстанішча.

53. Але не прынялі Яго, бо ішоў у напрамку Ерузаліма.

54. Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якуб і Ян, сказалі: "Госпадзе, калі дазволіш, скажам, каб зыйшоў агонь з неба і спаліў іх?"

55. Але Езус, зьвярнуўшыся да іх, пасварыўся на іх, кажучы: "Ня ведаеце, якога вы духа.

56. Сын Чалавечы не прыйшоў губіць душы, але ратаваць". І пайшлі ў другое сяло.

Ісьці за Езусам

57. І здарылася, што калі ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: "Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш".

58. І сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя - гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць".

59. А іншаму сказаў: "Ідзі за Мной!" А той сказаў: "Госпадзе, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго".

60. Але Езус сказаў яму: "Хай памёршыя хаваюць сваіх памёршых, а ты ідзі і вясьці Каралеўства Божае".

61. А іншы сказаў: "Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш разьвітацца з тымі, хто дома".

62. Але Езус сказаў яму: "Ніхто не прыдатны да Каралеўства Божага, хто бярэ рукою сваею за плуг і аглядаецца назад".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст