Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

8

Сьледам за Езусам

1. І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і абвяшчаючы Эвангельле аб Божым Каралеўстве, і былі з Ім Дванаццаць

2. ды некалькі жанчынаў, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, званая Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,

3. Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Герода, і Зузанна, поруч многа іншых, каторыя дапамагалі ім з маёмасьці сваёй.

Прыповесьць пра сейбіта

4. А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў (да іх) у прыповесьцях:

5. "Выбраўся сейбіт сеяць насеньне сваё. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя зьдзяўблі яго.

6. А другое ўпала на скалу і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці.

7. Яшчэ іншае ўпала між церняў, і церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.

8. Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і, калі вырасла, дала плён стакротны". Гэта разказваючы, клікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Значэньне прыповесьці

9. Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.

10. Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, іншым жа яны праз прыповесьці, каб, гледзячы, ня бачылі ды, слухаючы, не разумелі".

11. А гэта такая прыповесьць: Зерне - гэта Слова Божае.

12. А што пры дарозе - гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб ня ўверылі і не былі збаўлены.

13. А што на скале - гэта тыя, што слухаюць ды з радасьцю прыймаюць слова, але ня маюць карэньняў і вераць да часу, і ў час спакусы адпадаюць.

14. Каторае ж упала паміж церняў - гэта тыя, што слухаюць, але праз клопаты і багацьці ды раскошы жыцьця заглушаюцца і не прыносяць пладоў.

15. А што ў добрай зямлі - гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады ў цярплівасьці.

Задача вучняў

16. Ніхто, запаліўшы сьвечку, не хавае яе пад судзіну або пад ложак, але ставіць на сьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.

17. Няма бо нічога тайнага, што не было б выяўлена, ані схаванага, каб ня сталася ведамым ды каб ня выйшла на яў.

18. Глядзеце ж, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца, што мае, будзе аднята".

Сапраўдныя сваякі Езуса

19. Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.

20. І паведамілі Яму: "Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы Цябе пабачыць".

21. А Ён адказаў ім: "Маці Мая і браты Мае - гэта тыя, што слухаюць Слова Божае ды спаўняюць яго".

Цуды і навука

Бура на моры

22. Здарылася аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера". І паплылі.

23. У час пераправы (Езус) задрамаў. І наляцела вятруга на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небясьпецы.

24. Дык пайшлі і пабудзілі Яго, кажучы: "Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!" Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляваньне вады, і настала ціша.

25. І сказаў ім: "Дзе ваша вера?" Яны ж, напалоханыя, гаварылі зьдзіўлена адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае, і яны Яго слухаюць?"

Аздараўленьне апанаванага ліхім

26. Затым паплылі ў краіну Гергесэнскую, што насупраць Галілеі.

27. І калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; ад даўжэйшага часу не адзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў магілах.

28. Ён, убачыўшы Езуса, ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".

29. Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо той ўжо ад даўжэйшага часу валодаў ім, і хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і быў гнаны дэманам у пустыню.

30. Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31. І прасілі яны, каб не загадваў ім ісьці ў бездань.

32. А там на гары пасьвілася вялікае стада сьвіней. Дык прасіліся Яго, каб дазволіў ім ўвайсьці ў іх. І дазволіў ім.

33. Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней, і стада рынулася са стромага берагу ў мора, і патанула.

34. Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.

35. Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Езуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса, і апанаваў іх страх.

36. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як (чалавек) быў аздароўлены, і як дэманы выйшлі з яго.

37. Дык увесь народ краіны Гергесэнскай прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.

38. А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:

39. "Вярніся ў дом твой і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе". І ён пайшоў, расказваючы па ўсім горадзе, што Езус учыніў яму.

Жанчына, хворая на крывацечу

40. Калі Езус вярнуўся, пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.

41. І вось прыйшоў чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі, і ўпаў да ног Езуса, і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,

42. бо памірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Езус ішоў, народ націскаў на Яго.

43. І адна жанчына, маючая дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечаная,

44. падыйшла ззаду (да Езуса) і дакранулася краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэньне крыві.

45. І спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётар і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: Хто дакрануўся да Мяне?"

46. Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".

47. А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падыйшла, дрыжучы, і ўпала перад Ім, і перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.

48. А Езус сказаў ёй: "Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі".

Дачка Яіра

49. Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць з дому начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памерла, не турбуй больш Вучыцеля".

50. Але Езус, пачуўшы гэта слова, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, толькі вер, і будзе яна выратавана".

51. І калі Езус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсьці, адно Пятру, Яну і Якубу разам з бацькам і маткаю дзіцяці.

52. А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: "Ня плачце, не памерла бо дзяўчынка, але сьпіць".

53. Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памерла.

54. А Ён, узяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"

55. І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і загадаў даць ёй есьці.

56. І зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст