01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
22
Апошняя вячэра
Здрада Юды
1. Надыходзіў жа дзень сьвята Праснакоў, называны Пасхай.
2. І першасьвятары, і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся народу.
3. Шатан жа ўвайшоўшы ў Юду, называнага Іскарыётам, аднаго з Дванаццаці.
4. І той, пайшоўшы, дамовіўся з першасьвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Езуса.
5. Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.
6. І абяцаў ён ім ды шукаў магчымасьці, каб выдаць Яго ім, калі будзе далёка ад людзей.
Прыгатаваньне Пасхі
7. І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторым належала ахвяраваць Пасху.
8. І (Езус) паслаў Пятра і Яна, кажучы: "Ідзіце і прыгатуйце нам спажываць Пасху".
9. Яны спыталіся: "Дзе хочаш, каб прыгатавалі?"
10. Езус сказаў ім: "Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас нейкі чалавек, каторы будзе несьці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
11. Ды скажыце гаспадару дому: "Вучыцель кажа табе: Дзе месца, дзе Я з вучнямі Маімі мог бы спажываць Пасху?"
12. Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу, засланую (дываном), там прыгатуеце".
13. Пайшоўшы за тым, знайшлі ўсё, як было ім сказана, і прыгатавалі Пасху.
Апошняя Пасха
14. А калі надыйшла пара, (Езус) заняў сваё месца пры стале, і апосталы з Ім.
15. І сказаў ім Езус: "Жаданьнем вялікім жадаў Я спажываць гэту Пасху з вамі перш, чым буду цярпець.
16. Бо кажу вам: Адгэтуль ня буду яе есьці, пакуль ня споўніцца ў Каралеўстве Божым".
17. І, узяўшы келіх і склаўшы падзяку, сказаў: "Бярыце і падзяліце між сабой.
18. Бо кажу вам: Ня буду піць з плоду вінаграда, пакуль ня прыйдзе Каралеўства Божае".
Установа Эўхарыстыі
19. І, узяўшы хлеб і склаўшы падзяку, ламаў яго і даў ім, кажучы: "Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць".
20. Падобна па вячэры Ён узяў келіх, кажучы: "Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, каторая за вас праліваецца.
Прадказаньне здрады
21. Аднак вось рука здрадніка Майго разам з Маёю на стале.
22. Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана, аднак гора таму чалавеку, каторы яго выдае".
23. І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх меўся гэта ўчыніць.
Спрэчка пра пяршынства
24. Узьнялася таксама спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца першым.
25. Сказаў ім Езус: "Каралі народаў валодаюць імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.
26. Але між вас ня так, але хто ў вас большы, хай будзе як найменшы, і правадыр - як слуга.
27. Хто большы: ці той, хто сядзіць пры стале, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць пры стале? Я аднак у вас як той, што паслугуе.
28. Вы ж ёсьць тыя, што вытрывалі пры Мне ў спакушэньнях Маіх.
29. Я вам пераказваю Каралеўства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
30. каб вы елі і пілі пры стале Маім у Каралеўстве Маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраэля".
Прадказаньне вырачэньня Пятра
31. І сказаў Госпад: "Сымон, Сымон! Вось жа шатан захацеў вас перасеяць як пшаніцу.
32. Але Я маліўся за цябе, каб не змалела вера твая. І ты, навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх".
33. Той жа сказаў Яму: "Госпадзе, я гатовы з Табой ісьці ў вязніцу і на сьмерць".
34. Але Езус адказаў яму: "Кажу табе, Пётар, не запяе певень сёньня, як тры разы вырачэшся, што ведаеш Мяне".
Момант змаганьня
35. І сказаў ім: "Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і сандалаў, ці ж вам не хапала чаго?" Яны сказалі:
36. "Анічога". Сказаў ім тады: "А цяпер хто мае капшук, хай возьме таксама і торбу, а хто ня мае, хай прадасьць вопратку сваю і купіць меч.
37. Бо кажу вам: што мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: "І ў злачынцы быў залічаны". Бо што адносіцца да Мяне, збываецца".
38. А яны сказалі: "Госпадзе, вось два мячы". Ён сказаў ім: "Хопіць".
Езус у садзе Аліўным
Малітва і агонія
39. І, выйшаўшы, Езус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
40. І калі прыбыў на месца, сказаў ім: "Маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".
41. І адыйшоўся ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся
42. ў гэтыя словы: "Ойча, калі хочаш, ухілі ад Мяне гэты келіх, аднак не Мая воля, але Твая хай станецца".
43. І зьявіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.
44. І быў пот Ягоны як кроплі крыві, сьцякаючай на зямлю.
45. І калі падняўся ад маліты і прыйшоў да вучняў, знайшоў іх сьпячых ад смутку.
46. Дык сказаў ім: "Чаму сьпіцё? Падымайцеся і маліцеся, каб не папалі ў спакушэньне".
Арышт Езуса
47. Яшчэ Ён гэта гаварыў, як надыйшла грамада, ды наперадзе яе адзін з Дванаццацёх, каторы называўся Юда. Ён падыйшоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
48. А Езус сказаў яму: "Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?"
49. А тыя, што пры Ім былі, бачачы, да чаго ідзе, сказалі Яму: "Госпадзе, ці маем ударыць мячом?"
50. Ды адзін з іх ударыў слугу першасьвятара і адсёк яму правае вуха.
51. А Езус адказаў: "Спыніцеся, хопіць!" і, дакрануўшыся вуха яго, аздаравіў яго.
52. Затым сказаў Езус тым, што прыйшлі па Яго, першасьвятарам, начальнікам сьвятыні і старшыням: "Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі.
53. Калі штодзень прабываў Я з вамі ў сьвятыні, не паднялі вы на Мяне рук. Але цяпер ваш час і ўлада цемры".
Езус перад сваімі суддзямі
Трохкратнае вырачэньне Пятра
54. І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. Пётар жа ішоў за імі здалёк.
55. А калі распалілі вогнішча на панадворку і заселі вакол агню, быў між імі і Пётар.
56. І нейкая служанка, прыгледзіўшыся яму пры сьвятле ўважна, сказала: "І ён быў з Ім".
57. А ён выракся Яго, кажучы: "Жанчына, я ня ведаю Яго!"
58. А па нейкім часе, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: "І ты з іх". Пётар жа сказаў: "Што ты, чалавеча, не".
59. А калі прайшло каля гадзіны часу, хто іншы настойваў, кажучы: "Сапраўды, і ён быў з Ім, бо і ён Галілеец".
60. Сказаў яму Пётар: "Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш". І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
61. І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пятра, і Пётар успомніў словы Госпада, як яму прадказаў: "Перш, чым запяе певень, тры разы вырачашся Мяне".
62. І Пётар, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.
Зьдзекі з Езуса
63. А людзі, пільнуючыя Яго, наругаліся з Яго і білі Яго.
64. І, закрыўшы Яму твар, пыталіся Яго, кажучы: "Праракуй, хто ўдарыў Цябе?"
65. Ды многа іншых блюзьнерстваў гаварылі на Яго.
Езус перад Радай
66. А калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, і першасьвятары, і кніжнікі ды прывялі Езуса перад сваю Раду,
67. кажучы: "Калі Ты - Хрыстос, дык скажы нам". А Ён сказаў ім: "Калі скажу вам, ня ўверыце Мне,
68. а калі спытаюся, не адкажаце Мне, ані таксама ня выпусьціце Мяне.
69. Але адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець па правіцы моцы Божай".
70. Дык сказалі яны ўсе: "Дык Ты - Сын Божы?" Ён сказаў: "Вы самі гаворыце, што Я".
71. Дык яны сказалі: "Ці патрэбныя нам яшчэ сьведкі? Усе мы чулі з вуснаў Яго".
|