01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
20
Пытаньне пра ўладу
1. І здарылася, калі аднаго дня Езус навучаў народ у сьвятыні ды вясьціў Эвангельле, сабраліся першасьвятары і кніжнікі разам са старшынямі
2. і сказалі Яму: "Скажы нам: Якою ўладаю гэтае робіш, або хто Табе даў такую ўладу?"
3. А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:
4. Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?"
5. А яны разважалі ды гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму ж вы тады ня ўверылі?"
6. А калі скажам: Ад людзей, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян - гэта прарок".
7. І адказалі, што ня ведаюць адкуль.
8. І Езус сказаў ім: "Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю".
Прыповесьць пра ліхіх арандатараў
9. Затым разказаў Езус людзям гэткую прыповесьць: "Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду вінаградарам, а сам выехаў на доўгі час.
10. І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму пладоў вінаградніку, але яны, зьбіўшы яго, пусьцілі ні з чым.
11. Дык зноў паслаў другога слугу, але і яго зьбілі, зьняважылі і адаслалі ні з чым.
12. Нарэшце паслаў трэцяга, але і гэтага пакалечылі і выкінулі.
13. Дык сказаў гаспадар вінаградніку: "Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага. Можа яго ўшануюць".
14. Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: Ён (спадкаемца). Заб'ема яго і завалодаем яго спадчынаю!"
15. І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць гаспадар вінаградніку?
16. Прыйдзе і выгубіць гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым". Чуўшыя гэта сказалі яму: "О, каб гэтак не было!"
17. Езус, гледзячы на іх, сказаў ім: "Што значыць тады напісанае: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла"?
18. Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ".
19. І шукалі першасьвятары і кніжнікі налажыць на Яго рукі ў тую пару, але баяліся народу; бо здагадаліся, што гэту прыповесьць гаварыў пра іх.
Падатак цэзару
20. І сачылі яны за Езусам, і падаслалі шпіёнаў, якія, удаючы справядлівых, мелі падлавіць Яго на слове і выдаць начальнікам і ўладзе намесьніка.
21. І спыталіся Яго, кажучы: "Вучыцель, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не зважаеш на асобу, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш.
22. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?"
23. Езус, разумеючы іхні подступ, сказаў ім: "Чаму мяне спакушаеце?
24. Пакажыце мне дынар. Чый гэта надпіс і адмалюнак?
25. Адказалі Яму: "Цэзараў". Дык сказаў ім: "Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае - Богу".
26. І не маглі злавіць Яго на слове ў прысутнасьці людзей, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.
Уваскрасеньне целаў
27. Падыйшлі таксама некаторыя з садукеяў, якія адмаўляюць уваскрасеньне, і спыталіся ў Яго,
28. кажучы: "Вучыцель, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр бязьдзетна, хай брат яго возьме жонку яго і хай узьніме патомства брату свайму.
29. Было вось сем братоў: і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетна.
30. Дык узяў яе другі, але і ён памёр бяздзетна.
31. Затым узяў яе трэці, і падобна ўсе яны сем памерлі, не пакінуўшы патомства.
32. Па ўсіх памерла і жанчына.
33. Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёх мелі яе за жонку?"
34. І сказаў ім Езус: "Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць.
35. Тыя ж, што будуць прызнаныя дастойнымі будучага веку і ўваскрасеньня, не жэняцца ды замуж ня выходзяць.
36. Яны ўжо памерці ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сынамі Божымі, калі былі сынамі ўваскрасеньня.
37. А што памёршыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста палаючага, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ізаака, і Богам Якуба.
38. Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць".
39. А некаторыя з кніжнікаў у адказ казалі: "Вучыцель, добра Ты сказаў".
40. І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.
Мэсія - Сын Божы
41. Затым сказаў ім Езус: "Як жа кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда,
42. калі сам Давід у кнізе Псальмаў кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,
43. аж пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
44. Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён - сын яго?"
Перасьцярога перад кніжнікамі
45. А калі Яго ўвесь народ з увагай слухаў, сказаў вучням сваім:
46. "Высьцерагайцеся вучоных кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітаньні на рынку, і першыя месцы ў сынагозе, і першыя месцы на банкетах,
47. якія аб'ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Іх чакае цяжкі прысуд".
|