01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
18
Пра несправядлівага суддзю
1. Таксама расказаў ім прыповесьць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не пераставаць,
2. кажучы: у адным горадзе быў адзін суддзя, каторы Бога не баяўся і людзей не сароміўся.
3. Жыла таксама ў гэтым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго з просьбай, кажучы: "Абарані мяне ад майго супраціўніка".
4. А ён не хацеў даўжэйшы час. Потым аднак сказаў сабе: "Хоць я Бога не баюся і з людзьмі не лічуся,
5. аднак дзеля дакучлівасьці гэтае ўдавы абараню яе, каб больш не прыходзіла надакучаць мне".
6. Дык сказаў Госпад: "Паслухайце, што гаворыць несправядлівы суддзя;
7. а ці ж Бог ня возьмецца бараніць выбраньнікаў сваіх, якія днём і ноччу прызываюць Яго, ды ці будзе марудзіць у іх справе?
8. Кажу вам, што скора возьме іх у абарону. Але калі прыйдзе Сын Чалавечы, ці знойдзе веру на зямлі?"
Прыповесьць пра фарысэя і мытніка
9. Некаторым, што надта былі пэўныя, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў гэткую прыповесьць:
10. "Двух людзей увайшло ў сьвятыню памаліцца: адзін - фарысэй, а другі - мытнік.
11. Фарысэй, стоячы, так маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
12. Пашчу два разы ў тыдні, даю дзесяціну з усяго, што маю".
13. А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі і прасіў: "Божа, будзь міласэрны мне, грэшнаму".
14. Кажу вам: Гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а ня той, бо кожны, хто сам сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае будзе ўзвышаны".
Езус і дзеці
15. Прыносілі да Яго таксама дзяцей, каб дакрануўся да іх. Бачачы гэта, вучні сварыліся на іх.
16. Але Езус, паклікаўшы іх да сябе, сказаў: "Дазваляйце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.
17. Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".
Багаты юнак
18. І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
19. А Езус яму адказаў: "Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто ня добры, адно Бог.
20. Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю".
21. А ён сказаў: "Я гэта ўсё спаўняю ад маленства".
22. Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь і ідзі за Мной".
23. Той жа, пачуўшы гэта, пасмутнеў, бо быў вельмі багаты.
Небясьпека багацьця
24. Езус, бачачы яго сумным, сказаў: "Як цяжка, маючы багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае!
25. Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".
26. Дык спыталіся тыя, што слухалі: "Хто ж можа быць тады збаўлены?"
27. Сказаў Ён ім: "Што немагчыма для людзей, тое магчыма для Бога".
Нагарода за дабраахвотнае ўбоства
28. Сказаў Пётар: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".
29. Сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або бацькоў, або братоў, або дзяцей дзеля Каралеўства Божага,
30. каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў век будучы - жыцьцё вечнае.
Трэцяе прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня
31. Узяўшы ж з сабой Дванаццаць, казаў ім: "Вось ідзем у Ерузалім, і зьдзейсьніцца ўсё, што напісана Прарокамі пра Сына Чалавечага:
32. будзе выдадзены паганам і высьмеяны, зьняважаны ды апляваны,
33. і па ўбічаваньні заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне".
34. Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і словы гэтыя былі закрытыя для іх, і не разумелі, што гаварылася.
Аздараўленьне сьляпога з Ерыхону
35. Здарылася, калі падыходзіў да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
36. Пачуўшы гармідар праходзячага натоўпу, спытаўся, што гэта такое
37. Сказалі яму: "Езус з Назарэту ідзе".
38. Дык пачаў крычаць: "Езусе, Сыне Давідаў, зжалься нада мной!"
39. А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"
40. Езус затрымаўся і загадаў яго прывесьці да сябе. І калі ён падыйшоў, спытаўся ў яго:
41. "Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" А ён сказаў: "Госпадзе, хачу бачыць".
42. Сказаў яму Езус: "Праглянь! Вера твая аздаравіла цябе".
43. І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэта, аддаў хвалу Богу.
|