Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

10

Пасланьне сямідзесяці двух

1. Пасьля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх перад абліччам сваім па дваіх у кожны горад і месца, дзе меўся пайсьці.

2. Ды сказаў ім: "Жніво вялікае, работнікаў мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво сваё.

3. Ідзіце; вось Я пасылаю вас, як ягнятаў у ваўкі.

4. Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані сандалаў ды нікога ў дарозе не вітайце.

5. У які дом увойдзеце, перш скажыце: "Супакой гэтаму дому".

6. І калі б прабываў там сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.

7. У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсьць у ім, бо працаўнік варты заплаты сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.

8. І ў які горад увойдзеце і прыймуць вас, ешце, што вам пададуць,

9. і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: "Зблізілася да вас Каралеўства Божае".

10. А калі ў які горад увойдзіце і ня прыймуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:

11. "Нават і пыл, што прыліп да нас з вашага горада, абтрасаем на вас. А ўсё ж такі ведайце, што зблізілася Каралеўства Божае".

12. Кажу вам, што лягчэй будзе Садоме ў той дзень, чым гораду таму.

Гора гарадам Галілейскім

13. Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, пакутавалі.

14. Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.

15. І ты, Кафарнаўм, ці аж пад неба ўзьнясешся? У пекла будеш укінуты!

16. Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, хто Мяне паслаў".

Радасьць апостала

17. Затым з радасьцю вярнуліся семдзесят двух, кажучы: "Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!"

18. І сказаў ім: "Я бачыў шатана, падаючага з неба як маланка.

19. Вось жа Я даў вам уладу таптаць зьмеяў і скарпіёнаў, ды ўсю варожую сілу, і нішто вам ня будзе шкодзіць.

20. Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах".

Аб'яўленьне Айца і Сына

21. У той час узрадаваўся ў Духу Сьвятым і сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што закрыў гэтыя рэчы перад мудрымі і разумнымі, і аб'явіў малым. Так, Ойча, бо так спадабалася Табе.

22. Усё дадзена Мне Айцом Маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец, і хто ёсьць Айцец, толькі Сын, ды каму Сын хацеў бы аб'явіць".

Прывілей вучняў

23. І, зьвярнуўшыся да вучняў сваіх, сказаў: "Шчасьлівыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце.

24. Кажу бо вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць тое, што вы чулі, і ня чулі".

Як здабыць жыцьцё вечнае

25. І вось адзін законавед устаў і, спакушаючы Езуса, сказаў: "Вучыцель, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

26. А Езус сказаў яму: "Што напісана ў Законе? Як чытаеш?"

27. Той сказаў: "Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёю моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як сябе самога".

28. Езус сказаў яму: "Добра адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць".

29. Той, хочучы апраўдацца, сказаў Езусу: "А хто мой бліжні?"

Міласэрны Самаранін

30. Адказваючы на гэта, Езус сказаў: "Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і папаўся разбойнікам. Яны абрабавалі яго, паранілі ды пакінулі ледзь жывога.

31. Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі сьвятар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.

32. Таксама і левіт, праходзячы каля гэтага месца і бачачы яго, прамінуў яго.

33. А Самаранін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, пашкадаваў яго,

34. ды, падыйшоўшы, абвязаў раны яму, паліўшы алеем і віном, і пасадзіў на сваю жывёліну, і завёз у заезд, і даглядаў яго.

35. А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду, кажучы: "Апякуйся ім, а калі больш выдасі, я, вярнуўшыся, вярну табе".

36. Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто папаўся разбойнікам?"

37. Ён сказаў: "Той, хто аказаў яму міласэрдзе". І сказаў яму Езус: "Ідзі і ты рабі падобна".

Марыя і Марта

38. Аднойчы па дарозе Езус зайшоў у адну вёску, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго ў свой дом.

39. І мела яна сястру, імем Марыя, якая села ля ног Госпада і слухала Яго слова.

40. Марта ж завіхалася ва ўсякай паслузе, затым станула і сказала: "Госпадзе, ці ня бачыш, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы, каб яна мне дапамагла".

41. У адказ сказаў ёй Госпад: "Марта, Марта, пра многа што турбуешся і клапоцішся,

42. а адно толькі патрэбна. Марыя выбрала найлепшую долю, якая ня будзе аднята ў яе".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст