Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

26

Змова супраць Езуса

Апошняе прадказаньне мукі

1.   І калі Езус скончыў ўсе гэтыя словы, сказаў вучням сваім:

2.   "Ведайеце, што па двух днях Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне".

3.   У той час сабраліся першасьвятары і старшыні народу ў палац першасьвятара, званага Каяфам,

4.   і раіліся, як бы Езуса ўзяць подступам і забіць.

5.   Казалі аднак: "Ня ў дзень сьвяточны, каб ня выклікаць замяшаньня ў народзе".

Намашчэньне ў Бэтаніі

6.   А калі Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона пракажанага,

7.   падыйшла да Яго жанчына, маючая алябастравую пасудзіну дарагога алею, і выліла яго на галаву Езусу, калі супачываў пры стале.

8.   Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: "Пашто гэта марнаваньне?

9.   Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім".

10. А Езус, ведаючы пра гэта, сказаў ім: "Не рабіце прыкрасьці гэтай жанчыне. Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.

11. Убогіх заўсёды маеце ў сябе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.

12. Яна, выліваючы гэты алей на Маё цела, прыгатавала яго на пахаваньне Маё.

13. Сапраўды кажу вам, па ўсім сьвеце, дзе будзе прапаведавана Эвангельле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе".

Здрада Юды

14. У гэты час адзін з Дванаццаці, званы Юдам Іскарыётам, пайшоў да першасьвятароў

15. і сказаў ім: "Што дасьцё мне, і я выдам Яго?" А яны прызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.

16. І ад гэтае пары шукаў нагоды выдаць Яго.

Апошняя вячэра

Прыгатаваньне Пасхі

17. У першы дзень Праснакоў прыйшлі да Езуса вучні Яго і пыталіся: "Дзе хочаш прыгатаваць Табе есьці Пасху?"

18. Езус скзаў ім: "Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Вучыцель кажа: Час Мой блізкі, зраблю ў цябе Пасху з вучнямі Маімі".

19. І вучні зрабілі, як ім загадаў Езус, і прыгатавалі Пасху.

Выяўленьне здрадніка

20. А калі зьвечарэла, разам з Дванаццацю Езус заняў месца пры стале.

21. І калі вячэралі, сказаў: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".

22. Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: "Ці ня я, Госпадзе?"

23. Езус сказаў у адказ: "Хто мачае са Мною руку ў місе, той выдасьць Мяне.

24. Бо праўда, што Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся".

25. У адказ Юда, які Яго выдаў, спытаўся: "Ці гэта ня я, Вучыцелю?" Сказаў яму Езус: "Ты сказаў".

Установа Эўхарыстыі

26. У час вячэры ўзяў Езус хлеб, пабагаславіў, ламаў і даў вучням, кажучы: "Бярэце, ешце, гэта ёсьць цела Маё".

27. І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: "Піце з гэтага ўсе.

28. Бо гэта кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэньне грахоў.

29. Кажу вам: Ня буду піць адсюль з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі з вамі буду піць новага ў Каралеўстве Айца Майго".

30. І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.

Прадказаньне вырачэньня Пятра

31. Тады сказаў ім Езус: "У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: "Удару пастыра, і разьбягуцца авечкі стада".

32. Але калі ўваскрэсну, упераджу вас у Галілеі".

33. У адказ сказаў Яму Пётар: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я ня згоршуся".

34. Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым певень засьпявае, ты тры разы вырачашся Мяне".

35. Сказаў Яму Пётар: "Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, ня выракуся Цябе". Падобна казалі і ўсе вучні.

Езус у садзе Аліўным

Малітва ў Гетсэмані

36. Затым прыйшоў Езус з імі ў сяленьне, якое завуць Гетсэмані, ды сказаў вучням сваім: "Пабудзьце тут, аж пайду туды і памалюся".

37. І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зэбэдэявых, пачаў сумаваць і перажываць.

38. Тады сказаў ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і пачувайце са Мной".

39. І, адыйшоўшыся крыху, упаў на твар свой, молячыся і гаворачы: "Ойча Мой, калі магчыма, ухілі ад Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, але як Ты".

40. Затым вярнуўся да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: "Не маглі вы адну гадзіну пачуваць са Мной?

41. Ня сьпіце і маліцеся, каб не папалі вы ў спакусу: бо дух ахвотны, але цела кволае".

42. І адыйшоўся паўторна ды маліўся, кажучы: "Ойча Мой, калі гэты келіх ня можа быць ухілены ад Мяне, але трэба Мне піць (з яго), хай станецца воля Твая".

43. І вярнуўся ізноў, і знайшоў іх сьпячых, бо вочы іхнія былі сонныя.

44. Дык, пакінуўшы іх, зноў адыйшоўся і маліўся трэці раз у тыя самыя словы.

45. Затым вярнуўся да вучняў сваіх і сказаў ім: "Яшчэ сьпіце і адпачываеце; вось надыйшла пара, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

46. Падыміцеся, пойдзем, бо вось падыходзіць той, што Мяне выдае".

Арышт Езуса

47. А калі Езус яшчэ гаварыў, падыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі, высланае першасьвятарамі і старшынямі народу.

48. Той, каторы здрадзіў Яго, даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго".

49. І адразу падыйшоў да Езуса, і сказаў: "Вітай, Раббі!" і пацалаваў Яго.

50. Сказаў яму Езус: "Дружа, пашто прыйшоў?" Тады кінуліся на Езуса і схапілі Яго.

51. Адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнўшы рукою меч свой і ўдарыўшы слугу першасьвятара, адсёк яму вуха.

52. Тады Езус сказаў яму: "Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што за меч хапаюцца, пагінуць ад мяча.

53. Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш, чым дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54. Але як жа тады зьдзейсьніцца Пісаньне, што так мусіць стацца?"

55. У той час сказаў Езус народу: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць. Я ж штодзень між вас прабываў, вучачы ў сьвятыні, але не схапілі Мяне".

56. Усё гэта сталася, каб споўніліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

Езус перад сваімі суддзямі

Езус перад Каяфам

57. Узяўшы Езуса, павялі Яго да Каяфы, першасьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыні.

58. Пётар жа ішоў за Езусам здалёку аж на панадворак першасьвятара. Ды ўвайшоў у сярэдзіну і сядзеў са слугамі, каб паглядзець, як скончыцца справа.

59. А першасьвятары і ўся Рада шукалі фальшывага сьведчаньня на Езуса, каб асудзіць (Яго) на сьмерць,

60. і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сьведкаў. На канец паявіліся двух

61. і сказалі: "Ён казаў: "Магу збурыць сьвятыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе".

62. І, падняўшыся, першасьвятар сказаў: "Нічога не адказваеш на гэта, што яны супраць Цябе сьведчаць?"

63. Але Езус маўчаў. Дык першасьвятар сказаў: "Запрысягаю цябе на Бога жывога, каб нам ты сказаў, ці Ты - Хрыстос, Сын Божы?"

64. Сказаў яму Езус: "Ты сказаў. Аднак кажу вам: Потым убачыце Сына Чалавечага, седзячага па правіцы Усемагутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".

65. Тады першасьвятар разьдзёр адзеньне сваё і сказаў: "Ён блюзьніць! Пашто далей патрабаваць сьведак? Цяпер вы чулі блюзьнерства.

66. Дык што вы думаеце?" Яны адказалі: "Варты сьмерці!"

67. Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць кулакамі, а іншыя білі па шчаках

68. і казалі: "Праракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў?"

Вырачэньне Пятра

69. А Пётар сядзеў вонкі на панадворку. Адна ж служанкаа падыйшла да яго і сказала: "І ты быў з Езусам Галілейскім".

70. А ён выракся перад усімі, кажучы: "Я ня ведаю, што кажаш".

71. А як выходзіў з дзьвярэй, другая служка ўбачыла яго і сказала тым, што былі там: "І ён быў з Езусам Назарэцкім".

72. Ён паўторна выракся з прысягай: "Я ня ведаю гэтага чалавека".

73. Небавам падыйшлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: "Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе".

74. Тады пачаў ён клясьціся і прысягаць, што ня ведае гэтага чалавека. І зараз запяяў певень.

75. Тады ўспомніў Пётар на слова Езуса, каторым яго ўперадзіў: "Перш, чым певень засьпявае, ты тройчы вырачашся Мяне". І, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст