Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

24

Прамова пра збурэньне Ерузаліму і канец сьвету

Прадказаньне збурэньня сьвятыні

1.   Калі Езус, пакінуўшы сьвятыню, ішоў ад яе, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.

2.   Ён ім у адказ сказаў: "Бачыце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: Не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".

3.   А калі Езус сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні адны да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"

Пачатак мукаў

4.   У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас ня зьвёў.

5.   Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я - Хрыстос", і многіх зьвядуць.

6.   Калі вы пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але гэта яшчэ не канец.

7.   Падымецца народ на народ, і каралеўства на каралеўства, і будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.

8.   Гэта ўсё толькі пачатак мукаў.

Перасьледаваньне вучняў

9.   Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зьненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго.

10. І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін другога, і ненавідзець будзе адзін другога,

11. і зьявяцца многа фальшывых прарокаў і будуць зводзіць многіх.

12. І таму, што ўзрасьце нягоднасьць, астыне любоў у многіх.

13. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14. І будзе прапаведавана Эвангельле Каралеўства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам; і тады настане канец.

Знакі блізкага збурэньня Ерузаліму

15. Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадказаную Даніелем прарокам, хто чытае, хай разумее, -

16. тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,

17. і хто на даху, хай не зыходзіць узяць штосьці з дому;

18. і хто на полі, хай не варочаецца забраць свой плашч.

19. Гора цяжарным і кормячым у тыя дні.

20. Дык прасіце, каб вашыя ўцёкі ня былі ўзімку, ці ў суботу.

21. Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль, дый ня будзе.

22. І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.

Прыйсьце Сына Чалавечага

23. Тады, калі б хто вам казаў: "Вось тут Хрыстос", або: "Там", ня верце.

24. Паўстануць вось фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі гэта магчыма, нават выбраных.

25. Таму Я вам гэта сказаў наперад.

26. Дык калі б вам затым сказалі: "Вось Ён упустыні", не выходзьце; "Вось Ён у нутры дамоў, ня верце".

27. Бо як маланка засьвеціцца на ўсходзе і бачнай будзе на захадзе, так будзе і з прыходам Сына Чалавечага.

28. Дзе б было цела, там зьбяруцца і арлы.

29. А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і з неба зоркі падаць будуць, і сілы нябесныя скалануцца.

30. І тады паявіцца на небе знак Сына Чалавечага, ды тады заплачуць усе плямёны зямныя. І ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў аблоках нябесных з магуцем і славаю вялікай.

31. І Ён пашле анёлаў сваіх з трубою і голасам гучным, ды зьбяруць выбраных Яго з чатырох вятроў, ад скраю неба аж да краю яго.

Прыклад дрэва фіговага

32. А ад фіговага дрэва бярыце прыклад: Калі ўжо галінка яго мякчэе і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.

33. Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, у дзьвярах.

34. Сапраўды кажу вам: Не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.

35. Неба і зямля счэзнуць, але слова Маё не праміне.

Патрэба чуваньня

36. Што да дня таго і хвіліны, ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец адзін.

37. І як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.

38. Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у каўчэг,

39. і не агледзеліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.

40. Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.

41. Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.

42. Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.

43. А гэта ведайце, што каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не дазволіў бы ўламацца ў дом свой.

44. Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

Прыповесьць пра слугу вернага і нявернага

45. Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным слугою, якога паставіў пан над домам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?

46. Багаслаўлены той слуга, якога, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе, што ён так робіць.

47. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валодаць усёю сваёю маёмасьцю.

48. А калі скажа той слуга ў сэрцы сваім: "Марудзіць пан мой з прыйсьцем",

49. і пачне біць таварышаў сваіх, есьці і піць з п'яніцамі,

50. то прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у пару невядомую

51. і выганіць яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст