Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

14

Дзейнасьць Езуса і вучняў у Галілеі

Сьмерць Яна Хрысьціцеля

1.   У той час слава аб Езусе дайшла і да тэтрарха Герода.

2.   Дык сказаў ён слугам сваім: "гэта Ян Хрысьціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды".

3.   Бо Герод узяў Яна, і налажыў на яго кайданы, і пасадзіў у вязьніцу дзеля Герадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго.

4.   Бо Ян казаў яму: "Не належыцца табе мець яе".

5.   Дык ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо мелі яго за прарока.

6.   Але ў дзень нараджэньня Герода дачка Герадыяды скакала ў прысутнасьці ўсіх і спадабалася Героду.

7.   Дык пад прысягай абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.

8.   Яна, навучаная маткай сваёй, сказала яму: "дай мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля".

9.   Кароль засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.

10. І паслаў ката, і той адсёк Яну галаву ў вязьніцы.

11. Затым прынесьлі яго галаву на місе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.

12. Вучні яго, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго. Ды, вярнуўшыся, расказалі пра гэта Езусу.

Цудоўнае памнажэньне хлеба

13. Езус,пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, пачуўшы аб гэтым, грамады пайшлі за Ім з гарадоў пешшу.

14. Калі выйшаў, убачыў вялікі натоўп і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іхніх.

15. Калі настаў вечар, падыйшлі да Яго вучні Яго і сказалі: "Месца тут пустыннае і ўжо позна; адпусьці людзей, хай ідуць ў вёскі і купяць сабе харчоў".

16. Езус сказаў ім: "Хай не адыходзяцца, вы дайце ім есьці".

17. Адказалі яны Яму: "Ня маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы".

18. І сказаў ім: "Прынясіце Мне іх сюды".

19. І загадаў людзям сесьці на траве. І, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, багаславіў, і паламаў, і раздаў вучням, а вучні - людзям.

20. Дык елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабрана кускоў дванаццаць поўных кашоў.

21. Людзей жа, што елі, было пяць тысяч апрача жанчын і дзяцей.

Езус ходзіць па моры

22. Затым загадаў вучням сесьці ў лодкі і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусьціць людзей.

23. І, адпусьціўшы людзей, адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі зьвечарэла,  адзін там прабываў.

24. А ў той час лодка адплыла далёка ад берага, і кідалі ёю хвалі, бо вецер быў праціўны.

25. А чацьвёртай начной варце прыйшоў да іх Езус па моры.

26. Убачыўшы Яго ідучага па моры, вучні спалохаліся і казалі: "Гэта здань!" Ды ад страху закрычалі.

27. Дык адразу прагаварыў да іх Езус: "Мейце пэўнасьць, гэта Я; не палохайцеся".

28. Пётар жа сказаў Яму: "Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе".

29. А Ён скзаў: "Ідзі!" Дык Пётар, вылезшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб прыйсьці да Езуса.

30. Але, адчуўшы раптоўны вецер, спалохаўся і пачаў тануць, дык закрычаў: "Госпадзе, ратуй мяне!"

31. А Езус, выцягнуўшы руку, зараз схапіў яго і сказаў яму: "Малой ты веры, чаму зьняверыўся?"

32. І калі ўвайшлі ў лодку, сьціх вецер.

33. Дык тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся Яму, кажучы: "Сапраўды, Ты - Сын Божы".

Аздараўленьні ў зямлі Генэсарэцкай

34. І калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генэсарэцкую.

35. І людзі таго месца, калі пазналі Езуса, разьвясьцілі па ўсёй гэтай ваколіцы. Дык прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся

36. і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Ягонай; і каторыя толькі дакраналіся - здаравелі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст