Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

13

Павучэньні ў прыповесьцях

Прыповесьць пра сейбіта

1.   У той жа дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.

2.   І сабраліся пры Ім вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.

3.   І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях, кажучы: "вось выйшаў сейбіт сеяць.

4.   І калі сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі, і выдзюбалі іх.

5.   Другія ж упалі на камяністую зямлю, дзе ня мелі шмат зямлі, і ўзыйшлі зараз жа, бо глеба была неглыбокая.

6.   Калі ж узыйшло сонца, павялі, бо ня мелі карэньня, і высахлі.

7.   Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, і церні вырасьлі і заглушылі іх.

8.   Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно - у сто разоў, другое - у шэсьцьдзесят, а іншае - у трыццаць.

9.   Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Значэньне прыповесьці

10. І, падыйшоўшы, вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"

11. А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта ня дадзена.

12. Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе аднята.

13. Таму гавару ім у прыповесьцях, бо яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ды не разумеюць.

14. Так спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, які кажа: "Слухаючы будзеце слухаць, і не зразумееце. Гледзячы будзеце глядзець, і ня ўбачыце.

15. Бо сэрца гэтага народу агрубела, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачыма ня ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх".

16. Шчасьлівыя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.

17. Сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

Тлумачэньне прыповесьці пра сейбіта

18. Вы ж слухайце (значэньне) прыповесьці пра сейбіта.

19. Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, і не разумее яго, прыходзіць злыдня і хапае пасеянае ў сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.

20. А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прыймае,

21. але ня мае кораня, таму часовы. І калі настане прыгнёт і перасьледаваньне слова, скора адпадае.

22. А ў каго пасеяна між церняў, той, што праўда, слова слухае, але клопаты аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно не прыносіць плёну.

23. У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее, і прыносіць плён: адзін - у сто разоў, другі - у шэсьцьдзесят, а іншы - у трыццаць".

Прыповесьць пра кукаль

24. Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеяў добрае насеньне на сваёй ральлі.

25. Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукалю ў пшаніцу, і пайшоў.

26. І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.

27. Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "гаспадару, ці ж ты ня добрае пасеяў насеньне на сваёй ральлі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?"

28. Сказаў ён ім: "Вораг гэта зрабіў". Сказалі яму слугі: "Хочаш, мы пойдзем і зьбяром яго?"

29. Але ён сказаў: "Не, каб часам, зьбіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.

30. Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: "Зьбярыце раней кукаль і зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу зьбярыце ў маё гумно".

Прыповесьць пра гарчычнае зерне і рошчыну

31. Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы, чалавек пасеяў на сваёй ральлі.

32. Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасьце, стаецца большым за ўсякую гародніну, і стаецца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінах".

33. Іншую прыповесьць расказаў ім: "падобнае Каралеўства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".

34. Гэта ўсё расказваў Езус людзям у прыповесьцях, і без прыповесьцяў не гаварыў да іх,

35. каб споўнілася сказанае прарокам, які казаў: "Адкрыю вусны свае ў прыповесьцях, выказваць буду рэчы, скрытыя ад заснаваньня сьвету".

Тлумачэньне прыповесьці пра кукаль

36. Затым, адпусьціўшы людзей, Езус вярнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэту прыповесьць пра кукаль на ральлі".

37. Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто расьсяе добрае насеньне, ёсьць Сын Чалавечы.

38. Ральля - гэта сьвет; добрае насеньне - сыны Каралеўства, а кукаль - сыны злыдні;

39. непрыяцелем жа, што яго пасеяў, ёсьць д'ябал; жніво - канец сьвету, а жнеі - анёлы.

40. Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.

41. Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны зьбяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня,

42. і ўкінуць іх у печ агністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

43. Тады справядлівыя будуць ясьнець, як сонца, у Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.

Прыповесьць аб схаваным скарбе і пэрле

44. Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які чалавек, знайшоўшы, утойвае і, праняты радасьцю, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.

45. Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых пэрлаў.

46. Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрлу, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

Прыповесьць пра нерат

47. Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да нерату, закінутага ў мора ды загарнуўшага рыбы ўсякіх сартоў.

48. Калі ўжо ёсьць поўны, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрыя адбіраюць у судзіны, а благія вон выкідваюць.

49. Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,

50. ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.

51. Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так".

52. Сказаў ім: "таму кожны кніжнік, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбоўні сваёй рэчы новыя і старыя".

Няверства жыхароў Назарэту

53. Калі скончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.

54. І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў у сынагозе іхняй, а яны дзівіліся і казалі: "адкуль жа гэта мудрасьць і моц?

55. Ці ж гэта ня сын цесьлі? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго - Якубам і Язэпам, Сымонам і Юдай?

56. А сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"

57. Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім".

58. І дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус там нямнога цудаў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст