01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
12
Зрываньне калосьсяў у суботу
1. У той час у суботу праходзіў Езус каля збожжа. Вучні ж Ягоныя былі галодныя і пачалі зрываць каласы і есьці.
2. Убачыўшы гэта, фарысэі казалі Езусу: "Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыцца рабіць у дні суботнія".
3. Тады кажа ім Езус: "Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі чуў голад, ды тыя, што з ім былі?
4. Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, каторых есьці не належыцца ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі сьвятарам?
5. Няўжо не чыталі ў Законе, што ў суботу сьвятары ў сьвятыні парушаюць суботу, але застаюцца без віны.
6. Але кажу вам, што тут ёсьць большы, чым сьвятыня.
7. Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры", дык ніколі не асуджалі б нявінных.
8. Бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы."
Аздараўленьне ў суботу
9. Адыйшоўшыся адтуль, прыйшоў Езус у іхнюю сынагогу.
10. І быў там чалавек сухарукі. Дык пыталіся ў Езуса: "Ці выпадае аздараўляць у суботу?", каб магчы Яго абвінаваціць.
11. Езус жа сказаў ім: "Калі б хто з вас меў адну толькі авечку, і тая ўвалілася б у дол у дзень суботні, ці ж ён ня схопіць яе і ня выцягне.
12. У колькі ж разоў даражэйшы чалавек, чым авечка. Таму выпадае дабро рабіць і ў суботу".
13. Затым кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні тваю руку". І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.
14. А фарысэі, выйшаўшы, раіліся адносна Езуса, як загубіць Яго.
Езус - слуга Госпадаў
15. А Езус, даведаўшыся пра гэта, пайшоў адтуль. І за Ім ішло многа людзей, і Ён аздараўляў іх усіх,
16. і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,
17. каб споўнілася тое, што сказана Ісаям прарокам, які сказаў:
18. "Вось жа Слуга Мой, якога Я выбраў, умілаваны Мой, у якім мае упадабаньне душа Мая. Пакладу на Яго Духа Майго, і Ён абвесьціць народам суд.
19. Ня будзе вадзіцца і ня будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
20. Трысьціны надломленай ня зломіць і дымячага лёну не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
21. ды ў Яго імю народы надзею мець будуць".
Закіды фарысэяў і адказ Езуса
22. Затым прывялі да Яго апанаванага ліхім, разам ён быў сьляпы і нямы. І Езус яго аздаравіў, так што стаў гаварыць і бачыць.
23. І ўсе грамады дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта ня сын Давіда?"
24. А фарысэі, чуючы гэта, казалі: "гэты толькі праз Бэльзэбуля, князя дэманаў выганяе злых духаў".
25. Езус жа, ведаючы іхнія думкі, казаў ім: "Усякае каралеўства, разьдзіранае само ў сабе, разваліцца, ды кожны горад або дом, разьдзіраны нязгодай, не ўстаіць.
26. Дык калі шатан шатана выганяе, дык і яго разьдзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца каралеўства яго?
27. І калі Я праз Бэльзэбуля выганяю дэманаў, дык праз каго выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вашымі суддзямі.
28. Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
29. Або як можа хто ўвайсьці ў дом асілка і абрабаваць яго рэчы, калі перш ня зьвяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.
30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не зьбірае, той раскідае.
Грэх супраць Духа Сьвятога
31. Таму кажу вам: кожны грэх і блюзьнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзьнерства на Духа ня будзе адпушчана.
32. Хто скажа што супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто што казаў бы супраць Духа Сьвятога, ня будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добры, альбо прызнайце дрэва ліхім, і плод яго ліхі, бо з плоду пазнаецца дрэва.
34. Зьмяіны род! Як жа вы можаце што добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо з паўнаты сэрца і вусны гавораць.
35. Добры чалавек з добрага скарбца (сэрца) добрыя дастае рэчы, а ліхі чалавек з благога скарбца дастае ліхія рэчы.
36. Кажу вам, што з кожнага пустога слова, што людзі кажуць, здадуць яны справаздачу ў судны дзень.
37. Бо па словах тваіх будзеш апраўданы, дыпа словах сваіх будзеш асуджаны".
Знак Ёны прарока
38. Тады некаторыя кніжнікі і фарысэі казалі Яму: "Вучыцель, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак".
39. Ён у адказ сказаў ім: "ліхі род і чужаложны знаку патрабуе, але ня будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.
40. Бо як Ёна быў у жываце вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41. Нінівійцы стануць на судзе разам з родам гэтым ды асудзяць яго. Бо яны навярнуліся на прызыў Ёны; а вось тут большы, чым Ёна!
42. Каралева з Поўдня стане на судзе з родам гэтым ды асудзіць яго. Бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона; а вось тут большы, чым Салямон!
Вяртаньне нячыстага духа
43. Калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па бязводных местах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
44. Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, скуль выйшаў". Ды прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
45. Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых ад сябе, ды, увайшоўшы, пражываюць там. І будуць пазьнейшыя справы таго чалавека горшыя за папярэднія. Так станецца і з гэтым родам крывадушным".
Маці і браты Езуса
46. Калі Езус яшчэ гаварыў да народу, вось жа Маці Ягоная і браты сталі перад домам, хочучы з Ім пагаварыць.
47. Нехта сказаў Яму: "Вось Маці Твая і браты Твае стаяць перад домам, хочучы пагаварыць з Табою".
48. А Ён сказаў у адказ гаварыўшаму: "Хто Маці Мая і хто браты Мае?"
49. І, паказваючы рукой на вучняў сваіх, сказаў: "Вось Маці Мая і браты Мае.
50. Хто вось спаўняе волю Айца Майго, які ў небе, той Мне брат, і сястра, і матка".
|