Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 12

ІСУС ВАРОНІЦЬ СВАІХ ВУЧНЯЎ, ШТО РВАЛІ КАЛОССЕ Ў СУВОТУ

1      У той час ішоў Ісус у суботу збажыною; а вучні Яго прагаладаліся, дык пачалі зрываць калоссе і есці. 1 Друг. 23, 255. Мар. 2, 23. Лук. 6, 1.

2      Фарысеі ж, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, Твае вучні робяць тое, чаго нельга рабіць у суботу.

3      А Ен сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім?

4      Як ён увайшоў у Божы дом і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным святарам? 1 Цар. 21, 6; Мар. 2, 26; Лук. 6, 4; Зых. 29, 32.

5      Або ці не чыталі вы ў законе, што суботамі святары ў святыні апаганьваюць суботу ды невінаватыя яны? Лев. 8, 31; 24, 9.

6      А Я кажу вам, што тут ёсць Болыны, чым святыня.

7      Калі б вы разумелі, што значыць: "міласэрнасці хачу, а не ахвяры", то не асуджалі б невінаватых. Ос. 6, 6; Мацв. 9, 13.

8      Бо Сын Чалавечы - гаспадар і суботы.

ІСУС ВЬІЛЕЧВАЕ Ў СУВОТУ СУХАРУКАГА

9      I, выйшаўшы адтуль, прыйшоў Ен у іх сінагогу. Мар. 3, 1; Лук. 6, 6.

10    I вось быў там чалавек, што меў сухую руку. I спыталіся ў Яго, кажучы: ці можна суботамі лячыць? - каб абвінаваціць Яго.

11    А Ен сказаў ім: ці ёсць між вас чалавек, што, меўшы адну авечку, калі яна ўпадзе ў суботу ў яму, не возьме яе і не выцягне?

12    Наколькі ж чалавек лепшы за авечку? Значыць, можна ў суботы рабіць дабро.

13    Тады кажа чалавеку: выцягні сваю руку; і той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.

14    Фарысеі ж, выйшаўшы, учынілі раду супроць Яго, як бы яго загубіць.

15    Але Ісус, уведаўшы, адышоў адтуль.

СПРАЎДЖВАЕЦЦА ПРАРОЦТВА ІСАІ

I пайшоў услед за ім вялікі натоўп, і Ен вылечыў іх усіх;

16    I Ен наказаў ім сурова, каб не аб'яўлялі пра Яго;

17    Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа:

18    "Вось Мой Сын, Якога Я абраў, Мой улюбёны, якому спрыяе душа Мая. Ускладу Мой дух на Яго, і Ен абвесціць суд народам. Іс. 42, 1-4.

19    Ен не будзе сварыцца, ані крычаць; ніхто не пачуе на вуліцах Яго голасу.

20    Ен надломленай чараціны не даломіць і кноту, што тлее, не загасіць, аж пакуль не давядзе суд да перамогі.

21    I на Яго імя будуць спадзявацца народы".

ІСУС АДКІДАЕ АБВІНАВАЧАННІ ФАРЫСЕЯЎ,

НІБЫТА ЕН КАРЫСТАЕЦЦА СІЛАЮ ВЕЛЬЗЕВУЛА

22    Тады прывялі да Яго апантанага - сляпога і нямога; і Ен вылечыў яго, так што сляпы і нямы пачаў і гаварыць. і бачыць. Лук. 11, 14.

23    I дзівіўся ўвесь народ і казаў: ці ж гэта не Сын Давідаў?

24    Фарысеі ж, пачуўшы, сказалі: Ен выганяе дэманаў не інакш, як Вельзевулам, князем дэманаў. Мацв. 9, 34. Мар. 3, 22. Лук. 11, 15.

25    Але Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў ім: кожнае царства, падзяліўшыся само супроць сябе, спустошыцца; і кожны горад і дом, падзяліўшыся сам супроць сябе, не ўтрымаецца. Мар. 3, 24; Лук. 11, 17.

26    I калі сатана сатану выганяе, то ён раздзяліўся сам супроць сябе: як жа ўтрымаецца яго царства?

27    I калі Я Вельзевулам выганяю дэманаў, то вашы сыны кім выганяюць? Таму яны будуць вашымі суддзямі.

28    А калі Я Божым Духам выганяю дэманаў, .значыць, дасягла вас Божае Царства.

29    Або як можа хто ўвайсці ў дом дужага і захапіць яго скарб, калі раней не звяжа дужага? I тады абрабуе яго дом.

30    Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.

ГРЭХ ПЕРАД ДУХАМ СВЯТЫМ

31    Таму кажу вам: кожны грэх і знявага даруюцца людзям; а знявага Духа не даруецца. Мар. 3, 28; Лук. 12, 10; 1 Іаан. 5, 16.

32    I калі хто скажа слова супроць Сына Чалавечага, даруецца яму; а хто скажа супроць Святога Духа, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33    Або прызнайце дрэва добрым і яго плод добрым; або прызнайце дрэва благім і плод яго благім, бо з плоду пазнаецца дрэва.

34    Выпладкі гадзючыя, як вы можаце казаць добрае, калі вы ліхія? Бо ад перапоўненасці сэрца вусны гавораць. Лук. 6, 45.

35    Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхога скарбу выносіць ліхое.

36    Кажу ж вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у судны дзень;

37    Бо паводле сваіх слоў будзеш апраўданы і паводле сваіх слоў будзеш асуджаны. Лук. 19, 22.

ЗНАК ІОНЫ ПРАРОКА

38    Тады ў адказ некаторыя з кніжнікаў і фарыееяў сказалі: Настаўнік, хочам ад Цябе знак бачыць. Мацв. 16, 1; 1 Кар. 1, 22.

39    А Ен у адказ сказаў ім: род ліхі і пералюбны шукае знаку; ды знаку яму не дадуць, апроч знаку Іоныпрарока; Лук. 11, 29.

40    Бо як быў Іона ўсярэдзіне кіта тры дні і тры ночы, так будзе Сын Чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. Іон. 2, 1.

41    Людзі ніневійскія ўстануць на суд з гэтым родам і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай казані; і вось тут Большы, чым Іона. Іон. 3, 5; Лук. 11, 32.

42    Царыца з поўдня стане на суд з гэтым родам і асудзіць яго; бо яна з краю зямлі прыйшла паслухаць Саламонаву мудрасць; і вось тут Большы, чым Саламон. 3 Цар. 10, 1; 2 Пар. 9, 1; Лук. 11, 31.

НЯЧЫСТЫ ДУХ I ПАРОЖНІ ДОМ

43    А калі нячысты дух выходзіць з чалавека, то блукае бязводнымі мясцінамі, шукаючы спакою, і не знаходзіць. Лук. 11, 24.

44    Тады кажа: вярнуся ў мой дом, з якога выйшаў; але, прыйшоўшы, знаходзіць яго парожнім, вымеценым і прыбраным.

45    Тады ён ідзе і прыводзіць з сабою сем іншых духаў, больш ліхіх, чым сам, і, увайшоўшы, яны жывуць там; і зробіцца для таго чалавека апошняе горш за першае. Так будзе і гэтаму ліхому роду. 2 Пят. 2, 20; Яўр. 6, 4.

ХТО ІСУСАВА РАДНЯ

46    Калі Ен яшчэ казаў да народу, вось Маці і Яго браты стаялі на дварэ, хочучы з Ім гаварыць. Мар. 3, 31; Лук. 8, 19.

47    I сказаў нехта Яму: вось, Твая Маці і Твае браты стаяць на дварэ і хочуць гаварыць з Табою.

48    А Ен у адказ сказаў таму, хто гаварыў да Яго: хто Мая маці? I хто Мае браты?

49    I, паказаўшы Сваёю рукой на вучняў Сваіх, сказаў: вось Мая маці і Мае браты.

50    Бо хто будзе выконваць волю Майго Бацькі, што ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці. Іаан. 15, 14.

 

 

--------------------------------

12, 1 - 8. Тое, што вучні зрывалі і елі каласы ў суботу, у вачах прыдзірлівых, артадаксальных кніжнікаў і фарысеяў было найвялікшым грахом, ды яшчэ і не адным. Бо Ісусавы вучні, зрываючы калоссе, як бы і жалі; расціраючы яго, яны і малацілі; аддзяляючы мякіну, яны веялі; а тое, што ўвогуле ў суботу рыхтавалі сабе яду (яна павінна была быць падрыхтаваная напярэдадні), таксама лічылася за грэх. Так што яны ўчынілі аж ці не чатыры грахі.

"Божы дом" - галоўная частка Храма, дзе Богу аддаецца асаблівая пашана; "ахвярныя хлябы" - гэта дванаццаць прэсных хлябоў, якія ў два рады па шэсць штук кожную суботу клалі на стол перад Госпадам, дзякуючы гэтым, што Ен даруе чалавеку жыццядайную яду.

"...Апаганьваць суботу, ды яны невінаватыя".- Слугуючы ў Храме, святар павінен быў распаліць агонь, забіць ахвярную жывёлу, падняць яе на ахвярнік і рабіць шмат іншай работы, якой у суботу ў сувязі з наплывам людзей дадавалася яшчэ ўдвайне. Аднак гэтае слугаванне ў Храме вышэй за фармальныя нормы і правілы суботы. Ісус настойвае на тым, што найвялікшы богаслужбовы рытуал - гэта хрысціянскае слугаванне чалавечай патрэбе.

12, 9 -14. Гэта паваротны момант у Ісусавым жыцці. Ен свядома і на вачах усіх парушае правілы суботы, бо няма такога святога часу, якога б нельга было ўжыць дзеля выратавання няшчаснага.

12, 18-21. Цытата з прарока Ісаі тут не ва ўсім супадае з грэцкім і яўрэйскім тэкстам. Відаць, Мацвей, карыстаючыся ў асноўным тэкстам Септуагінты, некаторыя словы сам перакладаў з яўрэйскага арыгінала.

12, 41. Ніневія - сталіца Асірыйскага царства. Яе жыхароў Іонава казань прывяла да пакаяння.

12, 42. "Царыца з поўдня" - царыца Саўскага (Сабейскага) царства ў паўднёвазаходняй частцы Аравіі; яна прыязджала ў Іерусалім, каб паслухаць мудрага Саламона.

12, 43-45. Пустэльныя месцы, паводле старажытных, былі прыстанішчам злых духаў. Хрыстос тут вучыць, што зло ў гэтым свеце можна перамагчы, прагнаць, але яго нельга знішчыць. Рэлігія, якая зводзіцца толькі да адных забарон - ты не павінен, - асуджана на няўдачу, бо жыццё не можа аставацца "пустым", "незанятым", яго трэба напоўніць змястоўным сэнсам. Найпросты спосаб не даць месца пустазеллю ў агародзе - засадзіць яго карыснымі раслінамі.

12, 50. Ісус лічыць духоўныя сувязі важнейшымі за крэўныя.

12, 46. "Браты" - трэба разумець альбо Іосіфавых дзяцей ад першага шлюбу, альбо дваюрадных. Старажытнаяўрэйская і арамейская мовы не мелі асобных слоў для абазначэння бліжніх крэўных.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст