01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
26
1 I сталася, як Ісус скончыў усі гэтыя словы, што сказаў ву́чанікам сваім: 2 „Вы ведаеце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Людзкі́ будзе ізраджаны, каб быў укрыжаваны".
3 Тады зьберліся найвышшыя сьвятары а кніжнікі а старцы люду да двору найвышшага сьвятара, званага Каяфаю. 4 I зрадзіліся ўзяць Ісуса хітрынёю й забіць; 5 Але гу́калі: „Адно ня ў сьвята, каб ня было ўзрушэньня ў люду".
6 Як жа Ісус быў у Віфані, у доме Сымона пракажанага, 7 Дабліжылася да Яго жонка з алябастровым слоікам вельма дарагога алею і ўзьліла Яму ўзьляжачаму на галаву. 8 Абачыўшы гэта, ву́чанікі абурыліся, кажучы: „Нашто гэтае раськідонства ? 9 Бо можна было б прадаць гэта за шмат і даць убогім". 10 А, ведаючы гэта, Ісус кажа ім: „Нашто робіце прыкрасьць жонцы? Яна добры ўчынак учыніла Імне; 11 Бо ўбогіх заўсёды маеце із сабою, а Мяне не заўсёды маеце. 12 Узьліўшы алей гэты на цела Мае, яна прыгатавала Мяне да пахову. 13 Запраўды кажу вам: ідзе-лень будзе абяшчана Евангеля гэта на цэлым сьвеце, сказа́на будзе таксама, што зрабіла гэтая - на памятку празь яе".
14 Тады адзін із двананцацёх, званы Юда Іскарыёт, падышоў да найвышшых сьвятароў. 15 Ён сказаў: „Што хочаце імне даць, і я вам выдам Яго?" Яны адважылі яму трыццаць срэбнікаў. 16 I адгэнуль ён шукаў прылучаю ізрадзіць Яго.
17 На першы дзень Праснакоў дабліжыліся ву́чанікі да Ісуса, кажучы: „Ідзе хочаш Ты прыгатаваць табе есьці пасху?" 18 Ён сказаў: „Пайдзіце да места да таго а таго і скажыце яму: 'Вучыцель кажа: час Мой блізка, у цябе спраўлю пасху з ву́чанікамі Сваімі'". 19 Ву́чанікі зрабілі, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
20 Як жа настаў вечар, Ён сеў за стол із двананцацьма ву́чанікамі. 21 I, як яны елі, сказаў: „Запраўды кажу вам, што адзін із вас ізрадзе Мяне". 22 Яны вельма засмуціліся й пачалі́ казаць Яму, кажны зь іх: „Ці ня я, Спада́ру?" 23 Ён жа, адказуючы, сказаў: „Хто мачае з Імною руку́ ў місе, тый ізрадзе Мяне. 24 Запраўды Сын Людзкі́ йдзець, як напісана празь Яго, але бяда таму чалавеку, што ізраджае Сына Людзкога; валей было б не радзіцца таму чалавеку". 25 Пры гэтым і Юда, што ізраджаў Яго, сказаў: „Ці ня я, Раббі?" Кажа яму: „Ты сказаў".
26 I як яны елі, Ісус узяў букатку і дабраславіў, паламіў, і даў ву́чанікам, і сказаў: „Вазьміце, ежча, гэта ё цела Мае". 27 I, узяўшы чару, і падзяку ўчыніўшы, падаў ім і сказаў: „Піце зь яе ўсі; 28 Бо гэта ё кроў Мая новага Закону, за шмат каго выліваная на дараваньне грахоў. 29 Кажу ж вам, што адгэтуль ніяк ня буду піць із плоду гэтага віна аж да таго дня, калі буду піць із вамі новае ў гаспадарстве Айца Свайго".
30 I, запяяўшы, пайшлі на гару Аліўную.
31 Тады кажа ім Ісус: „Усі вы празь Мяне спакусіцеся гэтае ночы, бо напісана: 'Вытну пастыра́, і рассыпяцца авечкі чарады'. 32 Па ўскрысеньню ж Сваім выпераджу вас у Ґалілеі". 33 Пётра ж, адказуючы, сказаў Яму: „Калі ўсі спакусяцца празь Цябе, я ніколі не спакушуся". 34 Ісус сказаў яму: „Запраўды кажу табе, што гэтае ночы ўперад, чымся запяець пятух, трэйчы запрэшся Мяне". 35 Кажа Яму Пётра: „Хоць бы я меў паме́рці з Табою, ніяк не запруся Цябе". Падобна казалі і ўсі ву́чанікі.
36 Потым прыходзе зь імі Ісус на месца, званае Ґефсыманя, і кажа ву́чанікам: „Пасядзіце тут, пакуль Я пайду памаліцца там". 37 I, узяўшы із Сабою Пётру а абодвых сыноў Зэведэевых, пачаў смуціцца а тужыць. 38 Тады кажа ім: „Глыбака смутная душа мая аж да сьмерці, пабудзьце тут з Імною і будзьце чука́выя". 39 I, адышоўшыся крыху, паў на від Свой, маліўся й казаў: „Войча Мой! калі льга, няхай абмінець Мяне чара гэтая; ня як Я хачу, адылі́, але як Ты". 40 I прыходзе да ву́чанікаў, і засьпяець іх сьпячых, і кажа Пётру: „Ці так не маглі вы вытрываць адну гадзіну з Імною, каб ня спаць? 41 Будзьце чукавыя й маліцеся, каб ня ўвыйсьці ў спакусу. Запраўды дух бадзёры, але цела млявае". 42 Яшчэ, адышоўшыся ўдру́гава, маліўся, кажучы: „Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Імне ня піць яе, няхай станецца воля Твоя". 43 I, прышоўшы, засьпяець іх ізноў сьпячых, бо ў іх вочы ацяжэлі. 44 I, пакінуўшы іх, адышоў ізноў і маліўся трэйці раз, кажучы йзноў гэта самае слова. 45 Тады прыходзе да ву́чанікаў Сваіх і кажа ім: „Сьпіце ж а супачывайце, вось, дабліжылася гадзіна, і Сын Людзкі́ будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 46 Устаньце, ідзіма: вось, дабліжыўся тый, што Мяне ізраджае".
47 I, як яшчэ гу́каў Ён, во, Юда, адзін із двананцацёх, прышоў, і зь ім вялікі груд ізь мячамі а кіямі ад найвышшых сьвятароў а старцоў люду.
48 А ізраджаючы Яго даў ім знак, сказаўшы: „Каго я пацалую, Тый і ё, схапіце Яго". 49 I, якга падышоўшы да Ісуса, сказаў: „Здароў будзь, Раббі!" і горача пацалаваў Яго. 50 Ісус жа сказаў яму: „Прыяцелю, чаго прышоў ты?"
Тады падышлі й налажылі рукі на Ісуса і ўзялі́ Яго.
51 I вось, адзін із былых ізь Ісусам, выцягнуўшы руку́, агаліў меч свой і, выцяўшы слугу найвышшага сьвятара, адцяў яму вуха. 52 Тады кажа яму Ісус: „Зьвярні меч свой на месца яго, бо ўсі тыя, што бяруць меч, ад мяча загінуць. 53 Ці думаеш, што Я цяпер ня мог бы прасіць Айца Свайго, і Ён даў бы Імне балей, чымся двананцаць легіёнаў ангілаў? 54 Як жа споўняцца Пісьмы, што так мае быць?".
55 Тае ж гадзіны сказаў Ісус грудом: „Бы на разбойніка вышлі вы зь мячамі а кіямі ўзяць Мяне; кажны дзень у сьвятыні Я сядзеў, вучачы, і вы не схапілі Мяне.
56 „Гэта ж усе было, каб споўні́ліся пісаньні прарокаў". Тады ўсі ву́чанікі, пакінуўшы Яго, уцяклі.
57 А тыя, што ўзялі́ Ісуса, завялі Яго да Каяфы, найвышшага сьвятара, ідзе зьберліся кніжнікі а старцы.
58 Пётра ж ішоў за ім зда́леку, аж да двору найвышшага сьвятара; і, увыйшоўшы ўнутр, сеў із паслугачымі, каб бачыць канец.
59 Найвышшыя сьвятары а старцы а ўвесь сынэдрыён шукалі хвальшывага сьветчаньня на Ісуса, каб зрабіць Яму сьмерць; 60 I не знаходзілі; і не знайшлі, дарма́ што шмат хвальшывых сьветак прыходзіла. Але, наапошку, прышло двух хвальшывых сьветак. 61 I сказалі: „Ён казаў: 'Магу абурыць дом Бо жы і за тры дні пастанавіць яго'".
62 I, устаўшы, найвышшы сьвятар сказаў Яму: „Нічога не адказуеш на тое, што яны на Цябе сьветчаць?" 63 Ісус маўчаў. I найвышшы сьвятар сказаў Яму: „Запрысягаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?" 64 Ісус сказаў яму: „Ты сказаў; нават кажу вам: адгэтуль абачыце Сына Людзкога, на правіцы моцы седзячага і прыходзячага на булакох нябёсных". 65 Тады найвышшы сьвятар разьдзер адзецьці свае й сказаў: „Ён блявузґае! нашто яшчэ нам сьветкі? во, цяпер вы чулі блявузґаньне Ягонае! 66 Як вам здаецца?" Яны ж, адказуючы, сказалі: „Вінен сьмерці".
67 Тады плівалі Яму ў від і поўшылі Яго; а іншыя білі далонямі рук сваіх, 68 Кажучы: „Прарачы нам, Хрысьце, хто выцяў Цябе?"
69 А Пётра сядзеў у дварэ вонках. I падышла да Яго адна паслужніца, кажучы: „I ты быў зь Ісусам Ґалілеяні́нам". 70 Але ён заперачыў перад усімі, сказаўшы: „Ня ведаю, што ты кажаш". 71 Як жа ён выходзіў на ґанак, абачыла яго другая, і кажа бытым там: „I гэты быў зь Ісусам Назарэцяні́нам". 72 I ён ізноў заперачыў з прысягаю, што ня знае гэтага чалавека. 73 За часінку, падышоўшы тыя, што там стаялі, сказалі Пётру: „Запраўды й ты зь іх, бо й мова твая выдаець цябе". 74 Тады ён пачаў клясьціся а прысягаць: „Я ня знаю гэтага чалавека". I якга пятух запяяў. 75 I Пётра ўспомнеў слова Ісусава, што сказаў яму: „Уперад чымся пятух запяець, трэйчы запрэшся Мяне". I, вышаўшы вонкі, плакаў горка.
|