Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Евангеля подле сьвятога Мацьвея


 

 

Евангеля подле сьвятога Мацьвея

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27
– 28

 

19

1 Як Ісус скончыў словы гэтыя, то адышоў з Ґалілеі і прышоў да граніцаў юдэйскіх, на тый бок Ёрдану́. 2 За ім пайшло шмат грудоў, і Ён уздаравіў іх там.

3 I прыступіліся да Яго фарысэі, і, спакушаючы Яго, казалі Яму: „Ці з кажнае прычыны дазволена камусь адпушчаць жонку сваю ?" 4 Ён, адказуючы, сказаў ім: „Ці ня чыталі вы, што Тый, Хто стварыў іх на пачатку, мужчынаю й жонкаю ўчыніў іх. 5 I сказаў: 'Затым пакіне чалавек айца й маці, і прыліпне да жонкі свае, і будуць двое адным целам'; 6 Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык, што Бог злучыў, таго людзіна́ хай не разлучае". 7 Яны кажуць Яму: „Як жа Масей расказаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе?" 8 Ён кажа ім: „Масей з прычыны калянасьці сэрца вашага дазволіў вам адпушчаць жонкі вашыя; а спачатку ня было гэтак. 9 Але Я кажу вам, што хто адпусьце жонку сваю не за бязулства і ажэніцца з другой - чужаложа; і хто жэніцца з адпушчанай - чужаложа. 10 Кажуць Яму ву́чанікі Ягоныя: „Калі такая справа чалавека із жонкаю, то вале́й не жаніцца". 11 Але Ён сказаў ім: „Ня ўсі зьмяшчаюць гэтае слова, адно каторым гэта дана; 12 Бо ё легчанцы, што нарадзі́ліся таковымі із жывата маці; і ё легчанцы, каторых людзі вылягчалі; і ё легчанцы, што самы сябе вылягчалі дзеля гаспадарства нябёснага. Хто можа зьмяшчаць, няхай зьмяшчае". 13 Тады прывялі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; ву́чанікі ж сварыліся на іх. 14 Але Ісус сказаў: „Пусьціце дзеці, не перакажайце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ё гаспадарства нябёснае". 15 I, узлажыўшы на іх рукі, пайшоў стуль.

16 I вось, хтось, падышоўшы, сказаў Яму: „Вучыцелю добры! што добрага імне зрабіць, каб мець жыцьцё вечнае?" 17 Ён жа сказаў яму: „Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго - Бога. Калі ж хочаш увыйсьці ў жыцьцё, дзяржы расказаньні". 18 Кажа Яму: „Якія?" Ісус жа сказаў: „Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьветч хвальшыва; 19 Сьці айца й маці, і любі прыяцеля свайго, як самога сябе". 20 Маладзён кажа Яму: „Усе гэта рабіў я з маладосьці свае; чаго яшчэ не стаець імне?" 21 Ісус сказаў яму: „Калі хочаш быць дасканальным, пайдзі, прадай маемасьць сваю і раздай убогім; і будзеш мець скарб на нябёсах; і прыходзь а йдзі за Імною". 22 Пачуўшы слова гэтае, маладзён адышоў смутны, бо ён меў вялікую маемасьць.

23 Ісус жа сказаў ву́чанікам Сваім: „Запраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства нябёснае. 24 I ўзноў кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці пераз вушка голкі, чымся багатаму ўвыйсьці ў гаспадарства Божае".

25 Пачуўшы гэта, ву́чанікі Ягоныя вельмі зумеліся й сказалі: „Дык хто ж можа спасьціся?" 26 А Ісус, глянуўшы, сказаў ім: „Людзём гэта немагчыма, але Богу ўсё магчыма".

27 Тады Пётра, адказуючы, сказаў Яму: „Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою, што ж нам будзе?" 28 I сказаў ім Ісус: „Запраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Імною, у вадраджэньню, як сядзе Сын Людзкі́ на пасадзе славы Свае, сядзеце й вы на двананцацёх пасадах судзіць двананцаць пакаленьняў Ізраелявых. 29 I кажны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстры, альбо айца, альбо маці, альбо жонку, альбо дзеці, альбо землі, дзеля імені Майго, адзяржыць сто разоў, і жыцьцё вечнае спадзець яму. 30 Шмат якія першыя будуць апошнімі, і апошнія - першымі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст