01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
16
1 I прыступіліся фарысэі а садукеі і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак ізь неба. 2 Ён жа, адказуючы, сказаў ім: „Як вечарэе, вы кажаце: 'Будзе пагода, бо неба чырвонае'; 3 I нараніцы: 'Сядні нягода, бо неба хмарна чырванее!' Двудушнікі! відзеньне неба вы ведаеце, як адрозьніць, а знакоў пораў ня можаце?4 Род нягодны а чужаложны знаку шукае, і знак ня дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі". I, пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 Перабавіўшыся на другі бок, ву́чанікі Ягоныя забыліся букатак узяць. 6 Ісус сказаў ім: „Глядзіце а сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае". 7 А яны разважалі мяжсобку, кажучы: „Гэта значыцца, што хлеба мы не ўзялі́!" 8 Ведаючы гэта, Ісус сказаў ім: „Чаму разважаеце мяжсобку, о малаверныя, што ня прыне́сьлі букаткаў? 9 Ці яшчэ не разумееце і ня помніце пяцёх букаткаў на пяць тысячаў, і колькі кашоў вы набралі? 10 Ані сямёх букаткаў на чатыры тысячы, і колькі кашолак вы набралі? 11 Як не зацямляеце, што не праз букаткі сказаў Я вам 'Сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а садукейскае'? 12 Тады яны ўцямілі, што Ён сказаў ім не сьцерагчыся закісі букатак, але навукі фарысэяў а садукеяў.
13 Прышоўшы ж да зямлі Цэсары Піліпавае, Ісус пытаўся ў ву́чанікаў Сваіх, кажучы: „За каго людзі маюць Мяне, Сына Людзкога?" 14 Яны сказалі: „Адныя за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў".
15 Ён кажа ім: „А вы за каго Мяне маеце?" 16 Адказуючы, Сымон Пётра сказаў: „Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога". 17 I, адказуючы, Ісус сказаў яму: „Шчасьлівы ты, Сымоне, сыну Ёнін! бо ня цела а кроў аб'явілі табе гэта, але Айцец Мой, што на нябёсах. 18 I Я таксама кажу табе: ты - Пётра, і на гэтай ска́ле Я пастанаўлю Царкву Сваю, і брамы пекляныя ня здолеюць яе; 19 I дам табе ключы гаспадарства нябёснага; і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвяза́на на нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвяза́на на нябёсах". 20 Тады расказаў Ён ву́чанікам Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ё Ісус Хрыстос.
21 Адгэнуль пачаў Ісус Хрыстос паведамляць ву́чанікам Сваім, што Ён мае йсьці да Ерузаліму, і шмат цярпець ад старцоў а найвышшых сьвятароў а кніжнікаў, і быць забітым, а на трэйці дзень ускрэснуць.
22 I, узяўшы Яго, Пётра пачаў Яго ганіць: „Зьмілу́йся над Сабою, Спада́ру! няхай ня будзе гэта з табою!" 23 Ён жа, абярнуўшыся, сказаў Пётру: „Адыйдзі назад ад Мяне, шайта́не! ты Імне спатыкненьне, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое".
24 Тады Ісус сказаў ву́чанікам Сваім: „Калі хто хоча йсьці за Імною, адрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною; 25 Бо хто хоча ўсьцерагчы жыцьцё свае, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне, знойдзе яго. 26 Якая карысьць людзіне́, калі прыдба́е ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзе? Або якую адмену дасьць людзіна́ за душу́ сваю? 27 Бо неўзабаве прыйдзе Сын Людзкі ў славе Айца Свайго з ангіламі Сваімі, і тады аддасьць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.
28 „Запраўды кажу вам: ё некатрыя із стаячых тут, што не паспытаюцца сьмерці, як ужо абачаць Сына Людзкога, у гаспадарстве Сваім ідучага.
|