Галоўная > Тон 2 > Субота (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)
Субота (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
|
ПЯТНІЦА ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Аддаўшы цела на раны і пацярпеўшы цяжкія мукі і гвалтоўную сьмерць, вы, усяхвальныя мучанікі, мучыцеляў пасаромілі і зьнішчылі ідальскія спакусы, прапаведуючы Хрыста, адзінага Бога і Ўладара; і цяпер, супольна з анёльскімі хорамі, прабываеце разам з Ім. (Двойчы) Боскія прапаведнікі Слова, што зьявілася на зямлі, і настаўнікі набожнасьці, навучылі нас разуменьня Боскіх праўдаў і адагналі ад Царквы Хрыстовай ілжывыя вучэньні. Цяпер, блаславёныя і асьвячоныя слугі Тройцы, накіроўвайце ўсіх нас да вечнага жытла. Дагматык. Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душаў нашых. Вершапесьні Вялікую славу здабылі вы сабе вераю, сьвятыя, бо ня толькі ў цярпеньнях перамаглі ворага, але і пасьля сьмерці злых духаў адганяеце і ацаляеце немачы, лекары душаў і целаў. Маліцеся Госпаду за збаўленьне душаў нашых. Божыя пакутнікі, што не палюбілі зямной уцехі, удастоіліся нябесных дабротаў і сталіся суграмадзянамі анёлаў. Малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся нада мною і збаў мяне. Сьвятых мучанікаў малітвамі і ўслаўленьнем Хрыста ўсякая мана разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца. Багародзічны. Збаўляй ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца Дзева, бо пасьля Бога мы ўсе да Цябе прыбягаем, як да непарушнай сьцяны і заступніцы. СУБОТА РАНІЦАЙ Сядальная песьня 1. Сьвятыя, што на сьвеце пацярпелі мукі ад беззаконьнікаў і адмянілі спакусу ідальскую, апрануліся ў Цябе, які апранаеш неба воблакамі. Малітвамі іх, Збавіцелю, выбаў і нас ад нябачных ворагаў і збаў нас. Апосталы, мучанікі і прарокі, сьвятыя біскупы, блаславёныя і праведнікі, што добра змагаліся і веру захавалі, маючы ласку ў добрага Збавіцеля, маліце Яго, просім вас, каб Ён збавіў душы нашы. Слава... цяпер... Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.
Сядальная песьня 2. Ты, Хрысьце Божа, даў сьвятым Тваім зазьзяць ярчэй за золата, і ў дабрыні Тваёй праславіў блаславёных Тваіх. Малітвамі іх кіруй нашым жыцьцём, Чалавекалюбны, і зрабі, каб нашая малітва ўзьнялася быццам кадзіла, бо Ты адзіны, што спачываеш сярод сьвятых Тваіх. Пакутнікі Хрыстовыя, блаславёная зямля, што напілася вашай крыві, і сьвятыя храмы, што прынялі вашыя целы. На судах вы выкрылі ворага і сьмела прапаведавалі Хрыста. Маліце Яго, Добрага, за збаўленьне душаў нашых. Слава... цяпер... Багародзіца Дзева Марыя, што нарадзіла Хрыста Вызваліцеля і Спаса, малі Ягоную дабрыню разам з апосталамі, мучанікамі і прарокамі, сьвятымі і сьвятамучанікамі, даць нам ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня. Вершапесьні Пакутныя мучанікі, вы пацярпелі да сьмерці за Хрыста і аддалі душы вашыя ў рукі Бога, а вашыя мошчы шануюцца па ўсім сьвеце. Уладары і сьвятары пакланяюцца, і мы, усе людзі, цешымся і ўсклікаем: "Сон праведны перад Госпадам – сьмерць сьвятых Ягоных". Кожнае места і краіна шануюць вашыя мошчы, пакутныя мучанікі, бо вы, пацярпеўшы законна, прынялі нябесныя вянцы і сталіся пахвалою сьвятаначальнікаў, перамогаю для ўладароў, і аздобаю Царквы. Сьвятыя мучанікі ўзялі Крыж Хрыстовы як непераможную зброю і зьнішчылі варожую сілу; атрымаўшы вянцы нябесныя, яны сталіся нашай крэпасьцю і моляцца за нас Госпаду. Слава... цяпер... Прыйдзіце, будзем славіць нязмоўкнымі песьнямі Маці Сьвятла, бо Яна нарадзіла нашае Збаўленьне. Усклікнем: "Радуйся, бо Ты адзіная нарадзіла Ўладара ўсіх, вечнага Бога! Радуйся, бо Ты абнавіла прамаці Эву! Радуйся, чыстая і беззаганная Дзева!" Вярнуцца назад |