Галоўная > Мінэя - Жнівень > 1 жніўня - Працэсія сьвятога Крыжа і памяці сямі мучанікаў Макабэяў

1 жніўня - Працэсія сьвятога Крыжа і памяці сямі мучанікаў Макабэяў


18 красавіка 2008.
ды маці іх Саламоніі і настаўніка іх Елеазара


Вячэрня


На “Госпадзе, Цябе клічу ...”:

Крыжа (тон 4): Сёньня ўсе верныя радуюцца, бо слаўны Крыж явіўся ўсяму сьвету; ён сьвеціць недасяжным сьвятлом, азарае неба і ўпрыгожвае твар зямлі. Царква Хрыстова радасна пяе набожныя гімны і служыць вераю, і пакланяецца сьвятому Крыжу Гасподняму, які ахоўвае яе з вышыні. Узмоцненыя гэтай нябеснай сілаю, наблізімся да Госпада і ўсклікнем: "Дай сьвету супакой і прасьвятлі душы нашыя!"

Хай усё стварэньне радуецца і сьвяткуе, бо сёньня на небе зьявіўся Крыж сьвяты. Ён распасьцёрся над усёй зямлёй і прасьвятляе і зьбірае тых, што зблудзілі. Сёньня людзі з анёламі цешацца, бо Крыжом была разбураная варожая сьцяна і ўсе злучыліся ў адно. Зьзяючы ярчэй за сонца, Крыж прасьвятляе ўсіх ласкаю, праясьняе і збаўляе ўсіх, што з вераю шануюць яго.

Ярчэй за сонечнае зьзяньне пачэсны Крыж сьвеціць усім канцом зямлі і, быццам скіпетр Хрыста Ўладара, накіроўвае нас да апошняе мэты. Той самы Крыж узьняў род людзкі з пекла, паланіўшы яго; перамогшы ворага, ён зьнішчыў дашчэнту гордасьць дэманаў. Сёньня ён аб'яўляе ўваскрасеньне Збавіцеля і прасьвятляе тых, што ўсклікаюць: "Дай супакой сьвету і прасьвятлі душы нашыя!"

Мучанікаў (тон 1). Мучэньні не пахіснулі вяршыняў Закону, што стаяў на сямі стаўпах: перацярпеўшы зьверскі гнеў перасьледавальніка і аддаўшы целы свае на мучэньні, высакародныя юнакі сталіся ахоўнікамі Майсеевых запаветаў.

Набожныя і адважныя юнакі, калі ім адсякалі часткі іхніх целаў, узьнесьлі розум свой над зямлёю. Разам з маці сваёй яны былі ўзмоцненыя вялікай надзеяю, якая і была споўненая. Цяпер яны знайшлі супакой ва ўлоньні Абрагама, праайца свайго.

Блаславёны Елеазар, сем мудрых юнакоў і набожная маці іх, узброіўшыся ў духоўную мужнасьць, сталі супраць ворага на змаганьне дзеля набожнасьці і захаваньня законаў айцоў.

Слава ...:

(Тон 8). Сьвятыя Макабэі ўсклікнулі тырану: "Для нас, Антыёх, ёсьць толькі адзін Уладар – Бог наш, які нас стварыў і да якога вернемся. Іншы сьвет, вышэйшы і больш надзейны за гэты, чакае нас. Бацькаўшчына наша – нябесны Ерусалім, моцны і незьнішчальны, і радасьць наша – жыцьцё з анёламі". Малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся над намі і збаў нас.

Цяпер ...:

(Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: "Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!"


Вершапесьні

(Тон 2). Боскай вадою і крывёю Тваёю, Слова, Царква, быццам нявеста, сьветла ўпрыгожваецца, славячы крыж Твой.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Кап'ю, крыжу, цьвікам і ўсяму, чым цела Хрыстовае было параненае, паклонімся.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Майсей у перамозе над Амалекам крыжападобна ўзьняў рукі свае, даючы такім чынам вобраз Хрыстовых чыстых мукаў.

Слава ...:

(Тон 8). Душы праведных – Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх праайцоў перад Законам і прадзедаў Макабэявых, якіх сёньня ўшаноўваем, – у руцэ Госпада. Гэтыя ўнукі Абрагама, моцныя духам, былі пераймальнікамі веры праайца свайго і да сьмерці змагаліся дзеля набожнасьці. Узгадаваныя ў пашане да Закону, яны асудзілі нязбожнасьць гордага Антыёха і за Закон пацярпелі. Палічыўшы за нішто дачаснае шчасьце ў чаканьні вечнага і захаваўшы чысьціню, яны аддалі ўсё Богу: душу, мужнасьць, розум і маладое цела. Пачэсны корань, з якога вы, Макабэі, узрасьлі! Маці сьвятая, якая нарадзіла сем такіх сыноў! Молім вас, Макабэі разам з вашай маці Саламоніяй і мудрым сьвятаром Елеазарам: "Калі станеце перад Хрыстом, каб атрымаць заплату за вашыя подзьвігі і цяжкасьці, якія вы дзеля Яго перацярпелі, памаліцеся шчыра да Яго за ўвесь род людзкі, бо Ён робіць, як хоча, і выконвае просьбы тых, хто баіцца Яго".

Цяпер ...:

(Тон 8). Сёньня споўніліся словы прарока Твайго, Божа, Майсея, які сказаў: "Гляньце на Жыцьцё ваша, што перад вашымі вачыма!" Сёньня Крыж узьнімаецца, і сьвет вызваляецца ад маны; сёньня ўваскрасеньне Хрыстовае абнаўляецца, і ўся зямля радуецца і, граючы на цымбалах, як некалі Давід, пяе Табе: "Ты, Божа, учыніў збаўленьне пасярод зямлі – Крыж і ўваскрасеньне, якім Ты збавіў нас". Добры, чалавекалюбны і ўсемагутны Госпадзе, слава Табе!


Адпушчальныя трапары

Трапар Макабэяў (тон 1). Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашыя, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.

Трапар Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.

Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...":

Трапар Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Тройчы)


Замест сядальных песьняў з актойху, можна сьпяваць наступныя:

Сядальная песьня 1 (тон 6). Калі дрэва крыжовае было ўзьнятае, асновы сьмерці захісталіся, Госпадзе. Ненаеднае пекла сёньня адпусьціла з трапятаньнем усіх, каго раней паглынула. Славім Цябе, Сыне Божы, бо Ты, Сьвяты, явіў нам збаўленьне Тваё. Зьмілуйся над намі.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 1). Пакланяемся Крыжу Твайму, Чалавекалюбча, да якога Ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты. Ты, Збавіцелю, адчыніў рай разбойніку, які з вераю зьвярнуўся да Цябе: "Успомні мяне, Госпадзе". Прымі, як яго, і нас, якія клічам: "Мы ўсе зграшылі, але ў добрасардэчнасьці Тваёй не пагардзі намі".


Сядальная песьня 2 (тон 6). Сёньня спраўдзілася прарочае слова: вось пакланяемся месцу, дзе стаялі ногі Твае, Госпадзе. Мы прынялі дрэва збаўленьня і атрымалі вызваленьне ад грахоўных страсьцяў малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Некалі Ісус Навін явіў нам вобраз Крыжа Твайго, Збавіцелю мой, калі ён крыжом распасьцёр рукі, і сонца затрымалася, пакуль не перамог ворагаў, што супрацівіліся Табе, Божа. Сёньня тое самае сонца пацямнела, калі ўбачыла Цябе на Крыжы, якім Ты перамог дзяржаву сьмерці і ўвесь сьвет узьняў з сабою.


Канон (тон 6)

Песьня 1

Ірмас. Ізраіль, ідучы па дне марскім, быццам па сушы, убачыў, як фараон, што гнаўся за ім, патануў у бездані, і ўсклікнуў: "Пяём Богу пераможную песьню!".

Прыпеў. Слава, Госпадзе, крыжу Твайму.

Крыжу, верных збаўленьню, пакланяюся, цалую яго горача і абдымаю, і ўсклікаю: "Дрэва блаславёнае Хрыстовае, прасьвятлі маю душу і розум, малюся!".

Знак крыжа явіўся сёньня пераможцам страсьцяў і бесаў. Дзеля гэтага, верныя, з прасьветленымі душамі цалуем яго.

Сьветлымі промнямі зьзяе пачэсны крыж і прасьвятляе тых, што з вераю пакланяюцца яму, і асьвячае душы і целы.

Жыцьцядайны крыж пасылае сьветлыя промні ласкі. Дык падыдзем да яго і прымем прасьвятленьне і вясельле, збаўленьне і адпушчэньне, аддаючы хвалу Госпаду.

Слава ... цяпер ...: Усесьвятая Дзева, што нарадзіла ў целе Хрыста, які пацярпеў дабравольна за нас на крыжы, малітвамі Тваімі збаў тых, што Цябе бласлаўляюць.

Катавасія. Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.

Песьня 3

Ірмас. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе, які ўзьнёс рог верных Тваіх і ўмацаваў нас на камені веры Тваёй.

Калісьці меч быў пастаўлены ахоўваць дрэва жыцьця за непаслушэнства Адама, а крыж нам дарогу да яго зноў адчыніў.

Вачыма, вуснамі і душою, тварам і сэрцам паклонімся ўсе крыжу Жыцьцядаўца Хрыста, якім сьвет асьвячаецца.

Як сказаў прарок, мы, сьвятыні Бога і Ягоныя спадкаемцы, пакланяемся дрэву пачэснага Крыжа і цалуем яго.

Славім у песьнях цябе, крыжу, і молімся сіле тваей: "Вызваль ад варожых сецяў і накіруй да збавеннага прыстанішча ўсіх, што славяць цябе".

Слава ... цяпер ...: Застаўшыся Дзеваю, Ты нарадзіла Сына, які раней за Цябе спрадвеку нарадзіўся ад Бога Айца бяз Маці і быў укрыжаваны цялесна, каб збавіць тых, што зграшылі.

Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.

Песьня 4

Ірмас. "Хрыстос – мая Сіла, Бог і Госпад!" – пачэсная Царква пяе і кліча, і сьвяткуе з чыстым розумам у гонар Госпада.

Хай зямля крынічыць радасьць, хай цешацца дрэвы лясныя, абагаўлёныя сёньня пачэсным Крыжом, што зьзяе ўсім канцом зямлі.

Прасьвятлі нашыя сэрцы, Крыжу, што з прылады сьмерці стаўся для сьвету жыццядайнай і непераможнай зброяй.

Усепачэсны крыжу, боская перамога, прылада нашага збаўленьня, умацаваньне верных, ахвяра Боская, прасьвятлі тых, што пяюць табе.

Неба і зямля цешацца, пакутнікі, мучанікі, апосталы і душы праведных сёньня радасна сьвяткуюць, бо жыцьцядайнае дрэва збаўляе ўсё бачнае і асьвячае ласкаю верных.

Слава ... цяпер ...: Сапраўды Ты, Марыя, явілася Дзеваю і Маці, бо Ты нарадзіла Сына Найвышэйшага, які распасьцёр рукі свае на крыжы і паклікаў да сябе ўвесь сусьвет.

Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе, разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.

Песьня 5

Ірмас. Малюся Табе, Добры, дай Боскаму сьвятлу Твайму зазьзяць любоўю ў душах тых, што, устаўшы зранку, імкнуцца пазнаць Цябе, Слова Божае, сапраўднага Бога, які кліча ўсіх з грахоўнае цемры.

У цэрквах і местах падымем жыцьцядайны крыж і паклонімся яму, каб атрымаць адпушчэньне грахоў.

Сёньня гіне князь цемры, які ня мог стрываць зьзяньня жыцьцядайнага Крыжа, пачэснага скіпетру Боскага Ўладара.

Быццам сьветлая зорка, і пэрла шматкаштоўная, і як сонечнае зьзяньне, усё асьвятляе жыцьцядайны Крыж, які мы цалуем.

Усклікніце, народы, зайграйце, ўсе плямёны, і сьпявайце Богу, які даў нам непарушнае ўмацаваньне – крыж, якому сёньня пакланяемся. Радуемся, верныя, бо дзякуючы яму атрымліваем даброты.

Слава ... цяпер ...: Мы, верныя, ведаем Цябе, Усепачэсная, як пачатак збаўленьня, і бласлаўляем Цябе: Ты нарадзіла ў целе Спрадвечнага, які захацеў быць прыбітым да крыжа.

Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.

Песьня 6

Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!"

Сёньня бачым у цэрквах і местах, быццам боскі ясны сьветач, сьвяты Крыж, і аддаем хвалу Таму, хто ім сьвет прасьвятліў.

Сьмерць гіне, адмяняецца тленнасьць, уцякаюць цёмныя сілы, бо бачаць сёньня выстаўлены пераможны Крыж Хрыстовы, і ня сьмеюць дакрануцца да яго.

Славім у песьнях Цябе, Бога, Уладара і Госпада, які даў нам Крыж, як абаронны мур. Сёньня цалуем яго з радасьцю і вызваляемся ад бедаў.

Слава ... цяпер ...: Прамаці ў раі пакаштавала забароненай стравы і атруцілася зьмяіным ядам. Дзева нарадзіла Начальніка жыцьця і даравала сьвету нятленнасьць і ўваскрасеньне.

Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.


Кандак (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.

Ікас. Той, хто быў узьнесены да трэцяга неба і чуў боскія словы, якіх нельга вымавіць людзкому языку, так піша да Галятаў – тыя, што вывучаюць Пісаньне, хай чытаюць і разумеюць: "Мне няма чым хваліцца, як толькі адным Крыжом Хрыстовым, на якім Ён сваёй Пакутаю забіў нашыя страсьці". Дык і мы таксама будзем трымацца моцна Крыжа Гасподняга і аддамо хвалу яму, бо ён для нас – збавеннае дрэва, непераможная зброя міру.

Песьня 7

Ірмас. Анёл арасіў печ для юнакоў, і загад Божы хальдэйцаў спаліў, а мучыцеля змусіў усклікнуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Паклонімся, верныя, збавеннаму дрэву, усесьвятому Крыжу, які мы сёньня бачым выстаўленым. Анельскія хоры служаць яму, і з яго цячэ асьвячэньне і жыцьцё.

Пераможны Крыж Жыцьцядаўца Хрыста адганяе напады мноства ворагаў і дае перамогу верным людзям.

Прыбягаю да цябе, Крыжу мой сьвяты: прасьвятлі маю душу, і розум, слых і вусны, язык і дыханьне, і вочы мае, і накіруй мяне на шлях да валадарства Хрыстовага.

Славім у песьнях і пакланяемся Табе, і ўзьвялічваем Тваю, Хрысьце, веліч: Ты даў нам, слугам Тваім, Боскі Крыж, невычэрпную асалоду і ахоўніка душаў і целаў нашых.

Слава … цяпер ...: Печ не апаліла юнакоў, даючы нам правобраз сынараджэньня Твайго: Боскі агонь не апаліў Цябе, пасяліўшыся ў Табе, і навучыў усіх пяяць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!".

Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!"

Песьня 8

Ірмас. З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў і ахвяру праведнага вадою спаліў. Ты ўсё чыніш як хочаш, Хрысьце, і мы ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.

Калісьці Якуб даў нам правобраз Крыжа Твайго, Госпадзе, калі блаславіў унукаў сваіх, усклаўшы на іх накрыж рукі, і навучыў людзей славіць крыніцу ласкі. Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары сьпявайце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Невыказны зыход Твой, Хрысьце, і бязьмежная дабрыня! Каб вызваліць людзей ад праклёну і дараваць нятленнасьць,Ты прыняў цела і быў расьпяты на крыжы – блаславёным дрэве, якое славім праз усе вякі.

Боскую перамогу, крыніцу жыцьця, спакусу для зьнішчальніка, сёньня ўсхвалім крыж сьвяты Гасподні, бесаў губіцеля і праганяльніка нязбожных, і апекуна верных людзей.

Слава ... цяпер ...: Убачыўшы, як прыбілі Хрыста да крыжа, білі трысьцінай па галаве і жоўцю паілі, і прабілі Яму бок кап'ём, Дзева ўсклікнула: "Дзе падзелася дабрыня Твая, цудоўнае Слова, больш слаўны за ўсіх сыноў людзкіх?"

Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.

Песьня 9

Ірмас. Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.

За непаслушэнства мы былі аддадзеныя тленнасьці, сьмерць прыйшла да людзей за тое, што не датрымалі Божых запаветаў. Але вось зацьвіў несьмяротнасьцю Крыж Хрыстовы, які мы цалуем.

Вось усячыстае дрэва явілася, моцная надзея верных, збаўленьне ад праклёну, радасьць людзей, пераможца князя цемры. Дык паклонімся яму, верныя, з радасьцю.

Пачаткам блаславеньня, умацаваньнем хрысьціянаў, сьцяной і моцным заступнікам, вызваленьнем ад праклёну, зброяй непераможнай ты сталася для нас, дрэва крыжовае: дык прасьвятлі і асьвяці нас, якія пакланяемся табе.

Слава ... цяпер ...: Хорам і Брама сьвятасьці, Божы Пасад, хмара і сьветач ясны, каўчэг ласкі, Усебеззаганная, пакрый і захавай тых, што пакланяюцца пачэснаму вобразу адзінароднага Сына Твайго.

Катавасія. Багародзіца, Ты - таемны рай, бо Ты бяз высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.


Экзапастыляр (Тон 2). Крыж – ахоўнік усяго сьвету, Крыж – краса Царквы, Крыж – уладароў сіла; Крыж – верных умацаваньне; Крыж – анёлаў слава і дэманаў рана.

Слава ... цяпер ...:

Крыж узвышаецца сёньня, і сьвет асьвячаецца: бо на ім Ты, Хрысьце, што сядзіш разам з Айцом і Духам Сьвятым, рукі свае распасьцёр і прывёў усіх да пазнаньня Цябе. Зрабі годнымі боскае славы нас, якія спадзяемся на Цябе.


Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Пакланяемся з вераю пачэснаму крыжу, які рыхтуе ўсім узыход на неба. Той, хто на ім быў укрыжаваны, далучае да хораў анельскіх тых, што з любоўю славяць Яго. (Двойчы)

Пакланяемся вераю пачэснаму крыжу і славім Уладара, які быў расьпяты на ім. Ачысьцім нашыя душы і вусны, духоўным зьзяньнем Ягоным прасьветлімся і ўсхвалім Яго.

Майсей некалі збавіў Ізраіля, перамяніўшы горыч вады на слодыч і даўшы нам правобраз крыжа. Сёньня мы, усе верныя, маючы вобраз крыжа ў нашых сэрцах, збаўляемся ягонаю сілаю.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 4). Госпадзе, што дапамагаў некалі лагоднаму Давіду перамагчы чужынцаў, дапамагай цяпер верным людзям Тваім, і зброяй крыжоваю зьвядзі долу нашых ворагаў. Пакажы, Добрасардэчны, на нас тваю колішнюю міласэрнасьць. Хай зразумеюць усе, што мы, спадзеючыся на Цябе, перамагаем; і молімся Тваёй Усячыстай Маці, каб нам атрымаць веліч міласэрнасьці.


Вялікае ўслаўленьне

Падчас сьпеву "Сьвяты Божа", сьвятар кадзіць тройчы вакол ахвярніка на якім ляжыць крыж. Пасьля бярэ крыж і выносіць яго паўночнымі дзьвярыма. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма, кажа ўголас:

Сьвятар: Мудрасьць, устаньце!

І сьпявае трапар:

(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.

Людзі паўтараюць гэты трапар двойчы. Тымчасам сьвятар кладзе крыж на прыгатаваным сярод царквы стале, кадзіць вокол яго тройчы, пасьля, стаўшы перад ім, сьпявае тройчы, робячы за кожным разам зямны паклон:

Сьвятар: Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё славім.

Людзі паўтараюць тройчы, а пасьля сьпяваюць наступную песьню, падчас якой усе прысутныя па чарзе падыходзяць пакланіцца Крыжу:

(Тон 2). Прыйдзіце, верныя, паклонімся жыцьцядайнаму Крыжу, на якім Уладар славы Хрыстос рукі расьцягнуў, каб нас вярнуць да першаснага блаславенства, якое ў нас хітрасьцю некалі вораг украў і ўчыніў нас выгнаньнікамі, ад Бога далёкімі. Прыйдзіце, верныя, паклонімся дрэву, якім мы скрышылі галовы нябачных ворагаў; прыйдзіце, усе народы зямлі, каб песьнямі ўсхваліць Крыж Гасподні. Радуйся, Крыжу, поўнае збаўленьне ўпаўшага Адама: табою хваліцца сьвятая Царква перамагае ўсе нягоды сілаю тваёю. Сёньня мы, хрысьціяне, са страхам цалуем цябе і славім да цябе прыбітага Бога, кажучы: "Госпадзе, што быў прыбіты да Крыжа, зьмілуйся над намі, бо Ты добры і Чалавекалюбец".

Літургія


Трапары

Трапар Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.

Трапар Макабэяў (тон 1). Цярпеньнямі сьвятых Тваіх, каторыя яны дзеля Цябе перанесьлі, зьмілуйся над намі і аздараві немачы нашыя, молімся Табе, Госпадзе Чалавекалюбча.

Кандак Макабэяў (тон 2). Мудрасьці Божай сяміаблічныя стаўпы і Боскага зьзяньня сьветачы сямісьвечныя, Макабэі мудрыя, раней за мучанікаў мучанікі вялікія, маліце Бога за нас усіх, каб збавіцца тым, што шануюць вас.

Кандак Крыжа (тон 4). Хрысьце Божа, які з волі сваёй быў узьняты на Крыжы, даброты Твае даруй новым людзям, якія носяць імя Тваё; дай радасьць належным нашым уладам сілаю Тваёю, настаўляючы іх на кожную добрую справу: хай дапамогаю будзе ім Твой Крыж – непераможная зброя міру.


Пракімен крыжа (Пс 27:9,1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой.

Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне.

Верш Макабэяў (Пс 15:3). Да сьвятых, што жывуць на зямлі Ягонай, дзівосную любоў абудзіў Ён ува мне.


Апостал: 1 Кар 1:18-24.


Алілуя крыжа (Пс 73:2,12). Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку прызначыў для сябе.

Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Верш Макабэяў (Пс 33:18). Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.


Евангельле: Ян 3:13-17


Прычасьнік. Хай зазьзяе нам сьвятло аблічча Твайго, Госпадзе. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх. Алілуя, алілуя, алілуя.


Увага: У гэты дзень пасьля Літургіі звычайна бывае Малое асьвячэньне вады.


Вярнуцца назад